Па той бок журналістыкі / “ГЭЙ, КАРМІЦЦА, ВЕРАБЕЙ!”

Ёсць у нас на дачы верабей. Дрэсіраваны. Адзін такі... Заўсёды гатовы карміцца. Ну, што такое лічынкі хрушча – дачнікам тлумачыць не трэба... Бр-р-р-р-р-р-р!!! Брыдота!!!! А для вераб’я – найлепшы ласунак.
Адшукаецца такая пры перакопцы альбо ў перагноі – і тата пачынае свістаць адмысловым чынам.


 
І практычна адразу ж з’яўляецца ён – верабей. Прычым вакол іх мора сноўдае. На свіст жа падлятае і забірае сваю “смакату” адзін. Ледзь не з рукі.

 
Прывучыўся ж яшчэ два гады таму, калі ў нас на дачы здарылася літаральна нашэсце тых лічынак. А было ўсё так...
... На працягу некалькіх дзён падчас перакопкі дачных сотак пад самыя разнастайныя агародныя культуры мы вялі “апошні бой”... з лічынкамі майскага хрушча. Гэтая напасць напаткала нас яшчэ колькі год таму. І, на жаль, сталася сапраўднай праблемай.
Найперш яны пазбавілі нас большай часткі кустоў трускалак і садовых суніц. Даспадобы прыйшліся ім карэнні раслін. Спачатку не маглі даўмецца, чаму ўчора цалкам жыццярадасны кусцік на наступны дзень выглядае паныла, а пасля, нягледзячы на шчодры паліў, і ўвогуле засыхае. Але капануўшы раз, другі, убачылі: ляжыць скручаная ў паўкольца брыдота з лапкамі.
А сёлета жах працягнуўся. Ды  з якой сілай! Вырашылі выкапаць старую ажыну на ўзмежку. А пад яе каранямі лічынак хрушча аказалася – відзьма-нявідзьма! За адзін толькі дзень тата выкапаў іх больш за 70! Яшчэ больш за 20 трапілася пад рыдлёўку мне.
Капаючы ўчастак пад бульбу, заўважылі: адкінеш іх ад сябе, а праз некалькі хвілін па лічынку прылятае верабей. Дзёўб-дзёўб, у дзюбу – і панёс за межы ўчастка. І якое ж у той дзень пачалося кармленне! Вось дзіва дзіўнае: нідзе нікога паблізу няма. Складзеш кучку з 7-10 лічынак – і раз-пораз “пасвіш” іх, каб не распаўзаліся. Але вось і пайшоў працэс! Ляцяць спрытныя вераб’і, адзін за другім. Забяруць усіх! Затым зноў зацішша. А пасля – іх персанальны “абедзенны перапынак”.
Бывала і такое: стаміўшыся чакаць, пачынаеш клікаць. “Цыпа-цыпа-цыпа!” (дзеля смеху) ці штосьці яшчэ. І дзейнічала! Калі ж, наадварот, лічынкі пэўны час не трапляліся, нахабныя вераб’і смела лезлі пад рукі, пад рыдлёўку ў пошуках спажывы. Не ведаю, па колькі ў той дзень з’еў кожны з іх, але на свае вочы бачыла, як на ўчастку сядзелі ўжо шэрыя, яўна перакормленыя шарыкі.
А якія ж розныя гэтыя птушкі! І сапраўды, паназіраеш за імі, паслухаеш іх цырыканне ды і зробіш высновы: ну як у людзей! Вось на каньку сядзіць адзін з прадстаўнікоў сямейства. Чысціцца так, што пер’е ляціць на лаўку. Добра, не штосьці іншае, хаця ўсякае здараецца! :))) А пасля заводзіць сытым голасам песню-аповед. І хочаце – верце, хочаце – не, але чула я выразнае: “Еў! Еў! Еў!” “Прызнаецца, значыць, -- падумалася. -- Сумленны. Маўляў, мяне не завіце і не карміце. Я ўжо еў!” А іншы скача прама ля ног і нахабна-аднаасобна-эгаістычна выводзіць: “Мне! Мне! Мне!” Але паспрабуй затым разбярыся, хто з іх еў, а хто галодны...

 
Цікава, што ў апошні дзень капання зямлі да вераб’ёў паспрабавалі далучыцца шпакі. Але дзе ж што ўхопіш за гэтымі пранырамі! Пакуль шпак паважна крочыць па зямлі, здалёк пракладаючы маршрут да лічынкі, верабей  -- шусь! І панёс. А шпак толькі галавой круціць: куды падзеўся ласунак?! Як кажуць, і смех, і грэх.
Гэта, зразумела, аптымістычны бок нататкаў дачніцы. А па шчырасці, не да смеху. Хоць і скармілі вераб’ям у агульнай складанасці пад дзве сотні лічынак хрушча, але меней іх, на жаль, не становіцца. І зноў бачны паніклыя кусты трускалак. Не дапамагае цыбуля і часнок, па парадах з інтэрнэту пасаджаныя побач. Побач з кустамі канюшыны пад дрэвамі спакойна выводзяцца маленькія лічынкі. Падсыпанае пад ягадныя кусты яечнае шкарлупінне таксама перашкодай не сталася.
Засталося яшчэ з больш-менш рэальнага, не хімічнага, праверыць разведзены ў вадзе ёд. Але і тут, у інтэрнэце, меркаванні па гэтаму спосабу надта палярныя. Адны сцвярджаюць, што дапамагло, іншыя, што не.
Прачытала таксама, што віной такога развядзення лічынак можа быць перагной. Сапраўды, мы даўно выкарыстоўваем яго на ўчастку. Прывыклі, адмаўляцца не хочацца. А што датычыцца механічнай перакопкі ды знішчэння (у нас – з дапамогай вераб’ёў), дык, здаецца, іх меней і не становіцца. Ды і глыбока некаторыя закапаліся, глыбей за штык рыдлёўкі. І што далей рабіць з гэтым нашэсцем – незразумела...
А вось сёлета знаходзілі тых пачвар няшмат. Лік ішоў ужо толькі да дзясяткаў, а не да сотняў... І верабей спраўляўся з усімі сам, аднаасобна! :)))

 

 
  • Elena-Leopold, 20.06.2017 17:06 #
    +1
    1
    Какой классный помощник! Да и товарищи у него - не промах!))) А я только синичек с руки кормлю (голуби - не считаются), а вот воробышки какие-то трусоватые всегда попадаются))))))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 20.06.2017 17:10 #
      +1
      1
      Дзякуй! А наш такі нахабны!!!! Як няма нічога, дык цяпер ляціць прама ў твар! Толькі паспявай адхіляцца! :)))) Аднойчы давялося нават рэшткамі пшонкі карміць, каб толькі адстаў! :)))
      ответить на комментарий
      • Elena-Leopold, 20.06.2017 17:17 #

           Кто-то кур да свинок разводит, а кто-то белок с воробьями и синичками))))))))))))  
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 20.06.2017 22:28 #
          +1
          1
          Клас! :))))))
          ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
11 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}