Па той бок журналістыкі / Каханню падуладны ўсе ўзросты: брыльянтавае вяселле Вяржбіцкіх (для чытання доўгімі восеньскімі вечарамі!:))

Калі даведваешся, што людзі пражылі разам 50-60 гадоў, мімаволі здзіўляешся, захапляешся і… задаеш сабе пытанне: у чым сакрэт такога доўгага сумеснага жыцця? У тым, што даўней часцяком пары падбіралі старэйшыя? Ці што неверагодным чынам знаходзіліся тыя самыя дзве палавінкі аднаго цэлага?
Але найчасцей аказваецца, што ніякага сакрэту і няма. Толькі каханне, давер, узаемапавага, узаемапаразуменне і ўсё тое, што змацоўвае адносіны. Як у шаноўнай сямейнай настаўніцкай пары з вёскі Ляды Чэрвеньскага раёна – Казіміра Ваўжынцавіча і Алы Пятроўны Вяржбіцкіх, якія 10 лістапада адсвяткавалі брыльянтавае вяселле, 60 гадоў сумеснага жыцця!

Напярэдадні свята
Пачуўшы пра адмысловую падзею ў сям’і Вяржбіцкіх ад загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяны Адзінец, вырашаю абавязкова завітаць у госці да будучых юбіляраў.
Дагэтуль з Казімірам Ваўжынцавічам і Алай Пятроўнай асабіста знаёма не была, хаця чула пра іх даўно і многа. І ад уласных бацькоў-настаўнікаў, і ад цяперашняга дырэктара Лядзенскай школы Ірыны Змачынскай. А Казіміра Ваўжынцавіча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, пастаянна бачыла падчас раённых святаў у гонар Дня Перамогі і Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яшчэ якіх тры гады таму ён нават выступаў на мітынгах. Ведаю, што Казімір Вяржбіцкі склаў сваю найцікавейшую “Сямейную хроніку”, урыўкі з якой некалькі гадоў таму друкаваліся ў мясцовым “Раённым весніку”.
Прыгадаўшы ўсё гэта, разам з Таццянай Адзінец едзем у Ляды.
…Ля простай вясковай хаты нас сустракае сацыяльны работнік Таццяна Кебікава. Пад занудлівым восеньскім дажджом мы подбегам накіроўваемся ў веранду, паспяваючы палюбавацца на агромністы дуб пад вокнамі з надпісам на ім: 1965 год.
-- Заходзьце, калі ласка! – гасцінна запрашае нас Ала Пятроўна Вяржбіцкая.
І кліча Казіміра Ваўжынцавіча.
Гаспадыні – 80, гаспадару – за 90! Не хочацца дужа іх абцяжарваць роспытам, але ўсё ж цікавая гутарка зацягваецца на паўтары-дзве гадзіны.
Якімі ўспамінамі жывуць муж і жонка сёння? Што памятаецца ім з уласнага асобнага і сямейнага жыцця? Якія малюнкі паўстаюць перад вачыма?
Сын піцерскага рабочага 
-- Колькі ў мяне ёсць часу? – дзелавіта пытаецца Казімір Ваўжынцавіч.
І… пачынае свой аповед пра бацькоў. Пра тату – сапраўднага піцерскага рабочага, які працаваў слесарам і токарам, некалькі разоў ужывую слухаў Леніна. Пра тое, як даўней каталікі знаёміліся ў касцёлах (так пазнаёміліся і яго бацькі). Пра новую сям’ю Вяржбіцкіх, якая нарадзілася ў Петраградзе ў 1919 годзе.
-- У 1920-ым на свет з’явіўся першынец, мой старэйшы брат, -- прыгадвае Казімір Ваўжынцавіч. – Тады цяжка жылося, людзі галадалі. А маміна сястра выйшла замуж у гэтую лядзенскую мясцовасць. І яна пісала ў Петраград лісты, запрашала да сябе, бо жылося на зямлі заможна. Аднойчы бацькі пагрузілі рэчы ў вагон, які тату як рабочаму чыгуначнага дэпо выдзелілі бясплатна, і прыехалі па чыгунцы ў Градзянку, а тады – сюды. Іх першы сын памёр. Я нарадзіўся ўжо тут, на хутары Чартава. Калі верыць дакументам, у 1924 годзе. Быў у мяне яшчэ адзін старэйшы брат, Валянцін, 1922 года нараджэння. Незадоўга да пачатку вайны ён быў прызваны ў войска. У суботу бацькі атрымалі ад яго ліст, у якім сын паведамляў, што служыць у Адэсе, а ў нядзелю пачалася вайна… Валянцін знік без вестак…
Але гэта было наперадзе. А тады Казіміра чакала вучоба ў розных школах. Сям’я перажыла ліквідацыю хутароў і апынулася ў вёсцы Прамень (Луч). Восьмы клас Казімір Ваўжынцавіч заканчваў у Градзянцы цяперашняга Асіповіцкага раёна. Далей – вайна…
Пасля вызвалення Беларусі юнак быў прызваны ў войска. Будучыя салдаты чамусьці ішлі пешшу… ажно да Гродна! І толькі там атрымалі абмундзіраванне і пачатковыя навыкі абыходжання са зброяй. А затым быў марш-кідок праз тэрыторыю Польшчы, Прусіі і Памераніі, шмат выпадкаў, дзе Казімір Ваўжынцавіч толькі цудам заставаўся жывым і здаровым. Але ўсё ж не абышлося без ранення -- асколак нямецкага снарада трапіў у галаву. Дзень Перамогі Казімір Вяржбіцкі сустрэў у шпіталі на тэрыторыі Памераніі.
Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе ён вярнуўся дадому – з медалём “За адвагу” і ордэнам Чырвонай Зоркі.
Тата хацеў, каб сын стаў, як і ён, слесарам і токарам. Але маці заўсёды мела пашану да настаўніцкай прафесіі. І па парадзе яе знаёмай Казімір Вяржбіцкі паступіў на завочнае аддзяленне Мінскага педвучылішча, дзе рыхтавалі настаўнікаў пачатковых класаў. 3 15 жніўня 1947 года ён быў прызначаны настаўнікам другога класа Лядзенскай школы.
І зноўку яго чакалі розныя ўстановы адукацыі і розныя пасады, у асноўным кіруючыя -- загадчыка, дырэктара. Чакалі і турботы па будаўніцтву школ, бо часцей за ўсё вучні вучыліся па хатах. Працоўны стаж атрымаўся – 46 гадоў! З 1961-га лёсам Казіміра Ваўжынцавіча стала вёска Ляды і Лядзенская школа.
З дынастыі педагогаў
Ала Вяржбіцкая, а тады яшчэ – Пшыгодская, нарадзілася на Барысаўшчыне, у сям’і настаўнікаў. А вось яе мама была родам з лядзенскіх мясцінаў – з вёскі Малінаўка. Вайну яны перажылі ў бацькоў мужа.
-- Я ж зусім малая была, -- прыгадвае Ала Пятроўна, -- але вось чамусьці запомнілася. Вялікая хата, не прабітая на асобныя пакоі. Адно акно выходзіла на дарогу. Мяне паставілі ля яго і сказалі гаварыць, калі будуць ехаць немцы. Так і патлумачылі: яны будуць ехаць, на машынах ці танках. І я гаварыла: “Немці!” Яшчэ запомнілася, што размяшчаліся яны ў двары, у хату не заходзілі. І ў гэтым было наша выратаванне…
Тата Алы Пятроўны, як і многія аднавяскоўцы, не вярнуўся з вайны. Таму яго ўдава, Эмілія Пшыгодская, з дачкой і сынам вырашыла паехаць на радзіму, дзе жылі яе сястра і брат. І ўсё жыццё яна прысвяціла настаўніцтву.
Ала, як і яе будучы муж, таксама вучылася ў розных вясковых школах. А тады і ў гарадской – першай беларускай, жывучы ў Чэрвені ў сям’і стрыечнай сястры.  Затым быў цалкам свядомы выбар прафесіі – канешне ж, педагагічнай! Здольная выпускніца паступіла ў інстытут замежных моў.
Калі выпадаў вольны час, Ала Пятроўна бывала ў сваёй мамы ў Рэчкаўскай школе. А дырэктарам на той час там быў малады і нежанаты Казімір Вяржбіцкі.
І вось аднойчы…
Жонку – для сына, нявестку – для сябе
-- Не ведаю, чым я яму спадабалася, -- усміхаецца Ала Пятроўна, -- але 10 лістапада 1957 года мы распісаліся. Толькі я паставіла ўмову: інстытут буду заканчваць стацыянарна. А вучылася тады на чацвёртым курсе.
-- Я Алу да гэтага мала бачыў, -- прызнаецца Казімір Ваўжынцавіч. – На вечарынцы калі. А самому ж ужо за 30. З раяна ў школу маладых настаўніц прысылаюць. Маўляў, там дырэктар нежанаты… Падсмейваюцца. А тут аднойчы маці мая кажа, што па яе пачуццях добрай і вернай жонкай мне будзе… дачка Эміліі Пшыгодскай! І раіць прыгледзецца да дзяўчыны. Як пачаў прыглядацца, так і зладзілася.
Хаця і бедны быў час, але вясковае вяселле па традыцыі рабілі двойчы – у хаце жаніха і ў хаце нявесты. І гадзіннік Казіміра Ваўжынцавіча, прывезены яшчэ яго бацькамі з Петраграда, пачаў ужо адлічваць час сумеснага сямейнага жыцця. Дарэчы, спраўна ідзе ён і пагэтуль, ціхутка хістаючы маятнік і рухаючы стрэлкі.
 -- Вось якое чуйнае мацярынскае сэрца, -- задуменна зазначае Казімір Вяржбіцкі. – Не памыляецца. Канешне, за 60 год рознае здаралася. Бывала, і спрачаліся. Але ж у спрэчках нараджаецца ісціна. Але каб якое нецэнзурнае слова вырвалася ці каб пасварыліся сур’ёзна – ніколі на гэта і намёку не было. Толькі ўзаемапавага і ўзаемаразуменне.
-- Гэта галоўнае ў сям’і – пацвярджае Ала Пятроўна. – Давер павінен быць, саступаць трэба адно аднаму. Умець прамаўчаць!
Цяжка жылося маладой сям’і ў тыя часы. Спачатку ў Рэчках, затым – у Лядах на кватэры. Тады з дапамогай сваякоў атрымалася выкупіць маленькую хатку, якую пашыралі і дабудоўвалі ўжо самі. У ёй жывуць і зараз.
Працавалі ў Лядзенскай школе, гадавалі дачку і сына – Галіну і Генадзя. Завялі падсобную гаспадарку. Шчыравалі на абавязковых калгасных сотках, якія тады і настаўнікам давалі ў нагрузку.  Гэта ў гонар сына быў пасаджаны дубок у 1965 годзе, які зараз – магутнае разгалістае дрэва, першая прыкмета, па якой можна знайсці хату Вяржбіцкіх у Лядах.
Ала Пятроўна ўсё жыццё выкладала англійскую і нямецкую мову. Працавала і на пенсіі. Толькі Лядзенскай школе аддадзена 40 гадоў! Настаўніцкая сям’я Вяржбіцкіх заўсёды была на добрым уліку ў раёне. Моцныя прафесіяналы, яны выхавалі не адно пакаленне прыстойных людзей. Іх колішнія вучні заўсёды памятаюць сваіх педагогаў, а калегі і зараз могуць папрасіць парады. Сувязі Лядзенскай школы са сваімі ветэранамі працы – паважлівыя і трывалыя.
Але вось і педагагічная дзейнасць стала ўжо мінулым. Цяпер радасць і ўцеха юбіляраў – двое дзяцей, чацвёра ўнукаў і два праўнукі.
 Рукаў руцэ – ужо 60 гадоў!
…З цікавасцю разглядаем фотаальбомы Вяржбіцкіх, дзе пад кожным здымкам каліграфічным почыркам занатаваны год ды іншая карысная інфармацыя.
-- Ого! – не магу стрымаць здзіўленага воклічу, калі бачу фота 1915 года! На ім – тата Казіміра са сваёй маці.
 
А во які здымак піцерскага рабочага…

 
Рамантычнае фота маладога Казіміра -- бы кадр з чорна-белага фільма…

 
Захоўваецца ў сям’і пасведчанне аб шлюбе.

 
На жаль, не было фатографа на вясковым вяселлі Вяржбіцкіх. Затое ёсць здымак таго ж 1957-га года, зроблены ў Мінску.

 
Затым рупліва зведзеныя разам паасобныя іх фота – праз 30 год.

 
Ну, а сфатаграфаваць юбілейную пару праз 60 гадоў сумеснага жыцця гонар выпадае мне.
І як толькі заходзіць пра гэта размова, Ала Пятроўна, як і любая “маладая”, пачынае турбавацца пра знешні выгляд і асабліва – пра прычоску. Дапамагаць ёй у гэтай справе ўзялася сацыяльны работнік Таццяна Кебікава.
 А Казімір Ваўжынцавіч прыслухоўваўся-прыслухоўваўся ды выдаў:
-- Што, прычоска не трымаецца? Дык во лак ёсць!
І на поўным сур’ёзе дастаў балончык з шафы.
 Ад агульнага рогату, здаецца, скалануліся сцены старой вясковай хаты! Во гэта “малады”! Ну як у “тэме”!
У рэшце рэшт, вырашылі абысціся без лака. А Казіміра Ваўжынцавіча папрасілі змяніць парадны пінжак на іншы – з вайсковымі узнагародамі.
Упрыгожыць жа фотаздымак вырашылі геранню – гэтых рознакаляровых кветак багата ў гаспадыні. І, як сцвярджае Ала Пятроўна, многія адросткі прыжыліся ў хатах аднавяскоўцаў.
Кадр… Другі… Трэці… Запрашэнне на кубачак гарбаты і размова без дыктафона. Падзякі, абдымкі… Якія прыязныя людзі! І якая сяброўская атмасфера пануе ў хаце…
З вашым адметным брыльянтавым вяселлем, шаноўныя Казімір Ваўжынцавіч і Ала Пятроўна! Здароўя, бадзёрасці, аптымізму, цярпення і яшчэ шмат год крочыць разам па жыцці, быць падтрымкай і апорай адно аднаму.
І няхай спраўджваецца ўсё, напісанае ў “Сертыфікаце якасці”, які ўжо два гады ўпрыгожвае сцены вашай хаты.
 




 
  • walerawllkmmn, 12.11.2017 15:45 #
    +1
    1
    К сожалению, мне трудновато было читать на белорусском языке, однако спасибо за историю) Хочется верить, что подобное существует не только в сказках и попсовых песнях. Сразу вспомнилась история из интернета, когда пара, прожив очень много десятилетий вместе рассталась из-за того, что лет сорок назад кто-то кому-то изменил и правда выплыла только спустя огромные отрезки времени)).  
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 12.11.2017 15:48 #
      +1
      1
      Дзякуй Вам за водгук! Во гэта гісторыя з інтэрнэту!!! Авой! Але мая сапраўды праўдзівая і не адзіная. Напрыклад, летась мы адзначалі залатое вяселле маіх бацькоў! 
      ответить на комментарий
      • walerawllkmmn, 12.11.2017 15:59 #

        Мне на самом деле очень интересна эта тема. Иногда начинает казаться, что просто эти люди из прошлого поколения и поэтому у них есть некий стандарт в голове а-ля "Женился, значит, это уже навсегда" (как пример - моя бабушка с дедом, они сходили в ЗАГС, заимели двоих детей, как там далее что у них происходило - не буду браться отвечать, но судя по всему - "как у всех всё", то есть совместный быт и очереди на квартиру, работа -зарплата и банка зелёного горошка на Новый Год). Но вот чтоб такой любви, как сиё можно считать в общепринятых рамках - её не было (опять же, сужу сугубо своим взглядом ).  Возможно, я просто ещё с маленького количества лет рассматриваю мир, не отрицаю и этого, конечно.  А можно парочку вопросов? Вы же в  жизни тоже постоянно используете белорусский язык? У Вас в голове сразу звучит ответ на белорусском, то есть, Вы сразу мыслите на нём, в те моменты, когда коммуникация ведётся с носителем русского языка? 
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 12.11.2017 16:07 #
          +1
          1
          Магчыма, Вы і правы наконт агульнапрынятага ў мінулых пакаленняў... А такога "кахання-кахання-кахання"... Я, напрыклад, не сустракала... Але ж гэта не значыць, што яго не існуе... Наконт пытанняў... Так, па-беларуску я размаўляю ўжо амаль 25 апошніх гадоў. Толькі не пытайцеся, як, чаму і адкуль: за гэты час надакучыла мне пра адно і тое ж, прабачце. Што там у мяне ў галаве гучыць, я не разбіралася.     Праўда! Зазначу толькі, што ў мяне па жыцці, ды і ў сацыяльных сетках, шмат і рускамоўных, і "замежнамоўных" сяброў, якім цікава і беларуская мова. Мой сябар з Рэспублікі Комі не першы год чытае мае матэрыялы па-беларуску, па ўласным жаданні, для мяне гэта проста фантастыка! Ну, а хто не хоча камунікаваць па-беларуску... Дык я ж да размовы і перапіскі са мной нікога не прымушаю, паверце... Ва ўсіх ёсць выбар: чытаць ці не чытаць, пісаць чалавеку ці не пісаць... Вы згодны?! А! Калі была на мінулыя каталіцкія Каляды ў Львове, размаўляла па-беларуску, а са мной -- па-ўкраінску. Увогуле не было ніякіх праблем!!!    Тамтэйшыя жыхары лёгка разумелі мяне, а я -- іх. І гэта было так КЛАСНА!!!!
          ответить на комментарий
  • Lapka, 12.11.2017 17:02 #
    +1
    1
    Красивая история. Пусть у нее будет продолжение ещё много лет.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 12.11.2017 17:05 #

      Шчыра дзякую! Таксама на гэта спадзяюся...
      ответить на комментарий
  • Zveroboy, 12.11.2017 17:05 #

    Такі мой народ...эх.. Не зразумеў, чаму немцы ў хату не зайшлі і ў гэтым быў паратунак. У хатах маіх продкаў падчас ліхалецця каго только не перабыло са зброяй. Як з той дзіцячай кніжкі "Мы з Санькам у тыле ворага"  Але абыйшлося..
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 12.11.2017 17:08 #
      +1
      1
      Як казала Ала Пятроўна, не зайшлі -- нікога не забілі... Гэта не мая прыдумка... А толькі пераказ... Вы не паверыце!!! У нас з братам у дзяцінстве любімая кніжка была -- "Мы з Санькам у тыле ворага"!!!! Круцяк!!!   Да гэтага часу што-кольвечы адтуль каментую! Як і з тэтралогіі Алены Васілевіч пра Ганьку!!!!
      ответить на комментарий
      • Zveroboy, 12.11.2017 19:48 #
        +1
        1
        Любімыя кніжкі майго дзяцінства... О, гэта вечнае.  "Маленькі прынц", "Кароль Мацюсь Першы", гэта ж шэдэўры сусветнай класікі.
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 12.11.2017 19:49 #

          Падтрымліваю і плюсую!
          ответить на комментарий
  • Elena-Leopold, 13.11.2017 13:31 #
    +1
    1
    Классная у Вас профессия - столько чудесных встреч и интересных людей! Очень душевная статья, спасибо, Сонейка) И мне нравится, что Вы пишете на мове. И что не обижаетесь (я надеюсь), когда Вам отвечают по-русски. Главное ведь, что мы прекрасно понимаем друг друга. Я когда-то успела неплохо выучить белорусский, но по прошествии стольких лет писать и разговаривать уже сложно. Но читаю и понимаю я прекрасно))) Когда люди хотят общаться, они будут это делать даже на пальцах. А когда нет - то и на одном языке ни за что не договорятся)))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 13.11.2017 14:39 #
      +1
      1
      Дзякуй вялікі, Алена, за каментар і цікавасць да майго блогу! Вельмі прыемна! Не, канешне, не крыўджуся! Галоўнае, каб людзі не крыўдзіліся, што я адказваю па-беларуску! Але гэта мая пазіцыя... Дарэчы, нават калі хто слова на мове напіша ў адказ -- таксама вельмі прыемна! Так што не саромцеся!!!    А наконт разумення адно аднаго -- я цалкам з Вамі згодна! 
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
26 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}