Па той бок журналістыкі / Цуд з цудаў дзівосны -- "Матчыны кросны"! (нявыпраўленае)


Услед за мяхамі баянаў тут шырока разгортвалася душа, напаўнялі яе гукі музыкі і роднай мовы.

А ткацкія станкі, здаецца, запрашалі: “Сядай, прыгадай спрадвечнае майстэрства”. Акурат на Яблычны Спас на Старадарожчыне ў сёмы раз прайшло свята-конкурс па ткацтве “Матчыны кросны”, і ўпершыню – са статусам “абласное”.

 ... Яшчэ да яго пачатку на вуліцах, плошчы і ў скверы Старых Дарог віравала жыццё. Наладжваліся ткацкія станкі, афармляліся выставы.
 
 





 Удзельнікі выбіралі зручныя месцы пад шатамі дрэў. Іх чакала трохгадзіннае шчыраванне па стварэнні конкурсных вырабаў. Непадалёк разгортваліся сялянскія падворкі, дзе нагатавана было ўсяго на цэлыя вяселлі (!!!), вырастаў дзіцячы гарадок. У паветры лунала прадчуванне свята.
І яно ажыло -- у шэсці з ручнікамі, словах віншаванняў, народных строях, беларускай мове вядучых і выступоўцаў, ушанаванні народных майстрых Беларусі, чатыры з якіх – са Старадарожчыны.

 Не ўпершыню чую вітанне ад старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, нязменнага старшыні журы Яўгена Сахуты. І штораз да душы яго шчыры зварот “Дарагія людзі!”.
 Удзельнікі першага рэгіянальнага свята “Матчыны кросны”, якое адбылося ў 2000-ым годзе, прыгадвалі, што тады ішоў дождж. Гэтым разам выпрабоўвала на трываласць пякучае сонца і 33 градусы гарачыні. Але і такое надвор’е не напужала: у Старыя Дарогі завіталі каля 150 творцаў з пятнаццаці раёнаў Міншчыны, а таксама з Брэсцкай і Магілёўскай абласцей.
...Шпацыруючы па Гораду майстроў, адзначаю: як шмат сярод удзельнікаў не толькі дзяўчат, але і хлопцаў.
-- Як зацікаўліваеце дзяцей? – пытаюся ў дырэктара Старадарожскага цэнтра рамёстваў Вольгі Давыдкінай.

 -- Гэта вынік сумеснай працы з бацькамі, -- тлумачыць яна. – У нас такія моцныя традыцыі, што дарослыя і дзеці захоплены адраджэннем народных рамёстваў. Займаемся гэтым з часу адкрыцця цэнтра – 20 год!
-- А я заўсёды паўтараю сваім хлопцам, што першымі ткачамі былі мужчыны! – усміхаецца народны майстар Беларусі з Салігорска Валянціна Кучынская. – Яны з такім захапленнем і так акуратна ўсё робяць!


І гэта добра бачна па стараннасці і сур'ёзнасці Уладзіслава Паповіча!
 -- Сябры не дражняць, што займаешся бабулінай справай?! – гэта ўжо да старадаражаніна Дзяніса Рудыка звяртаюся.

 -- Не! – адказвае той.
-- А чаму захацеў навучыцца ткаць?
-- Бабуліны ручнікі ў сям’і захоўваюцца. Мяне працэс зацікавіў. Займаюся ўжо сем год.
Падчас конкурсу ствараліся не толькі тканыя вырабы, але і пляліся паясы. І гэта таксама было захапляльна!
Напрыклад, Ірына Маркушэўская з Горкаўскага сельскага Дома фальклору Чэрвеньскага раёна (народны клуб “Майстры Ігуменшчыны") так цікава распавядала пра абярэжныя чырвоныя паяскі, якія плятуцца на пальцах (!!!), а носяцца на целе пад вопраткай... Абавязкова напішу пра гэта асобна!!!
 
Увагу прыцягваюць майстрыхі з Любаншчыны: усе ў белых хусцінках.

 
-- Галаўны ўбор нашага строю – наміткі і хусткі, -- тлумачыць народны майстар Беларусі Ірына Яскевіч. – Асабіста мне ў ёй вельмі зручна, дзяўчатам таксама падабаецца!
Ля аднаго з ткацкіх станкоў заўважаю намесніка старшыні Старадарожскага райвыканкама Дзмітрыя Давыдава з жонкай Зояй: прыйшлі падтрымаць дачушку Ганначку.

 
-- У нашай сям’і беражліва захоўваюцца тканыя вырабы маёй бабулі, -- распавёў Дзмітрый Давыдаў. – Прыемна, што Ганне гэта неабыякава. Летась яна пісала навуковую працу па ткацтве, якая заняла ў раёне адно з прызавых месцаў.

 Што тычыцца гісторыі з’яўлення “Матчыных кроснаў” -- адкрыю невялікі сакрэт. Першае па ліку свята было маёй дыпломнай працай падчас заканчэння Беларускага ўніверсітэта культуры. Што тычыцца статусу “абласное”, дык яно неафіцыйна даўно ўжо такое: удзельнікі прыязджаюць з розных куточкаў Міншчыны. А паколькі ў нас яшчэ госці з іншых абласцей... Магчыма, наступным разам яно стане рэспубліканскім.
Запыняючыся ля майстроў, пераконваюся ў справядлівасці слоў старшыні журы Яўгена Сахуты: “Наша свята сёння – суцэльны майстар-клас!”

 
 З падворкаў даносіцца заліхвацкая музыка і спевы. Адразу чуваць – народны жартоўны мужчынскі гурт “Чэрвеньскія балагуры”! Але ж і жаночыя галасы падцягваюць. А гэта яны спеліся з народным фальклорным гуртам “Прусаўчанка” са Старадарожчыны! Якая цудоўная імправізацыя атрымалася!

 А яшчэ раней "балагуры" весялілі народ ля ткацкага станка, за якім працавала Таццяна Савонава з Горкаўскага сельскага Дома фальклору Чэрвеньскага ж раёна...
 
Ну, і для "Прусаўчанкі" спецыяльна -- кадр "Дзевяць дзевак -- адзін я, дубль-2!!!" Абяцала...
 А ўвогуле, творчых калектываў на свяце было багата, і ўсе – адметныя.
Вось народны ансамбль народнай песні і музыкі «Случчанскія святкі» скарыў і захапіў яшчэ да выступлення -- шыкоўнымі касцюмамі!!!
 А іх майстрыхі -- слуцкія ткачыхі (класіка!!!) -- выдатным настроем!!!!
 
 
 
 
...Няхай не крыўдуюць іншыя раёны, бо нават тут, у блогу, нельга абхапіць неабхопнае... 500 здымкаў у мяне на фотаапараце... І адпісаны толькі невялікі фрагмент СВЯТА, за якое сардэчная падзяка яго арганізатарам!!!!! 










 
  • 1
  • интересно
  • sonejka-ja
  • 22 августа 2017 12:16
Ответить автору поста
sonejka-ja
11 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}