Па той бок журналістыкі / Ад карціны – да… Бураціна!

Тут смачна пахне свежым дрэвам, але ў шуме-стукаце, здаецца, сябе не чуеш. Затое школьнікі -- у поўным захапленні! У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Чэрвеня адкрылася абноўленая майстэрня па дрэваапрацоўцы “МайстарОК”.
Гэта сталася магчымым, дзякуючы падтрымцы і фінансавай дапамозе Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН у рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Прапанова Чэрвеньскага цэнтра творчасці перамагла ў адборачным конкурсе. На ажыццяўленне праекта “Рэалізуй сябе ў творчасці” было выдзелена 13 157 еўра.
…Ва ўтульным светлым памяшканні на новенькіх варштатах захоплена працуюць школьнікі. То адзін, то другі раз-пораз падбягае да педагога дадатковай адукацыі, майстра разьбы па дрэве Сяргея Клёса. А той цярпліва паказвае і тлумачыць, дапамагае зрабіць правільны нахіл дошчачкі, вычэрчвае месцы, дзе павінна прайсціся піла ці долата.
 -- У мяне з маленства неяк склалася з дрэваапрацоўкай, -- тлумачыць ураджэнец горада Чашнікі Сяргей Клёс. – Спецыяльнасць набываў у Віцебскім тэхналагічным каледжы, у Чэрвень трапіў па размеркаванню. Падабаецца перадаваць уменні і навыкі дзецям. Калі хто з дарослых захоча паўдзельнічаць у майстар-класах – калі ласка! Я гатовы працаваць і з імі.
Увогуле, гурток існаваў і раней. Толькі не меў такіх шыкоўных памяшканняў (а ёсць яшчэ рабочае са станкамі), новенькіх інструментаў, фартухоў і файнага матэрыялу, з якога ствараюцца вырабы. Апошні ў якасці фундатарскай дапамогі выдзеліў Чэрвеньскі лясгас.
Са здзіўленнем заўважаю паміж хлопчыкамі дзяўчынку. Атрымліваецца, і яны цікавяцца дрэваапрацоўкай?! Шустрая Анечка Радзішэвіч паспявае і глядзець, хто што робіць, і драўляную лапатку зачышчаць. Няўжо яна сама яе выразала?!
 -- Не, -- усміхаецца Сяргей Клёс. – Лапаткі выразаюць хлопцы, Аня адшліфоўвае. Але працуе не горш, з цікавасцю. Мы з ёй выпальваем малюнкі, робім вырабы са стружкі.
-- Аня, адкуль ты даведалася пра дрэваапрацоўчую майстэрню? – цікаўлюся.
-- Сябар Паша сказаў, -- сур’ёзна адказвае малая.
-- І табе падабаецца?
-- Так!
Антон Вераценнікаў робіць цэлую карціну. Няблага, скажу вам, атрымліваецца ў яго.
 -- Мне падабаецца, як Сяргей Сяргеевіч з намі займаецца, -- кажа. – Ён так добра ўсё тлумачыць!
А вось Стас Місюра спрактыкавана працуе пілой. Я б нават сказала – натхнёна
 -- Што гэта ў цябе будзе? – разглядаю нарыхтоўку.
-- Лыжка.
-- Стас, а чаму ты прыйшоў у гэты гурток?
-- Люблю працаваць з дрэвам. Калі спачатку нічога не бачна, а тады – раз! – і прыгожы выраб атрымоўваецца.
Лапаткі і лыжкі, дошачкі, карціны ды іншае. Магчыма, самыя таленавітыя, падвучыўшыся, змогуць зрабіць нават … Бураціна?! А пакуль на адкрыцці гэты казачны герой разам з Хатнічкам і вядучай так хораша распавядаў пра тое, як атрымалася ажыццявіць праект і чаму ў гэты дзень у дзяцей і дарослых – свята.

-- Спадзяюся, што творчая майстэрня стане месцам, дзе дзеці будуць не толькі набываць карысныя навыкі, але і мець прыемныя стасункі, цікава бавіць час, -- зазначыла ў сваім выступленні намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Ала Шахоцька. – А працягнуць навучанне можна ў нашым прафесійным будаўнічым ліцэі.
Задавальненне ўбачаным выказаў  і рэгіянальны каардынатар праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Аляксандр Шаўчук. А дырэктар цэнтра Людміла Дужава, узяўшы з рук Бураціна залаты ключык, адчыніла дзверы ў абноўленую майстэрню, дзе пасля ўрачыстага пераразання чырвонай стужкі ўзняўся той самы рабочы (і нават дзелавы!) шум-стукат.
 




 
  • BelUnderCook, 28.10.2017 07:28 #

    А астатнiх дзяучынак чым займаць мусiце?)Хлопчык на першым фота зацiкаулены, хто ж такой лыжкай можа есцi)
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 28.10.2017 10:29 #
      +1
      1
      Я-Я-Я??? Займаць??? Гэта да Сяргея Сяргеевіча пытанне! Я ж проста на адкрыцці побач пастаяла! От жа адразу відаць, што чалавек -- КУХАР!!!   Чаму адразу такой лыжкай -- есці???? А варэнне пры варцы перамешваць???? У мяне такога ж памеру!!!!    Як зачэрпнеш, дык зачэрпнеш!!!! 
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
26 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}