Фота Віктара Жыліна (з інтэрнэту)Сёння, 24 лютага, народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну споўнілася б 83 гады... Пра дзень яго народзінаў памятаю з таго часу, як пашчаслівілася ўзяць у яго інтэрв'ю. І штогод агортвае светлы сум, а ўспамінам у галаве проста становіцца цесна. Да гэтага часу памятаю тую адзіную сустрэчу, калі Паэт разам з бардам Алесем Камоцкім завітаў у наш Чэрвень.
... Шаноўнага Рыгора Барадуліна бачу на прыступках кінатэатра "Сучаснік". З ім мяне знаёміць наш сябра пісьменніцкага Саюза, родам з Ушаччыны, Генадзь Аўласенка. Колькі слоў – і Рыгор Іванавіч схіляе галаву, каб пацалаваць мне руку. Ад нечаканасці выпускаю букет, прызначаны яму. За ім нахіляемся разам. Прашу аб інтэрв’ю – і атрымліваю станоўчы адказ. І настолькі народны паэт просты і сяброўскі, што ўсё маё хваляванне раствараецца. Я ў поўным захапленні!
...Мы сядзім у зале кінатэатра. І гэта – не, не інтэрв’ю! – шчырая сяброўская размова. Перапісаная пасля на ўласную касету, яна і зараз захоўваецца ў мяне. Пазіраю ў мудрыя вочы – і пытаюся пра ўсё на свеце! Вось тая частка гутаркі, якая была надрукавана ў нашай раённай газеце.
Рыгор Барадулін: "Самым дарагім набыткам у жыцці я лічу беларускую мову..." -- Рыгор Іванавіч, сёння Вы сустракаецеся з чэрвеньцамі ў пятніцу, 13-га. Вам аб чым-небудзь гаворыць гэтае супадзенне?-- Па-першае, 13-е чысло для мяне шчаслівае. А наогул, па сістэме лічбаў, няма 13-ці, а ёсць "1" плюс "3" -- "чатыры". А лічба "4" абазначае трываласць, грунтоўнасць, спакой. Так што гэта невыпадкова. Я люблю і панядзелак, і 13-е чысло.
-- А ўвогуле Вы сябе лічыце прымхлівым чалавекам?-- Я веру ва ўсё. Перш за ўсё, я веру ў Бога (і верыў усё жыццё), а па-другое, я веру ў прыкметы.
-- А я ведаю, што ў Вас жыве кот Мірон, а ён жа чорны...-- У яго затое белае падбароддзе і белыя лапкі.
-- І гэта выключае нядобразычлівыя адносіны да чорнага ката?-- Гэта выключае...
-- Між іншым, дазвольце Вас павіншаваць з імянінамі. Сёння па праваслаўным календары імяніны Рыгора.-- Ой, дзякуй, дзякуй! Я хоць і ўніят, але прыемна, прыемна...
-- Скажыце, калі ласка, Вы калі-небудзь былі ў нашым горадзе ці гэта Ваша першае наведванне?-- Я бываў, як быў маладзейшы, бываў, праўда, улетку... Горад мне падабаецца, я люблю Чэрвень. Гэта старажытнае месцішча, беларускае, гістарычнае. Гэта быў Ігумен. Ну, не мне Вам тлумачыць. Тут і сумныя падзеі былі, звязаныя з нашай гісторыяй, і прыемныя... Але заўсёды на душы, калі прыязджаеш у Чэрвень, і трывожна, і спакойна.
-- Рыгор Іванавіч, а ці памятаеце Вы, пад уражаннем чаго напісалі першыя вершы?-- Гэта было даўно. Я яшчэ ў школе выпускаў насценгазету "Калючка", крытыкаваў недахопы свае ў іншых. І так пісалася тое, што пісалася...
-- Скажыце, калі ласка, каго Вы лічыце сваім Настаўнікам у літаратуры?-- Сваімі настаўнікамі я лічу Максіма Багдановіча і Янку Купалу. Ну, а сябры-пісьменнікі ўсе мае, на жаль, ужо ТАМ... Застаўся толькі адзін сябра на зямлі -- Васіль Быкаў.
-- А самым строгім літаратурным крытыкам?-- Маімі самымі строгімі літаратурнымі крытыкамі былі (іх, на жаль, ужо таксама няма) Рыгор Бярозкін, светлай памяці, і мой сябра Міхась Стральцоў.
-- Рыгор Іванавіч, якія вершы Вам пісаць цяжэй: кароткія з глыбокім сэнсам або разгорнутыя, у якіх ну проста думка лётае?-- Вы ведаеце, гэта ўсё з гадамі... Ну, і што пішацца... Калі думка і лётае, то, канешне ж, не як верабей пад страхою, ён усё-ткі там пэўна абмежаваны... Як пішацца... Калі доўгія, калі кароткія... У апошні час стараюся карацей.
-- Такое пытанне ў мяне ўзнікла пасля прачытання Вашага верша "In memoria", надрукаванага ў "ЛіМе":
Над Беларуссю
Сонца марудна ўстае
І спяшаецца за навалай навала.
Адам Міцкевіч паліць
Беларускія вершы свае,
Каб напісаў іх Янка Купала.
Па-мойму геніяльна: у некалькіх радках перадаць такую глыбокую думку!-- Дзякуй.
-- А ці ёсць у Вас, Рыгор Іванавіч, самы дарагі сэрцу твор, зборнік альбо ўсе аднолькава любімыя?-- Вы ведаеце, адзін час адно нешта падабаецца, другі час другое... Але калі ў цябе пачынаюць быць любімымі твае творы, гэта ўжо таксама небяспечна... Гэтак можна і ў Нарцыса ператварыцца... У нас ёсць нарцысы ў літаратуры, якія самі на сябе глядзяць і слухаюць сябе...
-- Вы займаецеся літаратурнымі перакладамі: Ду Фу, Ван Вэй з Кітая, Амар Хаям з Персіі... А колькі моў Вы ведаеце?-- Я некаторыя еўрапейскія ведаю, але не зусім дасканала, славянскія ведаю... Але пераклады не ўсе ж рабіліся з арыгіналаў. Былі арыгіналы і былі даслоўнікі. А ўвогуле, пераклады, я лічу, -- частка аўтарскай працы. Я не за даслоўны пераклад. Даслоўны пераклад можа зрабіць цяпер і камп'ютар выдатна...
-- Рыгор Іванавіч, а што Вы лічыце самым дарагім набыткам у жыцці?-- Самым дарагім набыткам у жыцці я лічу беларускую мову і тое, што я тады спакойны, калі нешта раблю...
-- І, магчыма, складанае пытанне...-- Давайце.
-- Калі б Вас папрасілі напісаць эпіграф не да твора, а да ўсяго Вашага жыцця, які б радок Вы б выбралі?-- Я б, можа, такі б выбраў: "Я д'яблу не прадаў душу..."
-- Вялікі дзякуй! Ад імя ўсіх чэрвеньцаў дазвольце пажадаць Вам моцнага здароўя, творчых набыткаў і пабольш добрых людзей побач!-- Дзякуй! А я жадаю чэрвеньцам настрою, поспеху, заставацца беларусамі і гаспадарамі сваёй зямлі!
... Для аўтографа сабе я тады адшукала публікацыю пра народнага паэта ў прафесійным філалагічным часопісе “Роднае слова”. “Вяльможнай спадарыні ... – Дзякуй! Рыгор Барадулін” – напісана там.
Гэта была падзяка за інтэрв’ю, за стасункі, за ўвагу да творчасці. Пакінуў па маёй просьбе шаноўны Рыгор Іванавіч і свой адрас, на які я крыху пазней адаслала некалькі экземпляраў раённай газеты з уласным лістом-падзякай.
Я ўдзячна Рыгору Барадуліну за многае: за яго таварысцкасць, за такія простыя адносіны, за яго разуменне і падтрымку, якія адчувала падчас усёй нашай размовы. А яшчэ, як ні дзіўна, за тое, што пасля гэтай сустрэчы я абсалютна перастала баяцца супадзення “пятніца, 13-га”.
...На пачатку сакавіка 2014-га года я глядзела па інтэрнэту трансляцыю з Чырвонага касцёла, дзе развітваліся з Рыгорам Барадуліным, і не выцірала слёз. Так балюча было, такая скруха на сэрцы... Амаль чатыры гады мінула, і ў гэтыя дні мне зноў сумна-сумна... Я гляджу на блакнот з пытаннямі, газету з інтэрв’ю, часопіс з аўтографам, касету з запісам – і мне не трэба нават заплюшчваць вочы, каб уявіць тую сустрэчу. Як добра, што яна была ў маім жыцці.
... Мы памятаем Вас, дзядзька Рыгор!
3