Па той бок журналістыкі / 25 – у адны рукі, або Хто на вёсцы кнігі чытае

“Калі вы не ідзяце ў бібліятэку, тады бібліятэка ідзе да вас!” А дакладней – едзе. І гэта зусім не жарт! Хто з нецярплівасцю чакае ў аддаленых ад райцэнтра вёсках Уздзеншчыны не толькі аўтакраму, але і бібліятэку на колах?! Пабачыла, пачула, уразілася...

Вельмі люблю бываць у шыкоўным Уздзенскім Палацы культуры. Колькі там прастору! Колькі памяшканняў для мясцовага Дома культуры і бібліятэк – дарослай і дзіцячай! Проста супер! І працуюць там гасцінныя ўсмешлівыя людзі, з якімі я заўсёды рада сустракацца.
Вось і гэтым разам, перш чым выправіцца ў дарогу з выязной бібліятэкай, мы гутарым ва ўтульных крэслах за кубачкамі гарбаты і кавы (без апошняй журналісту – ну ніяк!) з дырэктарам Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса Аксанай Драчан.
Менавіта яна, атрымаўшы прызначэнне на гэтую пасаду ў 2009-ым годзе, пачынала арганізацыю выязных маршрутаў па раёне – на звычайнай, не прыстасаванай пад бібліятэку “Газэлі”. Бегае машынка і па сёння. Толькі, бывае, псуецца...
-- Напачатку мы вывешвалі аб’явы ў крамах, тэлефанавалі людзям, -- тлумачыць мая суразмоўца. – Атрымлівалася далёка не ўсё і не адразу. Больш чытачоў у выязной бібліятэцы стала, калі пачалася аптымізацыя і некаторыя вясковыя стацыянарныя мы вымушаны былі зачыніць з-за малой колькасці наведвальнікаў, якая не давала магчымасці трымаць там стаўку бібліятэкара. З цягам часу ў нас склаліся 13 запатрабаваных маршрутаў – у дадатак да гарадскіх дарослай, дзіцячай і 13-ці вясковых бібліятэк. Ёсць зоны ахопу, дзе чытаюць актыўна. Напрыклад, Сямёнавіцкая. А Цялякаўская адметная тым, што там знаходзіцца бальніца сястрынскага догляду. Людзі ляжачыя, сталага ўзросту. А нашы дзяўчаты такія душэўныя... Гасцінцы ім вязуць, калі адзенне. Нас вельмі чакаюць! Яны расказваюць свае гісторыі. Бывае, нават замуж там нехта выходзіць! Калі ж раптам “Газэль” псуецца і нас дзесьці доўга няма, чытачы хвалююцца, тэлефануюць і просяць прыехаць. Сумна ім без нашых кніг...
-- Аксана Валер’еўна, ці даводзяцца якія нормы бібліятэкару, які абслугоўвае чытачоў на выездзе?
-- У адрозненне ад стацыянарных бібліятэк – не. І заробак ад колькасці не залежыць.
-- Значыць, не мае сэнсу, каб адзін чытач распісваўся і за бабку, і за дзедку, і за суседку?!
-- Так.
-- І ўсё ж назавіце якія-небудзь лічбы для параўнання.
-- Калі вясковая бібліятэка ахоплівае ў сярэднім каля 300 чытачоў, дык бібліятэка выязная -- каля 500. Кніг і часопісаў у месяц развозіцца-выдаецца больш за пяць з паловай тысяч экземпляраў. Мы нават робім асобную падпіску для бібліятэкі на колах. Усяго абслугоўваем 38 населеных пунктаў, у якіх пражывае больш за тры тысячы чалавек.
-- Атрымліваецца, што чытае практычна кожны шосты?!
-- Так.
Пакуль мы гутарым, вадзіцель “Газэлі” Аляксандр Ясковіч, шосты па ліку за час існавання бібліятэкі на колах, і бібліятэкар з амаль 30-гадовым стажам Аксана Івашкевіч заканчваюць загрузку каробак з кнігамі і перыёдыкай у машыну.

 
Пажаданні ўдалай дарогі ад дырэктара Аксаны Драчан – 


 І... ПАЕХАЛІ!
Каля шасці год Аксана Івашкевіч у любое надвор’е вязе кнігі сваім чытачам. Усіх ведае ў твар, завочна знаёма і з многімі іх сямейнікамі.

 -- А не надакучыла за столькі год па адных і тых жа маршрутах?! – цікаўлюся.
-- Не! Мне падабаецца працаваць з людзьмі, я з імі ўжо зраднілася.
-- Не цяжка?
-- Цяжка! Асабліва пры 30-градуснай гарачыні. А ўзімку халодна. Машына ж не прыстасаваная, працаваць даводзіцца з адчыненымі дзвярыма, бо людзі заходзяць і выходзяць.
-- А ў вас у кожнай вёсцы ёсць свае прыпынкі?
-- Ведаеце, мы мала дзе можам сабраць вяскоўцаў разам. Таму пад’язджаем да хаты, і чалавек выходзіць. Калі – адзін, калі хтосьці з суседзяў падыходзіць. Па вёсцы мы не адзін раз спыняемся.
Дазволю сабе невялікае лірычнае адступленне. Ці думалі калісьці нашы продкі, якія збіраліся пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ў хаце-чытальні і прагна цягнуліся да кніг, да ведаў, што да іх нашчадкаў пад самую брамку будзе пад’язджаць бібліятэка на колах?! І што роўна праз стагоддзе далёка не для ўсіх кніга застанецца крыніцай ведаў і сапраўднай каштоўнасцю...
Мерна пакачваючыся ў такт руху “Газэлі”, працягваем далей гутарыць з  Аксанай Івашкевіч.
-- А што чытаюць зараз на вёсцы? Што заказваюць?
-- У асноўным, раманы пра каханне, гістарычныя кнігі, дэтэктывы. Ёсць хаты, дзе любяць кнігі па дамаводству, пра сад і агарод, будаўніцтва. Яшчэ цікавяцца паэзіяй. А ўвогуле, на кожны маршрут камплектуем сваю бібліятэчку – у залежнасці ад пераваг тамтэйшых чытачоў. Іх густы ўжо даўно вывучаны. Ёсць маршруты, дзе шмат чытаюць дачнікі, маладыя людзі, усе слаі насельніцтва. А ў Лашанскай зоне абслугоўвання, куды мы з вамі сёння едзем, у асноўным, пенсіянеры.
-- Ці просяць прывезці літаратуру на беларускай мове?
-- Ой, па шчырасці, лічаныя людзі.
-- Колькі кніг сёння з намі едзе?
-- Штук 100. Мы ж у адной вёсцы прачытанае забяром -- у другую павязём. Атрымліваецца абмен.
За цікавымі размовамі не заўважаем, як прыязджаем у вёску Лоша. Адсюль павінны забраць вясковага бібліятэкара Алену Курсевіч.

Пакуль яна абслугоўвае наведвальнікаў, мы таксама знаёмімся.
Двухгадовая Аўрэлія вельмі любіць бываць з мамай у бібліятэцы.
Маленькія кніжкі з малюнкамі выбірае ўжо з веданнем справы. Ёсць у яе спецыяльны пакет, куды дзяўчынка складае ўсё сваё “багацце”. А пачытаць маму абавязкова папросіць двойчы ў дзень – перад абедзенным і вечаровым сном.
Але вось нарэшце Алена Курсевіч збірае фармуляры..
І мы накіроўваемся ў вёску Даўгінава.
Першы прыпынак – ля хаты, дзе чытаюць тры чалавекі: сёстры Вера і Зоя Марук ды іх мама, Ганна Іванаўна, 1928 года нараджэння, якую яны даглядаюць.
-- Амаль 90 год бабулі – і яна кнігі чытае??? – майму здзіўленню няма мяжы.
-- Так, у нас хапае сталых чытачоў, -- наперабой тлумачаць бібліятэкары. – Па 82, 84 гады. Некаторыя нават без акуляраў чытаюць!
Тым часам да бібліятэкі на колах падыходзіць Зоя,


а трохі пазней – Вера. Кнігі яны прыносяць у вялізных пакетах.
 Бяруць столькі ж, раячыся адна з адной.
Тым часам ад хаты з супрацьлеглага боку даносіцца:
-- Дзяўчаты, а вы бібліятэка ці прадаяце што?
-- Бібліятэка!
-- Дзякуй за інфармацыю, дзяўчаты!
Не чытачы... Зразумела...
Наступнай да машыны падыходзіць Валянціна Якімовіч з малым унукам і просіць лёгкія раманчыкі пра каханне. А што ж унучак?
-- А я не чытаю! – выгуквае, нібы з гонарам.
Зірнуўшы на нашы выцягнутыя твары, яго бабуля са смехам тлумачыць:
-- Не чытае, бо не ўмее!
Пераязджаем да мясцовай крамы, дзе звычайна кнігі для сябе і мужа бярэ яе загадчыца. Пакуль бібліятэкары ідуць у памяшканне, я, скарыстаўшы хвілінку, гутару з вадзіцелем.

 
 -- Саша, а дзе дагэтуль працавалі?
-- У райспажыўтаварыстве. Тады адслужыў у войску, вярнуўся і прыйшоў у аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на легкавое аўто. Некалькі месяцаў таму перайшоў у бібліятэку на колах.
-- Кнігі гэта вашы ляжаць?
-- Мае. Люблю ў вольны час пачытаць дэтэктывы. А электронныя кнігі не па мне.
-- А як па-вашаму, патрэбна такая выязная бібліятэка?!
-- Канешне!
Ля дома Ніны Абражэвіч прагульваюцца дзве маладыя жанчыны з малым. Сама гаспадыня дачнай сядзібы выносіць да машыны ладны стос.
 -- Ого! – не стрымліваюся ад здзіўлення.
-- Не, гэта яшчэ не ўсё! – махае рукой чытачка. – Зараз яшчэ прынясу.
-- А што вы любіце чытаць?!
-- Толькі не пра прыдуманае каханне! Люблю жыццёвыя кнігі, біяграфіі вядомых людзей.
-- І часу хапае? У вас, гляджу, такая прыгажосць на ўчастку зроблена, яе ж падтрымліваць трэба...
-- Узімку чытаю больш. Але і зараз. Тэлевізар гляджу толькі да 21.00. А тады -- за кнігі. Яшчэ мяняюся з тымі, хто таксама бібліятэку на колах чакае.
Пакуль бібліятэкары спісваюць прачытанае і запісваюць новыя экземпляры – 25 у адны рукі! – гутарым з дочкамі-мінчанкамі.

 Аказваецца, Вікторыя – сама бібліятэкар! І раней менавіта яна прывозіла маме кнігі з Мінска.
-- Ацаніце, калі ласка, патрэбу ў выязной бібліятэцы з пункту гледжання сталічнага бібліятэкара, -- прашу.
-- Гэта незаменны спосаб абслугоўвання вясковых жыхароў! – горача запэўнівае мая суразмоўца. – Калі дорага ўтрымліваць тут бібліятэку, а да стацыянарнай далёка, гэта добрае выйсце – ведаю па маме!
Тым часам другая дачка Ніны Абражэвіч, Наталля, экстраная медыцынская сястра, робіць камплімент маёй беларускай мове. Сёстры расказваюць, што ў школе вольна на ёй размаўлялі, і пры здачы іспытаў праблем не было. Але вось не карыстаюцца, бо няма асяродку. Хаця і не супраць...
Развітваемся, як добрыя знаёмцы, прыветна махаючы адна адной рукамі: “Да сустрэчы!”

 У вёсцы з прыгожай рамантычнай назвай Ясень у нас усяго адзін прыпынак. Тут чытае Алена Тарасевіч з мужам Уладзімірам. Пад’ехаўшы да яе дома, вадзіцель Саша сігналіць, як запраўская аўтакрама! І тым самым прыцягвае ўвагу людзей з супрацьлеглага боку.
-- Во, фатаграфуюць. Нашто? – даносіцца сюды.
-- Гэта, мабыць, з сельсавету, -- робіцца вывад.
Па сваю цёзку бібліятэкар Алена Курсевіч ідзе сама. А тая спяшаецца дахаты з супрацьлеглага боку. Абедзве вяртаюцца назад, нагружаныя кнігамі.
 -- Муж на працы чытае, ён вартаўнік і пастух, -- тлумачыць жанчына, -- а я ўвечары. У Ясені мы другі год, а так бібліятэкай карыстаемся двўно. Кніг 20 бяром на дваіх на месяц. Не, не заказваю -- што ёсць...
 Па дарозе на вёску Калінінск заязджаем на ферму – да дзённага вартаўніка Алены Заброцкай. 23 гады яна адпрацавала на свінакомплексе і 3 – на малочнатаварнай ферме. Перадавой даяркай была, узнагароджвалі часта.
 -- Часу для чытання ў мяне-то няшмат, бо ферма пры дарозе, трэба вока ды вока, – тлумачыць. – Але калі вольная хвілінка, дык за кнігу.
-- А што любіце чытаць?
-- Практычна ўсё! Мне ўсё цікава. Малайцы дзяўчаты, што сюды кнігі прывозяць! Я так ім удзячна! Бывае, і па тры разы перачытваю, бо спісу ж не вяду. Набяру-набяру і думаю: ужо чытала. Але цікава ўсё роўна!
У Калінінску пад’язджаем да хаты Таццяны Гурбан, далей – да Марыі Томас.
 І ўсюды адбываюцца цікавыя размовы. І абедзве бяруць літаратуры шмат, абменьваючыся пасля адна з адной.
У вёсцы Гушчына бібліятэкараў чакае Фёдар Васілеўскі. Для разнастайнасці яны выносяць кнігі на лавачку. Ой, не дужа ўдалая наша ідэя: так сонца пячэ, што немагчыма!
Вось і Фёдар Фёдаравіч выходзіць без кашулі. А як жа фота?
-- Надзеньце! – просяць бібліятэкары.
-- Ат, -- адмахваецца чытач, -- не трэба мяне фатаграфаваць.
-- А тады кніг не дадуць! – з цалкам сур’ёзным выразам твару прыводжу жалезны аргумент.
І – о цуд! – спрацоўвае.
 -- Як даўно чытаеце, Фёдар Фёдаравіч? – пытаюся, пакуль ён кнігі выбірае.
-- Ды з дзяцінства прывык.
-- А што?
-- Дэтэктывы, раманы. Ну, і што яшчэ патрапіць цікавага. Вельмі трэба нам такая паслуга, няхай ездзіць машына. Бо як жа мы будзем без кніг?! Ужо гады не тыя, каб куды ісці ці ехаць...
З Гушчына вяртаемся ў Калінінск, толькі заязджаем з іншага боку. Вялікая вёска! З чарговай хаты выходзіць Таццяна Меднікава. Яна заказвала раней па спісу кнігі для дачкі-школьніцы Настассі. Цяпер з задавальненнем забірае прывезенае – не трэба ехаць у горад.
 -- Мы з мужам самі любім чытаць і нашы дзеці, -- кажа. – Ведаеце, а ў мяне мама рабіла бібліятэкарам! Я сама працую на ферме. Так атрымалася, што ў школе я больш праграмную літаратуру чытала. Бо тады ж бацькам дапамагалі. А колькі палолі калгасных буракоў! Цяпер жа люблю пачытаць, асабліва раманы пра каханне...
... Іх было значна больш – тых сустрэч і цікавых размоў. З 42 чалавек у Лашанскай зоне абслугоўвання мы паспелі наведаць 23. З-за стасункаў дужа зацягнута па часе атрымалася. А на дыктафоне засталося больш за 30 файлаў.
Але вось пра аднаго чытача хачу расказаць асобна. Не называючы імя-прозвішча і вёску. Не ў гэтым справа. А ў тым, што таварыш прыйшоў у мікрааўтобус, мякка кажучы, добра нападпітку. Вочы глядзелі і мала што бачылі. Але!!! Пры гэтым ён пацэліў на сцежку, што вядзе да самотнай хаты, і беспамылкова прынёс кнігі, якія трэба мяняць! Яшчэ нават спрабаваў штосьці сам выбраць.
-- Ну, і з якой нагоды ты сёння? – ушчувальна спыталася Аксана Івашкевіч, бібліятэкар з Узды.
-- А я не сёння, я яшчэ з учора, -- пачулася ў адказ.
Не буду пераказваць увесь дыялог, падчас якога сядзела ціха. Як мышка пад венікам, а па заканчэнні зрабіла камплімент бібліятэкару:
-- Як вы ўмееце размаўляць з п’янымі! А не страшна вось так ездзіць?!
-- Вы ж бачыце: ён не агрэсіўны. А ўвогуле, першы раз у такім выглядзе, хаця і ўжывае часта.
-- І вы думаеце, што калі працверазее, кнігі будзе чытаць?!
-- Так. Прачытае. І наступны раз прыйдзе, як шаўковы. Нават прабачэння папросіць...
Поспехаў табе, бібліятэка на колах! Пабольш чытачоў, лёгкіх вандровак, прыемных сустрэч, запамінальных стасункаў!




 
  • Dirndl, 24.08.2017 08:54 #

    Замечательное дело эта разъездная библиотека. Приятно видеть, что люди так много читают.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 24.08.2017 08:56 #

      Ага, сама здзіўлена, што так шмат... І ў вёсках... І ўлетку, калі столькі сялянскай працы...
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
11 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}