Па той бок журналістыкі / Дзяўчаты могуць усё

Бліскуча выканаўшы ў гэтым зімовым сезоне ролю Снягуркі падчас адкрыцця рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Чэрвеньскім лясгасе, яго супрацоўніца Аня Блашчаніца цяпер смела можа прэтэндаваць і на ролю Вясны. Прыгажуня з мілай усмешкай, тым не менш яна можа быць сур’ёзнай і патрабавальнай, калі таго вымагаюць абставіны. 
Ураджэнка Баранавіцкага раёна, лес Аня палюбіла з дзяцінства. Напачатку, малой, па аповедах сваёй маці, якая нарадзілася і вырасла на аддаленым хутары. Затым – падчас паходаў за ягадамі і грыбамі, прагулак. Абраўшы ў старэйшых класах пры падтрымцы хроснага бацькі і яго жонкі лясную прафесію, паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
Цікава, што яшчэ колькі гадоў таму на спецыяльнасць “інжынер лясной гаспадаркі” паступалі пераважна хлопцы. А цяпер усё больш дзяўчат не баяцца займаць “мужчынскія” пасады. Зрэшты, пра сваю – памочнік ляснічага -- Аня Блашчаніца падчас вучобы ў ВНУ і не марыла. Яна хацела займацца абаронай лесу, марыла атрымаць месца інжынера-лесапатолага.
Упершыню ў Чэрвеньскі лясгас яна трапіла падчас універсітэцкай практыкі. Ды яшчэ акурат у гэтым лясніцтве, якое, дзякуючы запрашэнню намесніка дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанны Чарнавец, і стала яе першым працоўным месцам, разам з яшчэ адной цяперашняй каляжанкай Марынай Буйвід пачынала закладваць міні-дэндрапарк.
Займацца пасадкай і доглядам раслін Аня Блашчаніца любіць! Вельмі задаволена тым, як падрастаюць іх з Марынай зялёныя гадаванцы. Нават зараз, не ў сезон, тэрыторыя ля Чэрвеньскага лясніцтва выглядае досыць завабліва – з усімі гэтымі невысокімі пакуль раслінамі і таблічкамі ля іх, накрытымі (у сакавіку!) утульнай снежнай коўдрай.
 А больш за ўсё раслін Аня садзіць, натуральна, увесну -- падчас штогадовых тыдняў лесу. У апошнія гады гэтая праца-захапленне робіцца ўсё больш актуальнай. Бо, на жаль, ураганы не абмінаюць тэрыторыю Чэрвеньшчыны. І ўзнаўляць лясныя культуры даводзіцца актыўна. А зламанага-выкарчаванага лесу Ані Блашчаніцы шкада да слёз! І гэтае ўразлівае стаўленне таксама ідзе яшчэ з дзяцінства.
Тады лес успрымаўся дзяўчынкай як дзівосная таямніца, поўная самых розных нечаканасцей. А калі яна ўпершыню трапіла на практыку, заўважыла, як змянілася стаўленне да зялёнага сябра.
-- Памятаю, на першым курсе мы вывучалі батаніку, -- прыгадвае Аня. – І калі на летніх вакацыях, прыехаўшы дадому, я пайшла ў лес... Бачу, напрыклад, лішайнік – і не проста ім любуюся, а тут жа ўзгадваю, як ён завецца на латыні. Гэтак і з іншымі раслінамі. Такія ўдумлівыя адносіны праяўляліся...
Калі зараз па працы Аня бывае ў лесе, дык пазірае на наваколле прафесійна. Дзе рабіць адводы, якое дрэва выглядае не дужа здаровым, колькі гадоў той хвоі – усё прыкмячае і аналізуе.
Хаця пасада памочніка ляснічага больш кабінетная, чым выязная. І строгасць патрэбна, бо ў падначаленні ж -- мужчыны.
 І той самы ўнутраны стрыжань павінен быць, бо замяняць ляснічага – гэта вялікая адказнасць. Цікаўлюся ў Ані, ці даводзілася ўжо за амаль тры гады працы ў Чэрвеньскім лясніцтве заставацца “на гаспадарцы”.
-- Было такое, -- прыгадвае дзяўчына. -- Вельмі хвалююча, прызнаюся. Бо ў падначаленні – людзі, транспарт, і ўсім гэтым трэба кіраваць, прымаць рашэнні, адказваць на пытанні, вырашаць праблемы... Але мне дапамагалі, вядома ж, у нас добры калектыў. Такога няма, што цябе кінулі – і рабі ўсё сама...
-- А таго, чаму вучылі ва ўніверсітэце, хапала ці шмат чаго даводзілася асвойваць на месцы?
-- У нас ва ўніверсітэце кожны год была практыка -- у Негарэлым. Мы там жылі – месяц, паўтара. І амаль па кожнай дысцыпліне праводзіліся практычныя заняткі. Мы хадзілі ў лес, садзілі лясныя культуры. Разбіраліся ва ўсім з самага пачатку і грунтоўна. Таму падчас маёй самастойнай працы не было такога, што абсалютна нічога не ведаеш па якімсьці пытанні.
-- Аня, а каму тут удзячна за навуку?
-- Найперш ляснічаму – Дзянісу Жаўняровічу. Ён вучыць мяне практычна ўсяму, бо я ж больш займалася абаронай лесу. Але хачу сказаць, што за амаль тры гады разабралася і абсалютна не шкадую, што пайшла памочнікам ляснічага. Яшчэ падтрымліваю цесныя сувязі з аднакурснікамі, мы часта стэлефаноўваемся, кансультуемся адна з адной па самых розных пытаннях. Гэта таксама вялікая падтрымка.
Адпрацаваўшы абавязковыя два гады па размеркаванні, Аня вырашыла застацца на Чэрвеньшчыне. І хаця жыве яна на здымнай кватэры, умовамі задаволена. Ахвотна наведвае фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Ігумен”, любіць фітнэс і басейн. У апошні, дарэчы, абанементы для сваіх работнікаў набывае Чэрвеньскі лясгас. Выступае дзяўчына і ў складзе лясгасаўскай валейбольнай каманды.
-- А што ў планах? – цікаўлюся.
-- Гледзячы якія будуць прапановы...
-- А змагла б працаваць ляснічым?
-- Я нават не ведаю...
-- Тады па-іншаму спытаюся: ці хацела б?
-- Мне здаецца, што ляснічы – гэта ўсё ж больш мужчынская праца. Хаця і ў памочніках многа дзяўчат.
Пытаюся ў сваёй суразмоўцы, ці цяжка ёй далася роля Снягуркі.
 Аказваецца, зусім не. У школьныя гады Аня Блашчаніца з задавальненнем займалася ў тэатральным гуртку, спявала. А ролю менавіта Снягуркі і ўвогуле выконвала разоў сем! Хаця тут пэўныя цяжкасці ўсё ж былі...
-- Мне здаецца, цяперашніх дзяцей цяжка чымсьці здзівіць, -- задумліва разважае дзяўчына. – Ды і каго чым здзівіш у век інтэрнэту?! А вось мы былі зусім іншымі. У маленстве шчыра верылі ў Дзеда Мароза і Снягурку. А для гэтых дзяцей казачныя героі – з разраду цалкам звычайнага...
І ўсё ж успаміны пра ролю ўнучкі Дзеда Мароза, нягледзячы на высокі снег, застаюцца ўжо ў мінулым. Наперадзе вясна – любімая пара году Ані Блашчаніцы.
 -- А чаму менавіта яна? – пытаюся.
-- Мабыць, таму, што я нарадзілася ўвесну, 23 сакавіка, -- усміхаецца дзяўчына. – А яшчэ, бо запомніўся з маленства той час, калі з’яўляюцца першыя пралескі. Прыходзіш у лес, а ён выглядае зусім па-іншаму. Свежае паветра, першыя раўчукі, і такое ўсё прыгожае... Любоў да лесу, мабыць, у мяне крыві...
-- А якія твае любімыя кветкі?
-- Пакаёвыя -- архідэі, а вулічныя – анюціны вочкі, віёла. Больш падабаецца, калі дораць кветкі ў вазонах. Бо зрэзаныя завянуць, іх будзе шкада...
Спадзяюся, на 8 Сакавіка Аня атрымала вясновыя кветкі ў падарунак!








 
  • Gina, 09.03.2018 20:38 #
    +1
    1
    Цiкавы аповед, дзякуй! Маладзец дзяучына. За сябе скажу, мне б таксама спадабалася б такая праца: я люблю усё прыроднае. I мужчынскi калектыу таксама мне да спадобы.)))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.03.2018 20:58 #

      Дзякуй! У нас падобныя густы!  
      ответить на комментарий
  • Nayana, 09.03.2018 21:11 #
    +2
    2
    Какая очаровательная Аня с приятной улыбкой!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.03.2018 21:12 #

      І я ад яе ў захапленні!  
      ответить на комментарий
  • Elem, 10.03.2018 07:45 #
    +1
    1
    Аня малайчына і прыгажуня. І выконвае вельмі важную для нас усіх працу!
    ответить на комментарий
  • sonejka-ja, 10.03.2018 08:01 #

    Так!
    ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
133 поста
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}