Па той бок журналістыкі / А Мароз-то -- сапраўдны!:))

 Нягледзячы на зусім не зімовае надвор’е з дажджом і лужынамі і фактычную адсутнасць снегу дарослыя стараюцца ствараць святочны настрой для дзяцей, радаваць іх цікавымі мерапрыемствамі.
Чэрвеньскі лясгас адразу ж пасля каталіцкіх Калядаў адчыніў у лясным гадавальніку самую сапраўдную рэзідэнцыю Дзеда Мароза! Яна будзе працаваць яшчэ тры дні да Новага года і два – пасля. У госці да галоўных навагодніх герояў прыйшлі навучэнцы чэрвеньскай гімназіі №1.
…А вось і першая неспадзяванка! Дзяцей тут сустрэў не Дзед Мароз, як можна было чакаць, і не Снягурка, а Лесавік! Ён запрасіў іх у свае ўладанні. І пакуль гімназісты слухалі яго аповед, за адной з цяпліц, дзе зімуюць маленькія елачкі і хвойкі, стаілася… Баба-Яга!
 Пад пазнавальную песню яна выскачыла са свайго ўкрыцця, закружылася вакол дзяцей, кагосьці і за руку схапіла. Толькі яе зусім не спужаліся, а ўсміхаліся насустрач.

 Усяляк яна шкодзіла, каб дзеці так і не пабачылі Дзеда Мароза і Снягурку. Але пасля шэрагу выпрабаванняў гімназісты дабраліся-такі да рэзідэнцыі казачных герояў, а Баба-Яга вымушана была ўцякаць.
 Дружна гукалі дзеці і дарослыя гаспадароў рэзідэнцыі: “Дзед Мароз! Снягурка!” А Лесавік дырыжыраваў імправізаваным хорам
 І як жа ўсе ўзрадаваліся, калі нарэшце расчыніліся дзверы і на ганку з’явіліся казачныя героі.
 Вось тут і пачаліся сапраўдныя гульні ды забаўлянкі. І столькі было радасці і смеху, што нават Баба-Яга папрасіла, каб ёй даравалі і дазволілі застацца разам з усімі.

 Ну, дзеці – яны ж добрыя, канешне. Дазволілі. А Дзед Мароз са Снягуркай тым часам запрасілі ўсіх у вясёлы карагод вакол ёлкі.
 І, канешне ж, якое свята без цукерак? Атрымаць іх можна было, расказаўшы верш, праспяваўшы песню ці прадэманстраваўшы іншыя свае таленты. Цікава, што юныя наведвальнікі з гімназіі найбольш дэманстравалі свае вакальныя дадзеныя. І былі пры гэтым такія сур’ёзныя-сур’ёзныя!
 Дзед Мароз і Снягурка ахвотна ўзнагароджвалі самых смелых і актыўных.

 
 Глядзеў-глядзеў на ўсё гэта Лесавік, а пасля і сам вырашыў паўдзельнічаць, павесяліўшы прысутных  прыпеўкамі. І таксама атрымаў салодкі пачастунак!
 А затым быў “Танец маленькіх качанят”, які ведаюць і хлопчыкі, і дзяўчынкі.

 Чарговая магчымасць зарабіць цукеркі – адгадаць загадкі, якія загадвалі Дзед Мароз і Снягурка. Асобныя кемлівыя гімназісты атрымалі ў суме цэлую жменю цукерак!
 Некаторыя дзеці настолькі асвоіліся ўжо, што нават не пабаяліся пасябраваць з Бабай-Ягой!

 Самыя актыўныя наведвальнікі паспаборнічалі ў тым, хто далей садзьме з далоні папяровую сняжынку. І вось яны, сучасныя дзеці! “Ой, пачакайце, у мяне тэлефон!” – усклікнула адна. Але, тым не менш, гульню не перапынілі. Так яна і спраўлялася – з тэлефонам у адной руцэ і сняжынкай у другой.
 
 Асабіста мне вельмі спадабалася гульня “Свечка жаданняў”. Самая сапраўдная запаленая свечка перадавалася з рук у рукі. І кожны, атрымаўшы яе, услых вымаўляў сваё запаветнае жаданне, якое павінна абавязкова спраўдзіцца ў новым годзе.
 Хтосьці прасіў здароўя для ўсіх, хтосьці – каб увесь гімназічны клас у поўным складзе перайшоў у наступны. “А можна я пра сябе скажу?!” – спыталася адна дзяўчынка. Шмат жаданняў-пажаданняў пачулі і запомнілі Дзед Мароз са Снягуркай. Некаторыя дзеці проста ўразілі!
Напрыканцы свята ўсе сфатаграфаваліся на памяць.

 …Даўно змоўклі дзіцячыя галасы і смех, а я знаёмлюся з казачнымі героямі. Некаторых з якіх, цытуючы фільм “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, “не пазнаю ў грыме”.
Ролю Лесавіка выканала рабочая ляснога гадавальніка Галіна Казакова, Бабы-Ягі – інжынер па лесаўзнаўленню і меліярацыі лясгаса Марына Буйвід, Снягуркі – памочнік ляснічага Чэрвеньскага лясніцтва Ганна Блашчаніца.
А вось і неспадзяванка! Ролю галоўнага казачнага навагодняга героя выканаў вучань 10 класа СШ №4 горада Чэрвеня, удзельнік школьнага лясніцтва… Міхаіл Мароз! Ён жа – сын начальніка ляснога гадавальніка Таццяны Мароз.
 Атрымліваецца, што Мароз-то ў рэзідэнцыі Чэрвеньскага лясгаса – сапраўдны!





 
  • Lapka, 26.12.2017 21:57 #
    +1
    1
    Баба Яга симпатичная)
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 26.12.2017 22:07 #

      І мне Марына падабаецца -- і ў гэтай ролі, і ў сваім звычайным выглядзе!  
      ответить на комментарий
  • fenix, 26.12.2017 22:05 #
    +1
    1
    Саппраудны, але не дзед)))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 26.12.2017 22:08 #

      Так!    Таму ў назве гэтага слова і няма! Сапраўдны толькі Мароз!      
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
58 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}