Па той бок журналістыкі / Ілля-прарок разбушаваўся, або Як на Чэрвеньшчыне зноў лес пацярпеў. (Фотарэпартаж, які так і не пабачыў свет... :((()

... Вяртаючыся трэцяга жніўня з камандзіроўкі ў свой Чэрвеньскі раён, прыснула ў маршрутцы. А калі расплюшчыла вочы, не паверыла ўбачанаму! Уздоўж трасы “Мінск-Магілёў” за 10-15 кіламетраў да райцэнтра – альбо вывернутыя з коранем вялізныя дрэвы, альбо пераламаныя, як алоўкі. Гэтак увечары другога жніўня палютаваў на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна Ілля-прарок, які, па легендзе, раз’язджае па небу на вогненнай калясніцы і кідае вогненныя стрэлы ў нечысць.


 
Арыентацыя – сонца!
Яшчэ да гэтага часу ў памяці мясцовых жыхароў жахлівыя наступствы ўрагану, які абрынуўся на Чэрвеньшчыну 13 ліпеня 2016 года. За лічаныя хвіліны вецер пазрываў дахі з хат і гаспадарчых пабудоў, паваліў платы і дрэвы ў горадзе і вёсках, а з некалькіх тысяч гектараў прыгожых зялёных лясных насаджэнняў (сярод іх і так званы спелы лес) зрабіў сапраўдную пустэльню альбо прарэдзіў іх частым грэбнем. На дапамогу раёну былі накіраваны лясгасы з пяці абласцей рэспублікі. І вось – новае выпрабаванне стыхіяй.
Дырэктара Чэрвеньскага лясгаса Андрэя Галкоўскага сустракаю на выхадзе з установы. І тое выпадкова: на месцы ён не сядзіць ніколі, а ўжо зараз – тым больш! Пастаянныя званкі на мабільны, пытанні падначаленых... Але вось маленечкі перапынак, калі можна пагутарыць.

 
-- Па папярэдняй ацэнцы, гэтым разам пасля праходжання стыхіі мы маем для распрацоўкі 100 гектараў суцэльных санітарных рубак і 730 гектараў выбарачных, -- тлумачыць Андрэй Мікалаевіч. – У параўнанні з мінулым ураганам зусім няшмат. Думаю, справімся сваімі сіламі, настроены на тое. Але калі міністэрства лясной гаспадаркі паставіць перад намі задачу ліквідаваць наступствы ў сціслыя тэрміны, папросім дапамогі ў суседніх лясгасаў, але ўсё выканаем. Пацярпелі гэтым разам у нас тры лясніцтвы.
-- У якім рэжыме мяркуеце распрацоўваць?
-- (Усміхаецца) Сонца ўстала – сонца села! І без выхадных. Людзі ўсё разумеюць, бо ўжо, можна сказаць, прывычныя: летась пасля ўрагану працавалі ад світанку да цемры. І наш лясгас, і памочнікі з усёй рэспублікі.
-- А калі і ад каго да вас паступіла інфармацыя, што ў лесе зноў бяда?
-- Гадзін з сямі вечара другога жніўня -- ад ляснічых. Затым патэлефанаваў старшыня райвыканкама Андрэй Зубар. Аказваецца, вецер паваліў дрэвы на дарогу ў накірунку вёскі Зайцы і тым самым заблакіраваў праезд камбайнам, якія не маглі вярнуцца з палетак на базу. Мы мабілізавалі два лясніцтвы і даволі хутка вызвалілі шлях і для камбайнаў, і для іншых машын. У райвыканкаме нашай зладжанай і аператыўнай працай засталіся задаволены.
Пажадаўшы Андрэю Галкоўскаму і яго камандзе поспехаў у ліквідацыі наступстваў стыхіі, заўважаю Міхаіла Варэніка, ляснічага аднаго з пацярпелых лясніцтваў – Валмянскага. Прашу сказаць літаральна пару слоў пра абстаноўку на яго тэрыторыі.
-- Пацярпела каля 20 гектараў суцэльных санітарных рубак і каля 300 – выбарачных, -- зазначае Міхаіл Іванавіч. – А ўся тэрыторыя складае 10840 гектараў, з іх 9400 пакрыта лесам. Вось так значна за пяць год маёй працы на гэтай пасадзе зачапіла нас упершыню. А так звычайна патроху. Працуем ва ўзмоцненым рэжыме.
Праца прывычная, ды ў нечым -- гераічная
Паглядзець на ліквідацыю наступстваў і тую самую дарогу на Зайцы накіроўваемся з намеснікам дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жаннай Чарнавец і начальнікам пажарнай лясной станцыі Генадзем Каралькевічам (за рулём).
Улічваючы ўбачанае ў мінулым годзе, сёлетняе як быццам бы і не пужае, але... Лесу шкада...

 
-- У той вечар мы якраз вярталіся з Мінска дахаты, -- прыгадвае Жанна Георгіеўна. – Шмат што пабачыла на свае вочы. Засмуцілася, канешне! Шкада і лесу, і людской працы. Толькі-толькі справіліся з наступствамі мінулагодняга ўрагану – і зноў аўрал. А яшчэ ж колькі давядзецца пасадзіць новага лесу. І колькі год пройдзе, перш чым ён вырасце... Але да новых задач усе людзі паставіліся нармальна. Начальства адразу прыняло правільнае рашэнне, мабілізавалі ўвесь калектыў. Ацанілі маштабы, зрабілі адводы. Працуем зладжана. Мая задача – праверыць, каб усе былі экіпіраваны як след. Ну, і кантроль розных бытавых пытанняў. Хачу падзякаваць усяму нашаму калектыву за руплівую працу, за спагадлівасць!

 
...Уздоўж азначанай дарогі (і да павароту на Зайцы, і за ім) шчыруюць людзі і трактары. І вынік іх працы ўжо бачны! Гудуць бензапілы, кладуцца долу высачэзныя елкі. Ёсць і аб’явы аб небяспечных зонах, дзе праход і праезд забаронены.
Пад’язджаем да ветравальнай лесасекі. Тут працуюць брыгады з Горкаўскага лясніцтва. Даўжэзныя дрэвы лоўка падчэплівае і тралюе трактарыст Уладзімір Ждановіч.

 
 
-- Сёння раніцай, чацвёртага жніўня, нас сюды накіравалі, -- распавядае. – Праца знаёмая. А ў параўнанні з мінулым годам – зірніце! – тут не так і страшна...
Перапыніцца на хвілінку для фота (народ павінен ведаць сваіх герояў!) просім таксама вальшчыкаў лесу Валерыя Ждановіча і Аляксандра Сёмкіна.

 
Першы працуе амаль пяць год, другі – толькі паўгода. Але абодва спрактыкаваныя. Гэта дружнае гудзенне іх бензапіл мы пачулі, пад’язджаючы сюды. Перапынак дарэчы: гарачыня, пот цурком, хаця б яго змахнуць... 28 градусаў – такая тэмпература паветра. Працаваць шмат гадзін пад бязлітасным сонцам – хіба гэта не подзвіг?!
-- А вы гатовы зноўку працаваць без выхадных?! – пытаюся.
-- Канешне! – зладжана адгукаюцца хлопцы.
І дружна паціскаюць плячыма. Маўляў, што за пытанне? Калі трэба, значыць, трэба...
Тым часам міма праязджае машына галоўнага ляснічага Чэрвеньскага лясгаса Віктара Казакова, які робіць аб’езд пашкоджаных участкаў разам са сваім начальствам з Мінска.

 
-- Калі ўвечары другога жніўня мы вызвалялі дарогі, дык з раніцы трэцяга ўзяліся за распрацоўку ўчасткаў ліній электраперадач, -- распавядае Віктар Віктаравіч. – Бо падзенне дрэў на правады дзе-нідзе сталася прычынай адключэння электраэнергіі ў населеных пунктах Чэрвеньшчыны. А ўслед за намі ішлі энергетыкі, якія праводзілі свае работы па аднаўленню. Да трох гадзін дня мы са сваёй часткай работы справіліся. Адначасова працягвалі абследаваць тэрыторыі і ацэньваць маштабы шкоды ад стыхіі, рабілі адводы, пачыналі высечкі. Часткова праехаліся ўжо ўвечары другога жніўня, пасля – з шасці раніцы трэцяга. Запрасілі спецыяліста з Чэрвеньскага  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з квадракоптарам, зрабілі здымкі. Працуем...


У межах прамога вугла, які ўтвараюць дзве дарогі, шчыруюць брыгады з Натальеўскага лясніцтва. Адзін з лепшых яго трактарыстаў, Аляксандр Шлыкевіч, мае 17 год стажу і вялікі вопыт ліквідацыі наступстваў стыхіі.
-- Як вам гэты буралом у параўнанні з леташнім? – цікаўлюся.
-- Маленькі, -- махае рукою Аляксандр.
-- А колькі іх увогуле на вашым рахунку?
-- Мабыць, пяць ці шэсць. Як пачалося з першага, так і працягваецца...
Услед за татам абраў прафесію трактарыста і яго сын Іван. Трохі парабіў да службы ў арміі, а затым назад у Чэрвеньскі лясгас вярнуўся. “Фактычна дынастыя?!” – падумалася. І, як аказалася, яна мае ўсе шанцы папоўніцца.
-- Зірніце, які сын палка! –усміхаецца Жанна Чарнавец, паказваючы на экіпіраванага хлопчыка.

 
А гэта яшчэ адзін сын Аляксандра Шлыкевіча – Юра. Прыехаў маральна тату падтрымліваць. Ну, і вучыцца заадно. Чаму? А зараз даведаемся!
-- Юра, колькі табе год? – пытаюся.
-- 14. Я ў Новазелянькоўскай школе вучуся.
-- А кім марыш стаць?
-- (Хутка і не задумваючыся) Трактарыстам!
-- Не можа быць! – выгукваю.
І мы дружна смяёмся.
Цікаўны хлопчык стараецца штораз прыехаць з татам на месца яго камандзіроўкі. Таму гэта ўжо не першы буралом, які ён бачыць на свае вочы.
Ужо ўяўляю сабе, якім будзе першае ў новым навучальным годзе сачыненне Юры Шлыкевіча на традыцыйную тэму “Як я правёў лета”. Спадзяюся, за змест ён атрымае вышэйшы бал!
Дабрацца да перадавога вальшчыка лесу, актыўнага ўдзельніка прафесійных спаборніцтваў Віталя Упіта аказалася зусім няпроста. Узяўшы высокі тэмп, ён доўга не зважаў на нашы маханні рукамі. Тады ўсё ж узняў галаву.

 

Але падысці адразу не атрымалася: трактар наважыўся траляваць драўніну. Пэўны рух ад вальшчыка ў яго бок, які заклікае спыніцца, – і нарэшце я прабіраюся праз лапнік.




-- Ой, няма мне калі ні фатаграфавацца, ні расказваць, -- перакрываючы роў бензапілы, крычыць Віталь.
-- Дзве хвіліны! – паказваю на пальцах.
Прынята.
-- Працую я год пяць, -- пачынае прыгадваць сапраўдны майстар сваёй справы. – Бураломаў многа ўжо давялося ліквідоўваць. Я іх не лічу. Галоўнае ж – праца.
-- Але цяжкая якая!
-- Калі па шчырасці, прывык ужо. Ведаеце, тут калі год вытрымаў, далей не цяжка... Вы прабачце, але час падціскае. А сфатаграфаваць можаце, як я лапкі абразаю...
Адышоўшы на бяспечную адлегласць, літаральна  разяваю рот, назіраючы, з якім спрытам і як прафесійна Віталь Упіт гэта робіць!

 
Безумоўна, і раней назірала за абрэзкай галін – падчас спаборніцтваў, на пустой пляцоўцы, на ашкураным дрэве. Але ў такіх умовах?! Гэта сапраўды вышэйшы клас!!!
Думаеце, гэтак хоча вылучыцца перад аб’ектывам?! Ды не! Яшчэ калі мы пад’ехалі з другога боку і вальшчыкі нас не бачылі, тэмп іх працы ўразіў і захапіў.
Харвестар вам у дапамогу!
А што ж робіцца ўздоўж “магілёўкі”?! Выязджаем на ажыўленую трасу. Ужо многае з таго, што пабачыла напярэдадні, ліквідавана. Бачны спілаваныя дрэвы, расчышчаныя ўчасткі.
Але вось гэты, на фота, усё роўна як з фільма жахаў! Якая сіла стыхіі!

 
А вось адзінокае дрэва не скарылася моцнаму ветру.

 
Удалечыні спрытна працуе харвестар. Толькі падысці да яго, па-першае, нельга па тэхніцы бяспекі, а па-другое, не хочацца адцягваць увагу чалавека ад кіравання хітрай машынай.

 
Мне толькі сказалі, што падчас нашага прыезду на ім працаваў машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны Аляксандр Цярэшчанка.
А дзесьці там, на завалах, шчыруюць яшчэ два харвестары...

 








 
  • ushachy, 17.08.2017 13:31 Комментарий удален автором блога.
  • Elena-Leopold, 18.08.2017 13:03 #

    Очень жалко лес. Посадят, конечно новые деревца, но когда они ещё до настоящего леса вырастут... Сын с однокурсниками в этом году ездили на лесопосадки под Минском, там где в прошлом году ураган прошёлся. Такую вот картинку жутковатую запечатлел.  
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 18.08.2017 15:57 #
      +1
      1
      Так, Алена! У нас летась "выкасіла" больш за пяць тысяч гектараў! І Вы не ўяўляеце, колькі такіх жахлівых малюнкаў я назірала на свае вочы. І на  лесапасадках была... А сын дзе шчыраваў -- у Бараўлянскім лясгасе ці на Смалявіччыне? А можа, у нас, на Чэрвеньшчыне?
      ответить на комментарий
      • Elena-Leopold, 18.08.2017 18:29 #

        Кажется, в Боровлянском. Надеюсь, выживут саженцы - дождей вдоволь было этим летом.
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 18.08.2017 21:16 #

          Будзем спадзявацца!!!!
          ответить на комментарий
  • Zveroboy, 19.08.2017 10:46 #

    Люблю лес..может во мне есть что-то от лешего...
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 19.08.2017 19:36 #
      +1
      1
      :)))))) І я люблю! А наконт Лясуна.... Па ФОТЦЫ не бачна... :)))) Тут толькі хтосьці белы і пушысты!!!! :))))
      ответить на комментарий
      • Zveroboy, 19.08.2017 22:00 #
        +1
        1
        Раней наогул рыцарам быў   Гэта наша, адвечна славянскае. Мяняць аблічча у залежнасці ад абставін, аднак заўсёды пры гэтым быць адданым Бацькаўшчыне. 10 вякоў ужо цягнем гэта наўдзячнае ярмо. Самы моцны прыклад - галоўны герой паэмы нашага Міцкевіча - Конрад Валенрод. Гэта мой герой.  Жалезны рыцар, але самотны.
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 19.08.2017 22:02 #
          +1
          1
          Ого-го!!!!!! Вокліч захаплення:)))))) А ў Міцкевіча асабіста я люблю "Свіцязянку", ведаю на памяць...
          ответить на комментарий
          • Zveroboy, 19.08.2017 22:05 #

             Ммм  м...мне трэба ачухацца ад пачуццяў. Даўно такога не было)
            ответить на комментарий
            • sonejka-ja, 19.08.2017 22:13 #
              +1
              1
              Пачуцці, я спадзяюся... добрыя????? :)))))))))))))))))))))) Нішто сабе каментары да такой тэмы... пра тое, як лес паваліла... Праўда?! 
              ответить на комментарий
              • Zveroboy, 21.08.2017 12:28 #
                +1
                1
                А то...самыя добрыя. Як раз днямі глянуў, як ад паваленага лесу зніклі цэлыя цывілізацыі. Дакладней не ад паваленага, але ад таго, што абарыгены высеклі яго каменнай сякерай. Вось так  і лопнуў міф ад індейцах, якія нібыта былі дзяцьмі прыроды і жылі з ёй ў поўнай гармоніі.  
                ответить на комментарий
                • sonejka-ja, 21.08.2017 12:38 #
                  +1
                  1
                  Дзякуй за спасылку!!!! Абавязкова пацікаўлюся... А мне, калі не разглядаць праблему ў сусветным маштабе, проста да слёз шкада нашых грыбных мясцінаў, замест якіх пасля мінулагодняга ўрагану -- пустэльня... :((((
                  ответить на комментарий
                  • Zveroboy, 21.08.2017 14:23 #

                    Шкада...грыбоў...вецер - ён такі...А яшчэ прыносіць і пазітыўныя пачуцці..с правакацыйнымі думкамі ў маёй галаве. Праўда, пасля гэтага нараджаюцца вершы: Ветер, ветер, ты - могуч! ты...а.. Ты гоняешь юбок туч   Ролік закінуць баюся...
                    ответить на комментарий
                    • sonejka-ja, 21.08.2017 14:24 #

                         
                      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
11 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}