Па той бок журналістыкі / Сардэчная праца

Каб працаваць сацыяльным работнікам, трэба мець шчырае сэрца. Не проста механічна выконваць просьбы-заданні-абавязкі, а ўкладваць у іх душу. Умець суперажываць, шкадаваць, знаходзіць падыход да кожнага, часам капрызлівага, як дзіця, сталага чалавека. І заўсёды рабіць больш, чым трэба.  Усё сказанае ў поўнай меры адносіцца да сацработніка Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольгі Фурс, якая ўжо 25 гадоў у любое надвор’е спяшаецца да сваіх падапечных.
Плюс да абавязкаў -- валанцёрства
Пэўнае паняцце аб прафесіі сацработніка Вольга мела яшчэ ў юнацтве. Ураджэнка Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці, яна чула тлумачэнні ад суседкі, што тая дапамагае састарэлым у хатняй працы, набывае для іх прадукты... Але сама дзяўчына то ў медыцыну хацела пайсці, то ў сельскую гаспадарку. У жыцці ж атрымалася зусім па-іншаму. Оля рана выйшла замуж, нарадзіла дачку. А праз пяць гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ёй з мужам прапанавалі пераехаць з зоны адсялення ў вёску Любішына, што на Чэрвеньшчыне.
У 20 гадоў маладой жанчыне ўжо хацелася не вучобы, а самастойнасці. І калі ёй прапанавалі пайсці ў сацработнікі, пагадзілася. Незнаёмай была не толькі прафесія, але і тэрыторыя. Бо першыя яе падапечныя жылі ў вёсцы Калодзежы – больш за 10 кіламетраў ад Любішына.
-- Калі я ў жніўні 1992-га прыйшла працаваць, тады ўсё было не так, як зараз, -- прыгадвае Вольга Фурс. --  Сацыяльныя паслугі былі бясплатнымі, бабулі-дзядулі нічога за іх не плацілі. Мне далі спіс: “Во твае людзі”. А я ж не ведаю нічога! Дзе тыя Калодзежы, дзе хто жыве. А вёска ж вельмі вялікая, бо ў свой час, як мне расказвалі, у яе ўвайшлі некалькі пасёлкаў. Я не ведала, як з людзьмі сябе паводзіць. Здаецца, скажу не так – пакрыўдзяцца. А людзі ж усякія. Мабыць, дапамагло тое, што ў Калодзежах адна бабуля была таксама з Гомельскай вобласці. Пачала пытацца: “А ты адкуль? У цябе мова не такая”. Пазнаёміліся з зямлячкай, паразмаўлялі. І неяк яна мне як свая стала. Так паціху і пачала асвойвацца.
-- А пачыналі з якой колькасці чалавек на абслугоўванні?
-- Пяць-шэсць было.
-- Вольга, а хто за 25 гадоў запаў у душу? Каго прыгадваеце?
-- Ой, усялякія былі. Я аднойчы нават села і лічыла, колькі ў мяне было людзей.
-- І колькі?
-- Пад 50. Запамінаюцца і добрым, і дрэнным. У Камісарскім Садзе быў (ужо няма яго) Суша Сямён Мінавіч. Чамусьці часта прыгадваю. У Любішына адна бабка жыла, таксама з Гомельшчыны. У мяне было некалькі такіх падапечных, што хацелася ім дапамагчы, зрабіць нават болей, чым трэба. Хаця практычна ва ўсіх так і атрымліваецца – болей. Ну як адмовіцца, калі людзі нямоглыя просяць?! Памятаю, адзін дзядуля жыў у Калодзежах. Мыцца не хацеў, у хаце не пераступіць. Спрабую што рабіць, а ён мяне выганяе. “Мне так трэба!” У мяне нават непрыемнасці ад начальства з-за яго тады былі. Пакуль сам начальнік у яго ні пабыў. Там і пачуў, каб ніхто не чапаў... нават павуцінне ў той хаце. Маўляў, яно лекавае... Нядаўна не стала Любові Васільеўны Холад з Калодзежаў. Тая то дошчачку прыгожую для календара падаруе – ад дачкі ды ўнучкі, то фіялачку. Ведала, што і я пакаёвыя кветкі люблю. Памятаю, еду праз некалькі дзён пасля яе пахавання – і быццам якая сіла паварочвае мяне на могілкі. Заехала, праведала... А так бабулі не аднойчы прасілі дапамагчы ім на могілках прыбрацца. І з імі, і замест іх. Гэта ў абавязкі не ўваходзіць, хутчэй як валанцёрская дзейнасць. Ну не дойдуць тыя бабулі самі да пахаванняў. Езджу на веласіпедзе і прыбіраюся.
-- А што мянялася на вашай памяці ў абавязках сацработнікаў за чвэрць стагоддзя?
-- Як я ўжо прыгадвала, спачатку было сацыяльнае абслугоўванне бясплатнае. І, трэба сказаць, тады людзі зусім па-іншаму да гэтага ставіліся. Тады сапраўды была дапамога, і яны былі задаволеныя. А калі стала платна... Цяпер так: “Я плачу – ты павінна”. Прычым любое, нават калі няма ў пераліку. Ну, і атрымліваецца, што робіш.
-- І што цяпер самае складанае ў вашай працы?
-- Дабрацца да падапечных. 11 кіламетраў ад нашага сельсавета да адной з бабуляў у Калодзежах. Езджу, у асноўным, на веласіпедзе. А сітуацыі бываюць розныя. То кола спусціць, то дарогі перамяце. Тады спадарожную машыну ловіш, чакаеш аўтобуса ці ідзеш пехатою.
-- А як падчас “Хаўеру” 5 гадоў таму справіліся?!
-- Мне фактычна пашанцавала. З Камісарскага Сада выйшла, а ў Любішына прыехала на спадарожнай машыне. Да дома свайго ішла па калена ў снезе. Памятаю, быў тады ў мяне дзядуля ў Калодзежах  на абслугоўванні. Я зайшла да яго ў панядзелак. Бабка ў бальніцы, а ён сабе толькі такі кавалачак двара адчысціў, каб з хаты вылезці. Ад брамкі да дзеда – снегу па пояс! Самае крыўднае, што ў суботу была ўнучка. Я сляды ўбачыла, спыталася, хто прыходзіў. А яна майму падапечнаму патэлефанавала толькі: “Дзед, я ў цябе была, але не далезла”. Во так! Паглядзела – і паехала. У кагосьці дзеці двор чысцілі, камусьці суседзі дапамагалі. А ў гэтага дзеда я гадзіны дзве з паловай снег кідала.
-- Вольга, колькі ў вас зараз чалавек на абслугоўванні?
-- Дванаццаць: дзесяць з Калодзежаў і два --  з вёскі Камісарскі Сад. Але ёсць такія, да каго адзін-два разы на месяц трэба ісці. А да чалавек васьмі – пастаянна.
Калі клопат – узаемны
...Чырвоную шапачку Вольгі Фурс (чырвоны – яе любімы колер!) падапечная з Калодзежаў Галіна Раманаўна Шут звычайна згледжвае здалёк. Такія асаблівасці яе хаты: на ўзгорку добра бачна і машына дзяцей, якія прыязджаюць кожныя выхадныя, і сацыяльны работнік на веласіпедзе. Тут Вольга бывае два разы на тыдзень ужо чацвёрты год. Не толькі каб дапамагчы, але і адведаць, паразмаўляць, як трэба – ціск дапамагчы памераць. На гэтым канцы вуліцы рэдкія хаты маюць насельнікаў не ў дачны сезон.
Пасля трох гадоў стасункаў жанчыны добра ведаюць біяграфію адна адной. Галіна  Раманаўна, напрыклад, нарадзілася ў вёсцы Дубок Чэрвеньскага раёна, але фактычна ўсё жыццё пражыла ў Калодзежах. Пасля вайны, кажа, засталася ні з чым – усё згарэла. Тата быў на фронце, мама памерла. І дзяўчынку забрала сюды, у Калодзежы, да сябе цётка. Тут усё жыццё працавала ў саўгасе – на ферме, у брыгадзе. Выгадавала траіх дзяцей. Ужо даўно жыве адна, без мужа.
Сацыяльны работнік не толькі дапамагае ёй па гаспадарцы, але і прывозіць патрэбныя лекі з Любішынскага ФАПа (у Калодзежах яго няма), плаціць за электрычнасць ды тэлефон.
Такіх заданняў Вольга Фурс атрымлівае шмат. Таму і запісвае ў спецыяльны блакнот, каму і за што трэба заплаціць, колькі грошай даюць, колькі рэшты аддаць.
 -- Ой, добрая дзяўчынка! – хваліць сваю памочніцу Галіна Раманаўна. – Як прыедзе, дык і тое зробіць, і тое. У мяне дзве дачкі і сын. А Вольга для мяне ўжо як трэцяя дачка!
Такія стасункі, водгукі і адносіны – самае прыемнае ў працы сацыяльнага работніка. Ды яшчэ – адчуваць шчыры клопат з боку саміх падапечных. Калі дрэннае надвор’е, некаторыя абавязкова патэлефануюць пасля пяці вечара дахаты і папытаюцца, як дабралася.
-- Неяк, памятаю, у дрэннае надвор’е заходжу ў хату да бабулі, -- распавядае Вольга, -- а тая: “Ой, дзіцятка! Ну нашто ты ехала?! Не магла дома пабыць?!” Шкадуюць. Але ж гэта ж мой абавязак. Ды і калі б я да каго ў гэты дзень не паехала, дык на другі была б большая нагрузка... Таму – дождж, снег – усё роўна едзеш і ідзеш.
Хатні рэлакс
А дома пра Вольгу турбуюцца муж і сын, які нарадзіўся ўжо тут, у Любішына. Па тэлефоне пра маміны справы пытаецца дачка. З-за асаблівасцяў працы ў краме вёскі Ведрыца на выхадныя яна прывозіць бабулі-дзядулю пяцігадовую ўнучку. Так што клопатаў Вользе і ў выхадныя стае. Але яны прыемныя, канешне ж.
 
Калі ж раптам з’яўляецца вольная хвілінка, дык Вольга Фурс вяжа шкарпэткі, світары ды іншыя цікавыя рэчы.
 
Вось, напрыклад, гледзячы на гэтую, я чамусьці па асацыяцыі ўявіла майстрыху дзесьці... у тэатры. А ўвогуле, рэч і зручная, і цёплая, сцвярджае Вольга. Ды і вяжацца нескладана.
 
Ну, а якое самае вялікае яе захапленне, здагадацца нескладана. Дастаткова толькі зайсці  ў залу, а там... Антурыум! Паўтара метра вышынёй! Ніколі такога не бачыла. Звычайна растуць яны ўшыркі, як куст, а тут – цэлае дрэва!
 
-- Што самае цікавае, ён цвіце пастаянна! – зазначае Вольга. – Адны кветкі адцвітаюць, другія з’яўляюцца. Антурыум гэты мне падаравалі гадоў пяць таму. Вось і вымахаў такі. Ён вельмі любіць апырскванне. Стараюся гэта рабіць рэгулярна.
 
Таксама з лёгкасцю пазнаю плюшч васковы, толькі тут ліяна адмыслова закручана. Пытаюся пра асаблівасці – дакладна, такі ж, які быў у мяне. Толькі давялося ад яго пазбавіцца. Бо кветачкі-то расцвітаюць прыгожыя, гронкамі. Але з наступленнем ночы з’яўляецца моцны прытарны пах ад іх, які знікае з наступленнем дня.  А тут плюшч відавочна любяць.
 
Апрача кветак пакаёвых у сезон Вольга Фурс разам з мужам займаецца агародам. Ёсць у іх непадалёк свае соткі. Вырошчваюць усяго патроху, робяць хатнія нарыхтоўкі. І гэта з’яўляецца добрым падспор’ем для сям’і.
Ёсць у Вольгі і яшчэ адзін спосаб узняць сабе настрой. Бо падчас нялёгкай працы сацыяльнага работніка ўсялякае здараецца. Бывае, і пакрыўдзяць неасцярожным словам яе падапечныя. Незаслужана, вядома ж. Пры іх стрымаецца, усё пастараецца згладзіць, а дома і паплакаць можа. Хаця апошнім часам стараецца на ўсё рэагаваць больш спакойна. Але калі на душы зусім не сонца, тады Вольга дастае свае шматлікія граматы, падзякі.
 
Ёсць тут раённыя, ёсць абласнога ўзроўню. Сёлета ў традыцыйным конкурсе прафесійнага майстэрства яна прызнана лепшым брыгадзірам. А ўзначальвае брыгаду сацработнікаў Калодзежскага сельсавета ўжо амаль тры гады.
У мінулым годзе на раённым свяце працы Вольга Фурс атрымала дыплом “Лепшы па прафесіі работнік сферы сацыяльнага абслугоўвання” па выніках за 2016-ы год. Яе партрэт быў змешчаны на раённую Дошку гонару. У 2016-ым Вользе ўручылі грамату камітэта па працы, занятасці і сацыяльнаму абслугоўванню насельніцтва  -- за прафесіяналізм, добрасумленную працу і ў сувязі з 30-годдзем з дня ўтварэння ў Рэспубліцы Беларусь службы сацыяльнай дапамогі на даму. Атрымліваецца, што яна стаяла практычна ля самых вытокаў сваёй прафесіі.
За тое, што сардэчнай працы Вольгі Фурс ідзе 26-ы год, яна заслугоўвае самай вялікай павагі і пашаны. Бо далёка не кожны зможа так і столькі, нават з роднымі, не тое што з чужымі. А яна – змагла...





  
  • adelka, 02.04.2018 12:27 #
    +3
    3
    Якi чалавак!..
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.04.2018 12:31 #

      Так! Яна мне вельмі падабаецца... І... Я б так не змагла б...
      ответить на комментарий
      • adelka, 02.04.2018 12:35 #
        +1
        1
        I я..
        ответить на комментарий
  • batleya, 02.04.2018 13:18 #
    +3
    3
    Паклон спадарыні Вользе! У чалавека з добрымі вачыма і душа добрая! Яна ж адзіны маосцік паміж старэнькімі ды сённяшнім жыццём, а яшчэ пэўне ж і ўрач, і псіхолаг , і проста добры і зычлівы чалавек! Мае навучэнцы таксама валанцёраць - дзеткі дапамагаюць пенсіянерам асвойваць кампьютэры, вырабляць сувеніры - здаецца, дробязь, а пенсіянерам так падабаецца ўвага і адчуванне сваёй патрэбы ды і дзетак гэта выхоўвае!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.04.2018 13:41 #
      +1
      1
      Дзякуй вялікі за водгук! Так, усё напісанае Вамі -- у дзясятку! Малайцы і Вашы выхаванцы! Так, я цудоўна ведаю, як рады пенсіянеры самаму маленечкаму знаку ўвагі...
      ответить на комментарий
      • batleya, 02.04.2018 16:01 #
        +1
        1
        І Вам дзякуй за добрыя словы!!!
        ответить на комментарий
  • Mirax, 02.04.2018 15:19 #
    +2
    2
    Выдатная працаўніца! Поспехаў ёй)
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.04.2018 15:28 #

      Дзякуй!!!
      ответить на комментарий
  • aksinia, 02.04.2018 19:16 #
    +2
    2
    Побольше бы таких людей.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.04.2018 19:18 #
      +1
      1
      Так, згодна!
      ответить на комментарий
  • Almazov, 02.04.2018 21:33 #
    +1
    1
    Вы сами сонейка и людзи Вам сустракаюцца сонечныя. Поспехау!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.04.2018 21:34 #

      Вау!!! Дзякуй Вам вялікі, вельмі прыемна!!!  
      ответить на комментарий
  • dmitry90, 03.04.2018 14:26 #
    +1
    1
    Такiм людзям трэба помнiк пры жыццi ставiць. Дзякуй за цiкавы аповяд
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 03.04.2018 14:44 #

      Згодна з Вамі! Шчыра дзякую за водгук!
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
105 постов
Последние комментарии
Olga-A
Udachnik
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}