Па той бок журналістыкі / Паэту-песенніку Уладзіміру Пецюкевічу – 75!

Той, хто штогод уважліва сочыць за вынікамі конкурсу маладых выканаўцаў падчас “Славянскага базару” ў Віцебску, павінен памятаць і гэтыя моманты. 1999-ы год – першае месца Ірыны Дарафеевай з “Баладай”, 2005-ы – Гран-пры Паліны Смолавай з “Рэхам жураўліным”, 2006-ы – першае месца Наталлі Гардзіенкі з Малдовы з “Азярцом”. Усе яны выступалі з песнямі, створанымі вядомым у Беларусі творчым тандэмам: паэтам Уладзімірам Пецюкевічам і кампазітарам Дзмітрыем Даўгалёвым.
...З Уладзімірам Пецюкевічам мне пашчасціла пазнаёміцца аднойчы ўлетку, калі ён разам з жонкай Аксанай завітаў у рэдакцыю чэрвеньскай раёнкі, дзе я тады працавала.
 Аказваецца, у сезон яны штогод прыязджалі на лецішча ў чэрвеньскую вёску Красны Дар. Там у гаспадыні мелася сядзіба, якая дасталася ў спадчыну ад дзеда. А прадзед Аксаны Пецюкевіч, між іншым, быў у ліку пяці першых заснавальнікаў гэтага паселішча, якое пасля вёскай стала.
Тая гутарка-размова і зараз памятаецца да драбніц. Якім адкрыццём сталася для мяне тое, што менавіта Уладзімір Пецюкевіч аўтар слоў, а Дзмітрый Даўгалёў – музыкі такіх папулярных у 1990-я гады песень, якія выконвалі вядомыя, любімыя многімі і зараз спевакі! “Гаю мой, не кліч”, “А ты кажаш: вясна”, “Беласнежка” -- Валерый Дайнэка, “Не сумуй, матуля”, “Белая лілея” – Сяргей Герасімаў, “Мілая спадарыня” – Якаў Навуменка, “Зараніцы” – Іна Афанасьева і Валерый Дайнэка...
Такімі ж паспяховымі сталіся для творчага дуэту “Уладзімір Пецюкевіч-Дзмітрый Даўгалёў” і наступныя дзесяцігоддзі. А пачалося іх супрацоўніцтва яшчэ ў 1985-ым, калі сумесная песня “Поле горкіх палыноў” стала дыпламантам на аглядзе патрыятычнай песні ў Тбілісі. З таго часу яны стварылі больш за сто песень! А Уладзімір Пецюкевіч супрацоўнічаў яшчэ і з іншымі кампазітарамі...
Памятаю, як пацікавілася падчас нашай першай сустрэчы:
-- Уладзiмiр Генрыхавiч, а як атрымалася, што Вы пачалі складаць вершы, i калi напісалі першы твор?
-- Мой бацька загiнуў на вайне. Тыя хлапчукi, чыiм татам пашчасцiла вярнуцца, мелi самаробныя санкi. А ў мяне iх не было. Тады я садзiўся на нейкую ледзяную калоду, ехаў з горкi i крычаў:
“Я катаюся на лёдзе,
На старой гнiлой калодзе...”.
-- Атрымліваецца, у дзяцінстве ўжо рыфмавалі, ды па-беларуску?!
-- Так. А ў школу мы хадзiлi за пяць кiламетраў. I ўжо тады маю душу кранала прыгажосць навакольнай прыроды, якую з гурту хлопцаў заўважаў чамусьцi я адзiн. Вельмi многiм абавязаны свайму дзядзьку, а фактычна духоўнаму бацьку Мар’яну Пецюкевiчу. Ён быў вядомым вучоным-этнографам. У свой час пазнаёмiў мяне са слынным паэтам-песеннiкам Сяргеем Новiкам-Пеюном, якога таксама лiчу сваiм духоўным бацькам.
Цікава, што будучы паэт-песеннік не заканчваў філфак ці які літаратурны інстытут. Ураджэнец Браслаўшчыны, ён абраў у свой час Беларускi iнстытут механiзацыi i электрыфiкацыi сельскай гаспадаркi. Пасля яго заканчэння прымаў удзел у электрыфікацыі нашай краіны, што цяпер падаецца досыць рамантычным.
Але ўсё ж творчая натура прасіла іншага. Такім сталася праца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. А першы верш Уладзіміра Пецюкевіча быў надрукаваны яшчэ ў 1975-ым годзе.
Падчас нашага знаёмства Уладзімір Генрыхавіч падараваў мне сваю кнігу “Узняўся белы птах”, куды ўвайшлі песні, вершы, балады. Яе аб’ём уражвае – 564 старонкі! Кніга пабачыла свет у 2004-ым годзе ў Вільні пры садзейнічанні Таварыства Беларускай Культуры ў Літве і дзякуючы грашовым ахвяраванням стрыечнай сястры Уладзіміра Марылі Пецюкевіч.

 
Так пачалося маё асабістае знаёмства як з самім паэтам і яго жонкай (па сумяшчальніцтве – Музай), так і з яго адметнай творчасцю. Зрэшты, расказваць пра вершы ці песні – справа няўдзячная. Іх трэба чытаць і слухаць, што я і раблю з задавальненнем.
За гэты час пабачылі свет дыскі песень Уладзіміра Пецюкевіча і Дзмітрыя Даўгалёва “Заспявай мне песню, крывічанка”, “Рэха жураўлінае”.
Мне заўсёды прыемна бачыць у рэспубліканскім друку ўзгадкі пра Уладзіміра Генрыхавіча, чытаць яго вершаваныя радкі.
З апошняга памятаецца запрашэнне на аўтарскі канцэрт кампазітара Дзмітрыя Даўгалёва і паэта Уладзіміра Пецюкевіча “Мелодыя сэрца”, які адбыўся ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі 29 студзеня 2013 года. На жаль, паехаць не выпадала па даволі банальнай прычыне, па якой міма мяне, жыхаркі правінцыі, праходзяць тэатральныя прэм’еры, канцэрты ды іншае. Распачынаюцца яны звычайна а дзевятнаццатай гадзіне. Магчымасці заначаваць у сваякоў у Мінску не маю, і даехаць да Чэрвеня па заканчэнні імпрэзы ўжо няма на чым. Шкада, што ў свой час наш старажытны Ігумен абмінула чыгунка…
Але ўсё ж я атрымала магчымасць пабачыць хаця б частку канцэрта – дзякуючы шчодраму дарунку паэта. Напрыканцы сакавіка 2013-га ён даслаў мне два дыскі з запісамі адтуль і свой другі зборнік вершаў пад назвай “Струны пілігрыма”.
Чарговая кніга паэзіі пабачыла свет ужо ў Мінску – невялікім накладам. Спрычыніліся да гэтага выдавец Ігар Віркоўскі, набор выканаў Мар’ян Пецюкевіч, набор і вёрстку – Дзмітрый Даўгалёў. У зборнік увайшлі адметныя вершы Уладзіміра Пецюкевіча розных гадоў, фотаздымкі. Прадмову, як і да першага зборніка, склаў памянёны кампазітар, сябра Уладзіміра Пецюкевіча Дзмітрый Даўгалёў.
“Да сустрэчы на Чэрвеньскай зямлі!” – так заканчваецца дарэнчы надпіс Уладзіміра Генрыхавіча на кнізе “Струны пілігрыма”. І мне вельмі прыемна ўсведамляць, што і наша Чэрвеньшчына паслужыла крыніцай натхнення для браслаўска-мінскага паэта-песенніка Уладзіміра Пецюкевіча.
А сёлета 1-га сакавіка  Уладзіміру Генрыхавічу споўнілася 75! Я патэлефанавала яму на мінскі нумар. На маё шчасце, нумар, у адрозненне ад майго, не памяняўся. Мы вельмі сардэчна паразмаўлялі. Я даведалася, што Уладзімір Пецюкевіч захапіўся напісаннем трыялетаў! Пачуўшы пра гэта, адразу ж прадэкламавала свой любімы -- Максіма Багдановіча, які, дарэчы, у свой час і ўвёў у беларускую літаратуру такую даволі мудрагелістую класічную форму верша:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць.
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Цяпер чакаю, калі змагу пазнаёміцца з трыялетамі Уладзіміра Генрыхавіча!
Ну, і тройка маіх любімых песень на словы Уладзіміра Пецюкевіча і музыку Дзмітрыя Даўгалёва:
 

 
 








 
  • pandolya, 04.03.2018 21:42 #
    +2
    2
    Якая у цябе мова прыгожая i жвавая! Прыемна i цёпла чытаць заусёды.  "Рэха жураулiнае" ведаю, прыгожая песня.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 04.03.2018 22:03 #

      Шчыра дзякую!!!! Прыемна!!! 
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
229 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}