Па той бок журналістыкі / Прыватны музей чакае гасцей

Каб адпачыць душой і дакрануцца да сваіх каранёў, не трэба ехаць кудысьці далёка. Дастаткова завітаць у вёску Язоўкі Чэрвеньскага раёна – на падворак Валянціны і Мікалая Ладуцькаў.
 Яго гаспадыня ніколі не забывалася, адкуль яна родам. Правёўшы большую частку свайго жыцця ў Мінску, захавала любоў да роднай мовы. А ўвасобіўшы з дапамогай аднадумцаў у рэальнасць свой праект па стварэнні прыватнага музею сялянскага побыту, не спыняецца на дасягнутым. Няўрымслівасці Валянціны Ладуцькі можна толькі па-добраму пазайздросціць!
…Па вуліцы з прыгожай гістарычнай назвай Ігуменская (як вядома, раней наш Чэрвень зваўся Ігуменам) кіруем у канец вёскі. Увагу найперш прыцягвае цэлая мастацкая кампазіцыя на драўлянай пабудове пад назвай “Радзіма мая дарагая, красуйся і ў шчасці жыві!”

Тут сабраны шматлікія матэрыялы пра гісторыю вёскі Язоўкі, яе адметных насельнікаў, ксеракопіі фотаздымкаў, у тым ліку і даўніх. Фактычна музей пачынаецца ўжо адгэтуль! А “завіснуць” тут можна надоўга, бо дужа шмат усяго цікавага сабрана руплівай гаспадыняй падворка. А вось і сама Валянціна Ладуцька сустракае нас ля расчыненай брамкі!
Для вітання гасцей у яе існуе не толькі пашыты строй, але і цэлая адмысловая вершаваная прамова. Увогуле, беларускія выслоўі сустракаюцца тут амаль на кожным кроку: пры ўваходзе ў хату, карчму (яе ролю выконвае самаробная альтанка), у адрыне, дзе размясціўся ўласна музей. Вольна ліецца родная мова і з вуснаў гаспадыні.
За кубачкам гарбаты пытаюся, адкуль узялася ідэя стварыць усё гэта ў роднай вёсцы.
-- Напярэдадні аднаго з маіх юбілеяў, як гэта звычайна бывае, усё вычышчалі ў хаце, -- прыгадвае Валянціна Ладуцька. – Паглядзела, як шмат старых рэчаў на гарышчы, даўнейшых прылад працы і побыту сялян. А тут яшчэ непадалёк дзядзька дом прадаў, дзе куфар бабін захаваўся ды іншае, даўняе. І думкі нават не ўзнікла выкінуць усё гэта! Перанеслі да сябе, сваё паздымалі з гарышча, ачысцілі адрыну і вырашылі стаўляць усё там. Прыехалі мае родзічы, і мы зрабілі такі суботнік. А тады вырашылі спытацца ў аднавяскоўцаў: мо, і ў іх ёсць такое, даўнейшае? Папрасілі, каб нічога не выкідалі, а неслі да нас. Хаця, між іншым, сёе-тое я сапраўды знайшла ўжо вынесеным на сметнік – тут, у канцы вёскі. Таксама забрала, прывяла ў парадак.
Разам з пляменніцай Вольгай Матусевіч і сяброўкай з Мінска Галінай Рудэнка Валянціна Ладуцька ўзялася парадкаваць даўніну. Паступова вымалёўвалася сістэма – зрабіць сялянскую хату з асобнымі тэматычнымі куточкамі. І ў кастрычніку 2011 года прыватны сялянскі музей у Язоўках быў урачыста адчынены.Але нават у такім досыць вялікім памяшканні шмат чаму проста не знайшлося месца. Таму Валянціна Ладуцька сёлета задумалася пра пашырэнне, яшчэ адну прыбудову. А пакуль некалькі паліц з экспанатамі размясціліся ў сенцах.
У век сучасных тэхналогій цікава будзе, асабліва моладзі, паглядзець на звычайныя плёначныя фотаапараты, старыя прыёмнікі ды іншае.
 На другой палічцы Валянціна Ладуцька сабрала кераміку, дапоўніўшы кампазіцыю сухімі букетамі.
 З хаты кіруем на падворак, а па ім – да адрыны, пярэдняя сценка якой таксама адмыслова аформлена. За гэтымі дзвярыма і хаваецца музей сялянскага побыту.
 Колькі старадаўніх рэчаў тут размешчана, Валянціна Ладуцька ўжо і сама не памятае. Але мяркуе, што каля тысячы. Трэба зрабіць інвентарызацыю, тады будзе вядома пэўна. Бо адных толькі бёрдаў, чаўнакоў ды іншых дробных прадметаў – па некалькі штук.
 Але пры гэтым няма абсалютна аднолькавых! Усё ж даўней калі і выразалі па шаблону, дык у кожнага майстра па-свойму атрымлівалася.
Маю ўвагу прыцягваюць цымбалы.
 Дакранаюся да іх рукой (тут гэта можна) – і адчуваю цеплыню і якуюсьці магію дрэва.
-- О, у іх цікавы лёс! – кажа Валянціна Ладуцька. – Мне гэтыя цымбалы перадалі з музея Грабянецкай школы, калі яна зачынілася. А туды, у сваю чаргу, іх аддавалі з Язовак! Атрымліваецца, што нарэшце яны вярнуліся на радзіму!
І тут жа, працягваючы тэму музыкі, гаспадыня музея прыгадвае, што дзед слыннага беларускага кампазітара Ігара Лучанка быў родам з вёскі Язоўкі. Я ж узгадала фрагмент аповеду кампазітара, прачытаны нядаўна: “А вось пра яшчэ аднаго продка, майго прапрадзеда Фёдара Лучанка, сёе-тое ўдалося раскапаць. Аказваецца, ведучы немалую сялянскую гаспадарку, ён выконваў яшчэ і абавязкі войта. Па тым часе — гэта немалая пасада. Па сутнасці ён быў начальнікам над жыхарамі сваёй, а можа і суседніх вёсак. Пазней Фёдар Лучанок пераехаў у Язоўкі Ігуменскага павету, меў там немалы надзел зямлі.  Унук яго Лукаш стаў бацькам Міхаіла, а той — маім бацькам. Дзеда Лукаша помню слаба. Ён памёр, калі мне было чатыры гады. Але ведаю, што гэта быў высокі, дужы мужчына. Гаспадар. Поля меў не багата — шэсць дзесяцін, аднак жыў заможна. Калі прыйшлі агітаваць за калгас — усё аддаў, а сам у калгас не пайшоў. Застаўся адзінаасобнікам. Спяваў у царкоўным хоры. Чытаў “Біблію”. Лукаш быў тройчы жанаты, а памёр бабылём.  Такая вось доля…”
У стылізаванай хаце над сялянскім ложкам з вышыванкамі размясціліся партрэты продкаў самой Валянціны Ладуцькі.
Сярод іх найбольш дарагая ёй ксеракопія фота 1929 года. На жаль, часткова засвечаная, не перазняць фотаапаратам. На ёй прадзед Валянціны Пятроўны па бацькоўскай лініі. Сфатаграфаваны ў Амерыцы, куды паехаў наведаць аднаго са сваіх сыноў, які жыў там з сям’ёй.
Шмат рэчаў у музеі сялянскага побыту дарагія сэрцу гаспадыні, бо зроблены рукамі родных людзей. Вялізны куфар, з якім яе бабуля замуж ішла з Дубнікоў у Язоўкі. Вышыўкі, посцілкі – маміны. Рыбалоўная сетка, сплеценая татам. Дзедава шафа. Усё гэта як найлепш адлюстроўвае даўнейшы сялянскі побыт, які ўсё радзей можна зараз згледзець у вясковых хатах, прыбраных на сучасны гарадскі манер.
Сама Валянціна Ладуцька на дзіва арганічна пачуваецца ў інтэр’еры, створаным уласнымі рукамі.
 А гэты ўтульны куточак з посудам для чаяпіцця можна назваць па-сучаснаму – фотазонай.
Я таксама не ўтрымалася, каб не займець на памяць фотаздымак з падсвечнікам у руках, папрасіўшы гаспадыню націснуць на кнопку фотаапарата!
Аб прыватным музеі Валянціны Ладуцькі ведаюць не толькі на Чэрвеньшчыне, але і на Міншчыне, і нават у Расіі! Справа ў тым, што ўжо некалькі год запар яна з добраахвотнымі памочнікамі і памочніцамі ладзіць у Язоўках Пятроўскія кірмашы – своеасаблівае свята вёскі. З самага першага разу яно зацікавіла не толькі аднавяскоўцаў, але і жыхароў суседніх населеных пунктаў. Прыязджаюць сюды па запрашэнні гаспадыні яе колішнія калегі з мінскага “Ваенпраекта” ды будаўнічага трэста.
Таму лепей за ўсё выбраць для першага наведвання Язовак летні час – 12 ліпеня, дзень святых Пятра і Паўла, калі на падворку Ладуцькаў ладзіцца цэлая тэатралізаваная дзея! Тут можна палюбавацца на розныя самаробныя роставыя лялькі, а ў грыбны сезон падзівіцца на апенькі, якія растуць проста ў садзе!
Усіх сваіх гасцей Валянціна Пятроўна просіць пакінуць запіс у “Сшытку водгукаў”.
 Прагартаўшы яго, падзівілася: адкуль толькі ні прыязджаюць госці!
А збіраюцца яны за сталом у стылізаванай карчме, дзе ёсць невялічкі самавар і сабрана таксама шмат чаго цікавага.
 Вось такі аўтэнтычны куточак знаходзіцца ў вёсцы Язоўкі. Тут жыве беларускі дух. І я ўпэўнена, што сам музей знаходзіцца пад аховай Хатнічка, які здаўна жыве ў адрыне.


 
  • Gina, 03.12.2017 16:03 #
    +2
    2
    Так добра, калi у людзей ёсць справа жыцця. Такi своеасаблiвы музей будзе прыцягваць да сябе увагу i цiкавiць наогул, бо мы усё далей i далей адыходзiм ад тых часоу...  Дзякуй за цiкавы тэкст i файныя фотаздымкi!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 03.12.2017 16:05 #

      Дзякуй вялікі за водгук! Вельмі прыемна! А Вашай мове -- РЭСПЕКТ!!!!! Шчыра!!!   
      ответить на комментарий
      • Gina, 03.12.2017 16:08 #
        +1
        1
        Гэта усе дзякуючы Вам ;)
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 03.12.2017 16:08 #

          Ну што Вы!!!! Самі-самі!!!   
          ответить на комментарий
  • Lapka, 03.12.2017 19:28 #
    +1
    1
    Красиво и душевно.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 03.12.2017 19:59 #

      Дзякую!!!!  
      ответить на комментарий
  • Beautyconsultant, 03.12.2017 21:35 #
    +1
    1
    Супер! Все такое аутентичное и... вызывающее ностальгию)))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 03.12.2017 21:41 #

      Дзякуй! Яно сапраўды такое і ёсць... І пачуцці ў мяне такія ж, як Вашы... 
      ответить на комментарий
  • elina, 03.12.2017 22:34 #
    +1
    1
    какая молодец эта хозяюшка!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 03.12.2017 22:35 #

      Ага! Вельмі цікавая і захопленая жанчына!
      ответить на комментарий
  • adelka, 04.12.2017 00:09 #
    +1
    1
    "Тут жыве беларускі дух." I сапраўды... дзякую!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 04.12.2017 00:14 #

      Дзякуй Вам!  
      ответить на комментарий
  • Clown, 04.12.2017 11:39 #

    В 1929 поехал в Америку сына навестить? Причём никаких проблем не было? Или прадед в Речи Посполитой тогдашней жил? Интересно было бы порасспрашивать хозяйку об этом.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 04.12.2017 11:50 #
      +1
      1
      Прызнаюся, за год таксама "зачапілася", але размова пераскочыла на іншае... Не распыталася пэўна... Так што па магчымасці -- абавязкова пацікаўлюся! Дзякуй за падказку!!! 
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
38 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}