Калісьці ...цаць гадоў таму займела гэты водар на алейнай аснове. Абсалютна выпадкова. Не ведаю, наколькі быў арыгінальны, але нанесены на запясці... проста чараваў!
Асабліва незаменны быў у дарозе, якую я без прытоку свежага паветра і да гэтага часу пераношу не надта... А там удыхнуў – і ўсё ОК! Перабівае староннія пахі...
Але, як вядома, усё добрае калі-небудзь заканчваецца. Закончыўся і мой такі любімы водар, схаваны ў тоненькай шкляной трубачцы. Яшчэ пэўны час захоўвала яе, практычна пустую... Дужа хацела б займець яшчэ. Магчыма, такое і прадаецца цалкам легальна, не з рук, як калісьці... Проста не шукала...
І калі праз пэўную колькасць гадоў убачыла ў прыватнай краме гэты водар у выглядзе туалетнай вады, вельмі ўзрадавалася. Панюхала пробнік... Так, ён самы. Свежы. Набыла.
А дома... Дома практычна адразу пасля нанясення "разнюхала" такую задушлівую нотку... Ну не было яе ні ў духах на алейнай аснове, ні ў пробніку. Карацей, зусім не тое атрымала ў выніку. Стаяла бутэлечка ў мяне доўга, карысталася я ёю рэдка. Але расчараванне запомнілася надоўга.
А зараз... Зараз двойчы на мінулым тыдні я ледзьве не задушылася тым пахам. Першы раз – у маршрутцы, другі – у метро. Цікава, гэта зноўку мода на той водар вярнулася?!
Адразу скажу, што я не алергік, пахі ўспрымаю нармалёва. Проста ёсць такія, што натуральна душаць.
А цяпер, шаноўныя знатакі, увага! Пытанне! Хтосьці карыстаецца такім жа водарам? Заўважалі тую ж нотку? Ці ўся справа ў тым, што ўсе мы сутыкнуліся з падробкай, а арыгінал усё такі ж свежы і прыемны? І не душыць?
1