Па той бок журналістыкі / ГУДЗЕ БЕНЗАКАСА, А САЛАВЕЙ – СПЯВАЕ…

 
Для чаго многія гараджане едуць на дачу, на сядзібу, на ўласныя соткі? Хтосьці – для адпачынку, хтосьці – на шашлыкі, хтосьці – забяспечваць харчовы дабрабыт сям’і шляхам пасадкі і догляду агародніны, садавіны ды іншых раслінаў…А многія маюць на мэце проста пабыць у адзіноце і цішыні.
Першае ўсё часцей вырашаецца за кошт высозных платоў, і пажадана – з усіх чатырох бакоў участка. Прычым вырабляюцца яны з самых розных матэрыялаў. Ёсць драўляныя, жалезабетонныя і нават… шыферныя. Апошнія хаця і выглядаюць зусім непрэзентабельна, затое сваю ролю ў забеспячэнні гаспадароў адзінотай адыгрываюць таксама выдатна. Чаго пазбаўлены ўладальнікі платоў з сеткі-рабіцы альбо з любога матэрыялу, толькі невысокіх. Цікаўныя суседзі ніводзін крок не прапусцяць! І здаецца, што ты па-ранейшаму на працы, пад пільным прыглядам кіраўніка.
З цішынёй яшчэ больш праблематычна. І справа не толькі ў такіх перажытках мінулага, як магнітафон на акне ў суседа на ўсю магутнасць ці музыка (часам – цяжкі рок ды іншае) з радыё, альбо з дыска, флэшкі ў машыне, прыпаркаванай непадалёк. І нават не ў гучных размовах, а то і сварках суседзяў, якія спрактыкаванае вуха нават не ловіць.
Тэхніка. Магутная, сучасная. Усе гэтыя бензапілы-балгаркі, электракосы, касілкі і г.д. Не пачуць іх на дачным участку, асабліва – у выхадныя, рэдкая радасць. Абавязкова камусьці трэба касіць, касіць і касіць, бывае – ледзь-ледзь адрослую траву. Ну, добра, мабыць, калі сам “касец” атрымлівае ад гэтага маральнае задавальненне. Хаця трава сёлета і сапраўды “хітрая”. Удзячная водным залевам мая, расце, здаецца, пад позіркам. А жоўтыя прыгажуны-дзьмухаўцы касі-ні касі, ірві-ні рві, з гонарам узнімаюць свае галовы літаральна на наступны дзень!!! :)))
Памятаю, як колькі гадоў таму ў  Дзень друку, 5-га мая, наш камунгас зрабіў мне своеасаблівы падарунак: каля шматпавярхоўкі, акурат пад маімі вокнамі і ў найбліжэйшай бачнасці, пакасілі траву. Даволі рана атрымалася. Звычайна першыя пакосы прыпадаюць на лета.
Шчыры і адказны працаўнік (а такіх насамрэч мала) некалькі дзён так старанна выкошваў у нашым мікрараёне траву, а разам з ёй і безліч дзьмухаўцоў. Першымі “падняліся” менавіта яны. Літаральна два-тры дні – і ля самай зямлі зноў з’явіліся жоўтыя манеткі. Далібог, загадка! Пакошана было вельмі нізка. Пасля яны падняліся яшчэ вышэй, надзьмуліся белымі шарыкамі з парашуцікамі. Зараз стаяць адны высокія былкі. Услед за імі вымахала лекавая расліна, але ў нас – проста пустазелле пад назвай “пастуховая сумка”.
Той жа малюнак – і на дачных участках ды пры іх. Вось чаму электракосы не змаўкаюць там дзень пры дні. А радасны роў бензапіл сведчыць аб нарыхтоўцы дроў альбо аб бясконцым будаўніцтве-рамонце. На дачах гэта – сапраўды бесперапынны працэс, расцягнуты на дзясяткі гадоў.
Карацей, да такіх гукаў і хацелася б прывыкнуць, але – ніяк. Толькі дзіва не ў гэтым. А ў тым, што іх, бывае, нават перакрываюць… птушкі. Шчабятанне ластавак і цырыканне вераб’ёў над галавой. Куванне зязюлі (ад нашых дачаў лес зусім блізка). Яно то аддаляецца, то ўзмацняецца. А вось заклапочанае “ку-ку” і зусім побач. Так і ёсць! Зязюля прызямлілася проста на яблыню! Пагойдалася на галінках, “паразмаўляла” – і паляцела далей.
Але сама дзівосная наша прыемнасць – салавей. Сёлета ён пачаў свае канцэрты даволі рана. І – даволі блізка: у кустах на суседнім участку. Калі я чую салаўя, так лёгка і прыемна становіцца на душы… Абавязкова перапыняю працу, хаця б на некалькі хвілін, каб услухацца ў яго голас сэрца… А бывае і такое, што дзесьці ў аддаленасці гудзіць бензакаса, а салавей – спявае! І – перакрывае, вядома. Не гучнасцю – меладычнасцю.
Ну, і цікавыя “спевы” яшчэ выдаюць не з такой ужо і далёкай копанкі… жабкі. Гэтыя як завядуцца – і смех, і грэх. “Курапы турчаць” -- так па смаленскай завядзёнцы называе гэтае дзейства мама. І яго таксама варта паслухаць…
Ды што гэта я ўсё пра гукі ды пра гукі... Айва зацвіла!!!! І адразу ўзніклі асацыяцыі з японскай сакурай... :)))


 
  • 6
  • интересно
  • sonejka-ja
  • 22 мая 2017 10:20
Ответить автору поста
sonejka-ja
26 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}