Па той бок журналістыкі / Футбол – справа... жаночая!:)))

Усё мяняецца і ўдасканальваецца ў гэтым жыцці. Вось ужо і такая цалкам мужчынская суровая гульня, як футбол, усё больш скараецца “слабаму полу”. Ім цікавяцца дзяўчаты-школьніцы і студэнткі. А дзякуючы трэнерам-энтузіястам азам гэтай гульні можа няблага навучыцца не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў паасобных невялікіх населеных пунктах Міншчыны.
Нясвіжчына -- руліць, Чэрвеньшчына – вучыцца
…Прачытаўшы ў папулярнай сярод моладзі адкрытай групе ў сеціве абвестку пра тое, што дзяўчат ад 10 да 17-18 гадоў запрашаюць запісвацца ў групы па футболе, якія арганізоўваюцца ў Чэрвені ўпершыню, зацікавілася інфармацыяй. А калі літаральна праз некалькі дзён аўтар запісу запрасіў на першую трэніроўку… Такое відовішча я проста не магла прапусціць!
Патэлефанаваўшы па ўказанаму нумару трэнеру, дамаўляюся сустрэцца з ім і пагутарыць да пачатку заняткаў. Таксама прашу дазволу пабыць на іх. Месца збору – спартыўная зала СШ №3 г.Чэрвеня, фактычна край горада. Пачатак – а шаснаццатай гадзіне.
Да гэтага з трэнерам па жаночаму футболу Максімам Шалабнёвым асабіста знаёма не была, хаця шмат чула пра яго як пра гульца розных спартыўных каманд, у тым ліку і добра вядомай на Міншчыне чэрвеньскай каманды “Колас”. Як высветлілася з гутаркі, у апошні час Максім трэніраваў дзявочую каманду дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пярвічнай арганізацыі прафсаюза СВК “Агракамбінат Сноў”, што на Нясвіжчыне. І вельмі паспяхова! Мае педагагічную і спартыўную адукацыю.
 -- Максім, чыя была ідэя – сабраць групы дзяўчат для заняткаў футболам на Чэрвеньшчыне? – цікаўлюся ў свайго суразмоўцы.
-- Цалкам мая. Справа ў тым, што маю неблагі вопыт трэніроўкі менавіта дзяўчат. У свой час мне пашчасціла ўладкавацца на працу ў агракамбінат “Сноў”, дзе якраз-такі заснавалі і развівалі, апрача іншага, жаночы футбол. Яшчэ да майго прыезду на Нясвіжчыну групу дзяўчат там сабраў трэнер з Украіны, які працаваў з данецкім “Шахцёрам”. З-за ваенных дзеянняў ён вымушаны быў пераехаць у Беларусь, але пасля вярнуўся дахаты. Яму шукалі замену. Я ўбачыў гэтую абвестку, прапанаваў свае паслугі – і ўсё склалася. Мы бралі ўдзел у разнастайных турнірах. Літаральна праз месяц трэніровак на абласных спаборніцтвах узялі “бронзу”. Абыгрывалі моцныя каманды з Салігорска, Слуцка, Гродна, Бабруйска… Пры праглядзе нашых дзяўчат адбіралі ў сур’ёзныя каманды. Гэтую працу зараз працягвае мой калега. А я па сямейных абставінах вярнуўся ў Чэрвень. І тут пры дапамозе фізкультурна-спартыўнага клуба аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізоўваю групы дзяўчат
-- Ці тэлефанавалі Вам пасля абвестак у сацыяльнай сетцы?
-- Так, цікавіліся дзяўчаты і іх бацькі. Нават з вёсак, не толькі з горада. Пэўна збіралася прыехаць дзяўчына з Рудні (22 кіламетры ад горада, здаецца?!). Паглядзім, ці будзе яна сёння.
-- Чым, па-Вашаму, адрозніваецца жаночы футбол ад мужчынскага?
-- Я б сказаў, што жаночы  больш дысцыплінаваны. Дзяўчаты з большай ахвотай і жаданнем выконваюць усё тое, што патрабуе трэнер. І большы працэнт наведвання. Калі дзяўчына насамрэч захапілася футболам, яна ніколі ад яго не адмовіцца і не пяройдзе ў іншы від спорту. Што датычыцца ўмоў гульні, судзейства ды іншага – ніякага адрознення ад мужчынскага футболу няма.
-- А як мужчынскай гульнёй захапляюцца дзяўчаты? Глядзяць матчы па тэлевізары?
-- У прынцыпе, па-рознаму. Хтосьці хварэе за сусветна вядомыя каманды, хтосьці -- за чэрвеньскі “Колас”. А ўвогуле… Вось чаму патэлефанавала дзяўчына з Рудні У іх вёсцы няма спартыўнай школы. Але на ўроках фізкультуры яны гуляюць з хлопцамі ў футбол. А тут такая магчымасць. Калі збярэцца дастатковая колькасць, планую падзяліць дзяўчат на тры групы – па ўзростах. На першым занятку хачу ўбачыць усіх, хто прыйдзе, разам. Хто што ўмее, якія ёсць задаткі, які іх узровень развіцця.
-- І якая праграма трэніровак?
-- Кожныя паўтары гадзіны заняткаў, якія пакуль будуць ладзіцца на базе СШ №3 г.Чэрвеня тры разы на тыдзень, распісаны па-свойму. Абавязковыя размінка, бег, практыкаванні на расцяжку, у парах. Уласна гульня ў футбол будзе займаць усяго 10-15 хвілін. Усё астатняе – гэта навучанне, азы тэорыі і практыкі. А напрыканцы тыдня – гульня паміж групамі, спарынг.
Удар – і міма! Удар – і го-о-о-о-о-о-ол!
Ідзём у залу, каб пабачыць усё на свае вочы. На першы занятак прыйшло 14 дзяўчат рознага ўзросту.
 Пастраенне, прадстаўленне-знаёмства, запіс дадзеных…

 
На арганізацыйныя моманты ідзе яшчэ некалькі дзясяткаў хвілін. Большасць дзяўчат знаёма паміж сабой – яны вучацца якраз у трэцяй гарадской школе.
Свісток, тры хвіліны бегу па зале, дзяленне на дзве каманды… І – пачынаюцца практыкаванні. Напачатку – без мяча.
 
Скажу шчыра: некаторыя бачыла ўпершыню. Яны сапраўды спецыфічныя, для футбалістаў.
 Практыкаванні на каардынацыю, на вестыбулярны апарат, на ўменне працаваць у пары… Штосьці лепей атрымліваецца ў старэйшых, але і малодшыя не адстаюць. Сяджу на лавачцы і лаўлю сябе на думцы: цікава! Мне цікава назіраць за працэсам першай трэніроўкі!
Больш складана становіцца, калі пачынаюцца практыкаванні з футбольным мячом.

Але і тут у кагосьці атрымліваецца няблага. Ужо гучаць і пэўныя сакрэты абыходжання з ім.
 А вось і першыя спаборніцтвы каманд. Воклічы падбадзёрвання, плясканне ў далоні… Жарсці віруюць! Прайграўшыя павінны зрабіць па 10 прысяданняў на кожнага. Звычайная спартыўная практыка. Хлопцы б ужо адціскаліся ад падлогі…
На тлумачэнні і спробы ідзе мора часу. Таму яго практычна не застаецца на ўласна гульню. Але дзяўчаты просяць: “Давайце”!
У адсутнасць варот сапраўдных яны абазначаюцца кеглямі. Свісток! І я толькі паспяваю прыкрываць дзверы перад сабой, за якія выйшла, ашчаджаючы фотаапарат, бо мяч увесь час ляціць сюды! А трэнер раз-пораз заскоквае на лаўку. Спачатку ўсе бегаюць за мячом двума натоўпамі. У працэсе Максім Шалабнёў тлумачыць, што павінны быць не толькі нападаючыя, але і абаронцы. Хтосьці ўдала адбівае мяч… о Божа! – галавой! А вось і першы гол! Сцены спартыўнай залы, здаецца, трасуцца ад захопленых воклічаў адных і расчараваных – другіх.
Кароткі матч скончаны. Затым яшчэ кожная дзяўчына спрабуе сябе ў якасці як варатара, так і нападаючага. Некаму нават атрымліваецца адбіць мяч, стоячы ва ўмоўных варотах! Падобна, што гэтая кароткая дзявочая гульня ў футбол практычна не адрозніваецца ад хлапечай…
Але хтосьці добра-такі стаміўся і прысеў адпачыць. І вечар ужо, справа ж пасля ўрокаў адбывалася. І практыкаванні цяжкаватыя, напэўна…
 Але калі на агульным пастраенні напрыканцы заняткаў трэнер Максім Шалабнёў просіць падняць руку тых, для каго футбольныя азы і падрыхтоўка да гульні аказаліся цяжкімі, хто перадумаў і больш не прыйдзе... Рукі не бачна ніводнай!
Затое жартоўна папазіраваць перад фотаапаратам жадаючыя знайшліся! Маўляў, вось якія мы дужыя.
 Задаволены – усе!
Па кагосьці прыйшлі ўжо мамы з меншымі дзецьмі. Хтосьці сам спяшаецца дахаты. Але ўсё ж прашу затрымацца некалькіх дзяўчат, каб распытацца пра ўражанні.
 І найперш цікаўлюся ў жыхаркі Рудні, дзесяцікласніцы Ульяны Цітко (на фота злева):
-- А чаму ты захацела заняцца футболам?!
-- Мне падабаецца, мы з маёй лепшай сяброўкай гуляем з хлопцамі. Захапіліся даўно. Да нас у вёску на сельгасработы часта прыязджалі студэнты. Яны гулялі з нашымі хлопцамі ў футбол на школьным стадыёне. І мы вучыліся. На жаль, больш ахвотніц няма, таму і дзявочай каманды ў Рудні няма. А тут такія перспектывы… Мая сяброўка зараз у санаторыі. Вернецца – будзем ездзіць удзвюх на маршрутцы. Бацькі не супраць. Тата сёння па мяне павінен прыехаць.
-- Якія ўражанні пасля сённяшняй трэніроўкі?
-- Усё добра! Але пагуляць хацелася пабольш.
Дзесяцікласніца СШ №3 г.Чэрвеня Ганна Зяневіч (на фота справа) – актыўная і спартыўная. Без яе, здаецца, не абыходзіцца ніводнае школьнае мерапрыемства! З ахвотай займаецца валейболам. А цяпер, далучыўшы трэніроўкі па футболе, заняла свой вольны час на працягу ўсяго тыдня.
-- Раней я часта глядзела футбол па тэлебачанні, -- тлумачыць Ганна. – А зараз проста на гэта няма часу. Трэніроўка мне вельмі спадабалася! Практыкаванні былі цікавымі, атрымлівалася іх выконваць. Але я разумею, што гэта толькі пачатак і што далей яны будуць ускладняцца… Гульня была захапляльная, я рада, што мы выйгралі. Я нават забіла гол! І хаця крыху збіла калена -- нічога, ужо не баліць. Да наступнай трэніроўкі ўсё зажыве. Абавязкова буду расказваць аднакласніцам, як тут цікава! Магчыма, сагітую кагосьці яшчэ…
Па шасцікласніцу СШ №3 Ксюшу Ладуцька прыйшла мама Кацярына.
 
Перажывае: як дачка спраўляецца? У яе ж яшчэ і вышыванне, і маляванне. Няхай бы лепей на гэтым засяродзілася. Таму на футбол, вырашае мама, толькі калі ў суботу.
-- Ксюша, у цябе ж столькі цікавых заняткаў! – зазначаю. – А нашто табе яшчэ і гэтая гульня?!
-- Я назіраю, як хлопчыкі гуляюць, і мне падабаецца, -- разважліва адказвае дзяўчынка. – Вось паспрабавала, хачу займацца.
Гэта яшчэ Ксюшына мама не бачыла, як дачка стаяла на варотах!
І нават адбіла мяч…
 А вось Ніна Забаўская, якая з сынам Андрэйкам прыйшла па сваю дачку Насцю – аднакласніцу Ксюшы, настроена больш аптымістычна:
-- Калі падабаецца – няхай! Яна і дома ў мяне актыўная. Мы сваёй сямейнай камандай, а ў нас трое дзяцей, любім дома паганяць у футбол!
 -- Трэніроўка мяне не расчаравала! -- кажа Насця Забаўская. – Думаю, калі будзе больш дзяўчынак майго ўзросту, стане яшчэ цікавей. Пакуль з нашага класа толькі мы з Ксюшай прыйшлі. Іншым аднакласніцам валейбол падабаецца.
Ажыўлена абменьваючыся меркаваннямі, дзяўчаты хуценька пераапранаюцца ў раздзявальні, развітваюцца з трэнерам і подбегам накіроўваюцца на вуліцу. А энергія-то яшчэ ў іх засталася!
-- Максім, а якія ў Вас уражанні пасля трэніроўкі? – пытаюся ў трэнера.
-- Ой, я думаў – з нуля на Чэрвеньшчыне буду пачынаць, -- эмацыянальна пачынае ён. – Быў прыемна здзіўлены, што многія штосьці ўмеюць. Але поле дзейнасці для мяне – вялікае. Ад сённяшніх заняткаў, канешне ж, атрымаў задавальненне. Будзем спадзявацца, што наступным разам знойдзецца больш ахвотных і смелых. А гэтыя дзяўчаты – проста малайцы!
… Займаючыся сёння ранішняй гімнастыкай, спрабую паўтарыць парачку практыкаванняў, падгледжаных падчас учарашняй трэніроўкі. Сапраўды, цікава…
Вядома, гэта яшчэ самы-самы пачатак. Але вельмі хацелася б, каб на такое карыснае пачынанне, за якім, я ўпэўнена, будучае, звярнула ўвагу кіраўніцтва раёна і падтрымала трэнера-энтузіяста яшчэ на пачатковым этапе.
 




 
  • adelka, 16.11.2017 22:36 #

    якiя цудоўныя дзяўчаткi!.. хай у iх усё атрымаецца)
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 17.11.2017 08:43 #

      Дзякуй! Будзем спадзявацца...
      ответить на комментарий
  • Elena-Leopold, 17.11.2017 15:01 #
    +1
    1
    Добрая справа!)) Я была не вельмi спартыýнай дзяýчынкай) Але на розныя секцыi хадзiла - валейбол, баскетбол, тэнic настольны))) 
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 17.11.2017 18:32 #
      +1
      1
      Дзякуй! І мне шмат відаў спорту ў дзяцінстве падабаліся! Асабліва шахматы  -- роўных у раёне сярод дзяўчат-школьніц не было! 
      ответить на комментарий
      • Elena-Leopold, 17.11.2017 19:28 #

        Ого! У меня на шахматы усидчивости не хватило)))
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 17.11.2017 19:30 #
          +1
          1
          Ой, гэта вельмі цікавая гульня! Зацягвае!    І ў студэнцкія гады гуляла, і ў спаборніцтвах працоўных калектываў раёна ўдзельнічала яшчэ гадоў 10 таму. Пасля надакучыла, бо ўвесь час выйгравала...   Гэта я пахвалілася, як што!!!!    
          ответить на комментарий
          • Elena-Leopold, 17.11.2017 19:37 #
            +1
            1
            Здорово!))))
            ответить на комментарий
            • sonejka-ja, 17.11.2017 19:37 #

              Дзякуй!!!!    
              ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
38 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}