З Новым годам усіх!
А нас – са старымі праблемамі. Зразумела, камунгасаўскімі.
Пачула тут, быццам у нас у чарговы раз змяняецца дырэктар камунгаса. Ну-ну... Як кажуць, не прайшло і паўгода. Каб жа якая карысць хоць калі была ад гэтых зменаў. А то ўжо ў мяне пальцаў на дзвюх руках не хапае, каб пералічыць усіх дырэктараў ЖКГ, якіх памятаю...
... 30-га снежня 2020 года. З раніцы ледзьве цёпленькія 2 падачы і зусім халодныя 2 абраткі. Вада больш-менш цёплая, але не гарачая. Зрэшты, асабіста нам гарачая дастаецца зрэдчас. А плацім, быццам яна - 150 градусаў, ха-ха!
І я, прыгадваючы гады мінулыя, разумею, што невялкі плюс за акном пасля невялікага мінуса – відаць, нагода для таго, каб добра скінуць тэмпературу, ціск і што там яшчэ Вынік – вось ён. Ага, думаю сама сабе, значыць, 31-га снежня, калі будзе ўжо плюс 6 (і ад гэтай тэмпературы проста неверагодна нагрэюцца кватэры! Ха-ха!), нам зусім адключаць ацяпленне і ваду?! А навошта?! Горача ж! Рр-р-р-р--рр-р... Злуюся.
Але, на здзіўленне, 30-га пасля абеду ўсё вярнулася: і цяпло, і вада. Не ведаю, што гэта было: праблемы, генеральная рэпетыцыя, запланавана, але шмат людзей пачало тэлефанаваць і скардзіцца... Не высвятляла.
31-га ў гэтым плане было спакойна, на здзіўленне. Праўда, увечары астыў змеявік у ванным пакоі, але гэтая хохма нам знаёмая. Вада пры гэтым спакойна можа заставацца падагрэтай.
1-га студзеня ўвечары змеявік астыў зноў.
А калі сёння а дзявятай раніцы я зайшла, прабачце, у прыбіральню, мяне ледзь не знесла адтуль халодным паветрам!
Ага, зразумела я, вады няма, труба астыла. І дакладна! Труба - ледзяная, змеявік - ледзяны, вада з гарачага крана - ЛЕ-ДЗЯ-НА-Я!!! Прычына вядомая. Як і з ацяпленнем. На наш няшчасны стаяк, апошні у доме, не хапае магутнасці. Ні па цяплу, ні па вадзе. А плацім мы роўна гэткую ж суму, як астатнія пад'езды. Камунгасаўскі цуд!!! Ррр-р-р-р-р- - другі раз.
Крыху прамыўшы вочы ледзяной вадой (ух!), хапаюся за тэлефонную трубку. 115. Не-а, чарга... А есці ж хочацца, трэба гатаваць, а не чакаць сваёй чаргі.
Хутка-хутка набіраю заяўку на 115.бел (у суме ад мяне з пачатку ацяпляльнага сезона - дзявятая!!!) і іду на кухню. І - о, цуд! Заяўка ствараецца і праводзіцца літаральна за 5 хвілін. Яшчэ хвілін праз 10 з'яўляецца вада. Хвілін праз 20 пачынае бурліць у змеявіку, і ён таксама награваецца.
Радасць?! Ну як вам сказаць... Адносная. Бо праблема-то не вырашаная. І заўтра, у наступныя выхадныя альбо пасярэдзіне тыдня яна зноў праявіцца.
Краем вуха чула, быццам праблема таксама ў маламоцнай помпе. Увесь час тое ж кажу і пра ацяпленне. Але слухаць - няма каму. І тым больш - рабіць. Працягваем змагацца за сваё. Спакой нам толькі сніцца...
2
1