Па той бок журналістыкі / ДАЎНІНА НА АДЛЕГЛАСЦІ ВЫЦЯГНУТАЙ РУКІ

Так склалася, што і Міжнародны дзень музеяў, які штогод адзначаецца 18 мая, лічу сваім прафесійным святам, бо пэўны час працавала ў нашым -- Чэрвеньскім раённым краязнаўчым Мінскай вобласці. За амаль паўгода паспела навучыцца складаць навуковыя пашпарты экспанатаў па пэўнай форме. Паўдзельнічала ў падрыхтоўцы матэрыялаў да кнігі “Памяць. Чэрвеньскі раён”. Распрацавала экскурсію для малодшых школьнікаў “Беларуская хата”. Выпрабавала сябе ў ролі экскурсавода… Словам, да музея ў мяне – самыя цёплыя пачуцці. І не толькі да Чэрвеньскага.
Цікава... А што адбываецца ў гэтых культурных установах уначы? Мо, калі дзесьці схавацца пасля закрыцця, дык можна ўбачыць, як ажываюць экспанаты?! Як паны і паненкі ў старадаўніх строях шпацыруюць па залах, кружацца ў вальсе?! І даўніна, таемная і загадкавая, раптам наблізіцца на адлегласць выцягнутай рукі... Сапраўды, музейная рамантыка – катэгорыя асаблівая.
Спрабую падлічыць, колькі музеяў, а таксама старажытных палацаў, комплексаў наведала за апошніх год дваццаць. Калі браць самыя значныя і разнапланавыя, беларускія і замежныя, лік падбіраецца пад трыццаць!
З пабачанага падчас вандровак па Беларусі прыгадваецца музей-сядзіба майго любімага беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча ў Завоссі і яго Дом-музей у Наваградку. Музей у гонар Якуба Коласа ў Верхменскай школе Смалявіцкага раёна. А якім запамінальным сталася наведванне музея старажытных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі” і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту “Строчыцы”, што ў Азярцы!
 
 
 
 Усім раю! Тут мімаволі адчуваеш дзівосную еднасць з продкамі. Мне пашчасціла пабываць у Мірскім і Нясвіжскім палацах яшчэ да іх рэстаўрацыі, калі ўся старажытнасць, няхай сабе і не параднага выгляду, была навідавоку.
Вельмі ўразілі ў свой час саляны музей у польскай Вялічцы на глыбіні каля 130 метраў, піцерскія Эрмітаж і казематы Петрапаўлаўскай крэпасці, своеасаблівы музей на вадзе – крэйсер Аўрора, Пецяргоф, вежа Гедэмінаса ў Вільнюсе… Парыжскія Луўр і Версаль, суперсучасны “Крыштальны свет Свароўскі” каля Інсбрука ў Аўстрыі,
 
 
 італьянскія музей у Ватыкане і галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі… Па колькасці арыгіналаў у двух апошніх, пра якія ў школьным і студэнцкім узростах толькі чула і чытала, яны пераўзышлі ўсе іншыя, бачаныя мной дагэтуль!
Зусім нядаўна адкрыла для сябе Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей з яго заламі-ўшанаваннямі старадаўняй паштовай станцыі і быту беларусаў-сакуноў.
 
 


 І тут стае таемнасці ды загадкавасці.
Яшчэ адна цікавая мясціна, якая запала ў душу ды так і вабіць да сябе, -- сядзібна-паркавы турыстычны комплекс “Дукорскі маёнтак”, размешчаны ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, дзе ўдала паядналіся старажытнасць і сучаснасць. А яшчэ тут можна пачуцца шляхціцам ці шляхцянкай! І захапіцца далёкай гісторыяй, якая ўладна нагадвае пра сябе нават пошумам лістоты дрэў – вялізных, у некалькі абхватаў.

 
 
 
 
 Што тычыцца Мінска, дык памятным сталася адно з наведванняў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дзе досыць даўнавата ўжо адкрывалася выстава народнага мастака Уладзіміра Стальмашонка. Мы, супрацоўнікі Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, паехалі туды ў суправаджэнні яго дзядзькі, Сямёна Майсеевіча Стальмашонка (вечная яму памяць!) – легендарнага чалавека, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, персанальнага пенсіянера рэспубліканскага значэння, вядомага старшыні калгаса, ардэнаносца, выдатніка сельскай гаспадаркі БССР. Столькі год прайшло, а сэрца памятае цеплыню таго мерапрыемства…
Падчас курсаў павышэння кваліфікацыі амаль 10 гадоў таму разам з новымі знаёмцамі – калегамі Варварай Чаркоўскай з Салігорска і Ірынай Каваленка са Случчыны -- наведалі музей Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці Мінска. У адной з яго залаў мне давялося нават стаць для маіх спадарожніц экскурсаводам, паколькі падчас працы ў раённым музеі цікавілася радаводам паэта. А як жа інакш, калі яго маці, Марыя Мякота, родам з нашага Ігумена, сучаснага Чэрвеня?!
А вось аб чым шкадую, дык гэта аб тым, што не давялося папрацаваць у рэспубліканскіх архівах. Уяўляю сабе, колькі таямніц яны захоўваюць! А так хочацца адшукаць пабольш звестак з гісторыі Ігуменшчыны-Чэрвеньшчыны, з уласнага радаводу.
І няхай сабе аплата працы музейных работнікаў сваім памерам далёкая ад ідэалу, але затое якой цікавай справай яны займаюцца! У большасці сваёй гэта апантаныя (ў самым добрым сэнсе!) людзі.
Таму ўсіх супрацоўнікаў музеяў і музейных пакояў, комплексаў, палацаў і замкаў -- з прафесійным святам! Пабольш вам цікаўных і ўдзячных наведвальнікаў, годных заробкаў, новых адмысловых экспанатаў і яшчэ шмат сапраўдных адкрыццяў!


 
  • elina, 20.05.2017 21:28 #

    Утульны пост, дзякуй. I Вы такая сонечная. Дзе Вы зараз жывеце? У Чэрвенi?
    ответить на комментарий
  • sonejka-ja, 20.05.2017 21:42 #

    Ой, дзякуй ВЯЛІКІ за кампліменты!!! Вельмі-вельмі прыемна! Так, у Чэрвені....
    ответить на комментарий
    • elina, 20.05.2017 21:54 #

      Я по-русски напишу.  Обратите внимание: под моим комментарием есть кнопочка "ответить". Нужно нажимать на неё, если хотите, чтобы адресат увидел. А так получается, что ответили сами спбе, и я зашла на пост еще раз случайно. Еще хотела спросить: Вы сами были во всех европейских музеях, которые перечислили или просто как пример привели?
      ответить на комментарий
      • sonejka-ja, 20.05.2017 22:04 #

        :)))))) Я яшчэ невопытны блогер, прабачце... У адрозненне ад Вас! Вау!!!!!!!!!!!!!!! Уражвае колькасць допісаў!!!!! Так, была сама... Я раней шмат вандравала... І па Беларусі, і за межамі... І гэта я яшчэ не ўсе пералічыла! :))))
        ответить на комментарий
        • elina, 20.05.2017 22:34 #

          Вот правильно нажали, вижу в ленте теперь. Пишите про свои путешествия, еще и фото вставляйте. Мне интересно.
          ответить на комментарий
          • sonejka-ja, 21.05.2017 20:08 Комментарий удален автором блога.
          • sonejka-ja, 21.05.2017 20:10 #

            Дзякуй! Пакуль захоплена "дачнай адысеяй" :))) Так што наступныя допісы будуць адтуль! :))))
            ответить на комментарий
  • sonejka-ja, 20.05.2017 22:02 Комментарий удален автором блога.
    • sonejka-ja, 20.05.2017 22:03 #

      Штосьці гэтыя кнопачкі не слухаюцца пакуль... :))))
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
11 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}