Па той бок журналістыкі / Бярозавік пайшоў

Кожную вясну ў памочніка ляснічага Натальеўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса Уладзіміра Губіча дадаецца турбот. Трэба не прапусціць момант, калі “сокам заплачуць бярозы”, каб выканаць даведзены лясніцтву план. Сёлета гэта 40 тон. Паглядзець на пачатак “сакавання” разам з Уладзімірам Губічам і намеснікам дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жаннай Чарнавец мы выправіліся яшчэ 4 красавіка.
... Новенькая чатырохдзверная “Ніва”, за рулём якой знаходзіцца вопытны кіроўца, начальнік пажарна-хімічнай станцыі Чэрвеньскага лясгаса Генадзь Каралькевіч, хутка і весела каціцца па “магілёўцы”. У самой машыне пад сонцам дужа горача. Яно і не дзіўна: лічыце, першы па-сапраўднаму цёплы без усялякіх умоў дзень сёлетняга красавіка завітаў на Чэрвеньшчыну.
Збочыўшы з шашы, трапляем на звычайную вясковую дарогу, якая пралягае праз адзін з населеных пунктаў раёна. А бліжэй да лесу пачынаюцца непрыемныя сюрпрызы. На вока, дык лужыны проста бяздонныя! З такой гразёю па баках, як тут, здаецца, трэба нейкі спецтранспарт, каб іх штурмаваць. Але “Ніва” смела заплывае туды і пераадольвае паспяхова. Хаця так і цягне заплюшчыць вочы. Не хочацца нават і думаць пра тое, што ў такой глыбокай лужыне можна захраснуць.
-- Не бойцеся, -- смяецца наш кіроўца. – Я ж правы не купляў. Ведаю, што раблю...
Праўда, ёсць у такой сітуацыі на дарогах і свой плюс, заўважаюць супрацоўнікі Чэрвеньскага лясгаса. На легкавых машынах аматары соку “на халяву” сюды не даедуць. І не дойдуць: далёка. А вось калі дзялянкі знаходзіцца непадалёк ад шашы, сапраўдная бяда. Сок не проста зліваюць, а часцяком забіраюць разам з мяшкамі. Альбо проста кідаюць мяшкі пры дарозе, а сок з латка капае-цячэ ў зямлю...
-- Нават не ведаю, чаму ў людзей такое стаўленне, -- разважае Жанна Чарнавец. – Бо займець бярозавік законна зусім проста. Можна купіць у лясніцтве па 24 капейкі за кілаграм альбо на лесасецы – па 12 капеек. А можна і здабыць самастойна. Пры гэтым нават не трэба выпісваць лясны білет. Дастаткова звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва – і вам адвядуць месца, прызначае для збору соку, распавядуць, як правільна зрабіць падсечку, папрысутнічаюць пры яе прывядзенні, а ў выпадку неабходнасці -- дапамогуць. А вось хто будзе злоўлены за браканьерствам, атрымае папярэджанне альбо штраф.
... Спыняемся на больш-менш сухім лапіку зямлі на ўзлеску. Далей – пехатою па дарозе з глыбокімі каляінамі, з рэшткамі снегу, вадой і лазняком. Не дужа зручна праставаць, але цярпіма. І вось ужо воку адкрываецца вялікая тэрыторыя з мяшкамі практычна пад кожнай аб’ёмістай бярозай.
 Мы знаходзімся на ўчастку, адведзеным пад высечку галоўнага карыстання. Гэта значыць, што ўсе бярозы пойдуць пад бензапілу. І, тым не менш, падсочка тут робіцца з захаваннем усіх тэхналогій.
Літаральна напярэдадні 6 супрацоўнікаў Натальеўскага лясніцтва на тэрыторыі ў 2,1 гектара падсачылі бярозы і паставілі пад латкі 400 мяшкоў.
Добрага цячэння соку, зазначае Уладзімір Губіч, тут чакаюць да суботы (ну, пакуль я сюды тэкст закінула, дачакаліся ўжо!). А пакуль зямля толькі яшчэ адтае. Дзе-нідзе ляжыць снег. І тое добра, што не суцэльнай скарынкай. Таму ў большасці мяшкоў яшчэ пуста, і толькі ў некалькіх – густа.
Гледзячы на такі непрыбраны лес, прыгадваю адзін дзень з вясковага маленства, які застаўся ў памяці назаўсёды. Прычым, заўважце, гэта былі часы, калі за лясныя багацці ніхто не плаціў. Калі ўсе да Новага года высякалі ёлкі -- абсалютна бясплатна! І гэта не лічылася браканьерствам. А колькасць іх не змяншалася крытычна... І за бярозавік тады не плацілі -- ахвотныя нарыхтоўвалі яго сабе для патрэбаў.
...Тады мы ўсім сямействам выправіліся збіраць сок у лясок непадалёк, які ўсе называлі "сад". І недарэмна! Такі ўжо светлы і чысты ён быў... Надвор'е таксама было добра-такі гарачым. І мне, малой, так падабалася бегаць паміж тымі бярозамі! Па сок мы прыйшлі з вядром, а пад латкі падстаўлялі маленькія ёмістасці. І зараз перад вачыма адна з іх -- пузатая такая бочачка з рабрыстымі сценкамі і надпісам "Мёд". Мы чакалі, пакуль напоўняцца маленькія ёмістасці, падстаўлялі замест іх іншыя, а сок злівалі ў вядро... 
Але вяртаемся з успамінаў у дзень нашай вандроўкі. Гутару з памочнікам ляснічага.
-- Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, як збіраеце і вывозіце сок.
-- Звычайна мы забіраем бярозавік раз у два-тры дні – як атрымліваецца. Прыязджае трактар з бочкай. І альбо проста ў мяшках туды зліваем, альбо напачатку наліваем у вёдры, каб было лягчэй і ямчэй. Па гэтай лесасецы ў нас пракладзена некалькі сцежак, таму трактар пад’язджае максімальна блізка. На гэтым участку мы плануем сабраць каля 25 тон соку. Астатняе – будзем набіраць на другім, там яшчэ не падсочваліся. Спадзяюся, што пры адсутнасці непрыемных сюрпрызаў ад надвор’я справімся з даведзеным планам за пару тыдняў.
-- Але ж сёлета вы падсочваліся нашмат пазней?
-- Так, дзесьці тыдні на два. Летась да гэтага часу, памятаю, мы ўжо каля 10 тон здалі.
-- Якога дыяметру дрэвы падсочваюцца?
-- Звычайна 20 сантыметраў і болей. Але 20 мы не бяром, ад 24-х сантыметраў пачынаючы.
-- Як правільна ўстанаўліваць латок?
-- Робім запіл, пад яго забіваем латок. Падстаўляем мяшок і прывязваем яго. Вось так закручваем верх, каб не трапляў туды дождж і насякомыя.
А тады тыдні праз паўтары хлопцы праходзяць і прачышчаюць запілы, бо яны забіваюцца і сок можа закіснуць...
-- Ці можна рабіць некалькі падсочак на адной бярозе?
-- Так, можна дзве: з гэтага боку і з супрацьлеглага. Зразумела, на аб’ёмістых дрэвах – 40-44 сантыметры ў дыяметры і больш.
-- Уладзімір Уладзіміравіч, гэта ў вас ужо 37-ы сезон “сакавання”. А прыгадайце, калі ласка, першыя гады вашай працы і збору соку. Чым адрознівалася работа тады і цяпер?
-- У 1980-х гадах такіх мяшкоў і не было. Рабілі запілы ў бярозе альбо свярдзёлкам -- адтуліны і пад латкі падстаўлялі вёдры. Звычайныя жалезныя – пластмасавых тады таксама не было ў шырокім распаўсюджванні. Сок злівалі ў 200-кілаграмовыя бочкі. Прыязджала машына, на кузаў лажылі пакаты і закочвалі па іх бочкі. Везлі на завод у Барысаў. А тады трэба было там іх разгружаць. Цяжэй фізічна, вядома ж, было раней.
-- Ці шмат соку летась прадало насельніцтву ваша Натальеўскае лясніцтва?
-- Мабыць, тоны паўтары. Звычайна не па пяць літраў бяруць, а па 40, 100 і нават па 200.
-- А ці любіце вы самі бярозавік? Альбо за столькі гадоў ён надакучыў?
-- Я цяпер больш за 100 літраў для сябе не бяру. Тады закручваем пад накрыўкі.
-- Ці ёсць які любімы рэцэпт?
-- Прапорцыі не скажу, ужо даўно ўсё на вока. Трэба падсмажыць на патэльні ячмень, узяць не мёду, а вашчыны. Загарнуць усё ў марлю і апусціць у ёмістасць з сокам. Калі ён нацягне, будзе бачна па яго кансістэнцыі. А для закруткі пад накрыўку можна дадаваць толькі лімонную кіслату і цукар.
... Дайшоўшы да машыны (назад дарога, здаецца, карацей, бо знаёмая), выпраўляемся ў адваротны шлях. Гразкія каляіны, вялізныя лужыны... Іх штурм, дзякуючы кіроўцу, зноў прайшоў паспяхова.
Счакаўшы, пакуль машына выедзе на цвёрдае пакрыццё, прапаную назваць гэтую "Ніву" чэшскім словам "плавідла" -- дужа добра яна плавае!   Не ведаю, як хто, а я цяпер яе так і буду называць!
А на сапраўдным плавідле па Влтаве ў Празе плавала, вядома ж. Адтуль і прывезла гэтае слоўка.


 
  • batleya, 09.04.2018 18:36 #
    +2
    2
    О, вельмі знаёмая з'ява!)) Я з адным лесніком прападарожнічаў на такой жа "Ніўцы" па балотна-сукаватым лясным акіяне)), дапамагаючы збіраць бярозавік. Ляснік  па майстэрску  пралятаў між тоўстых соснаў, фарсіруючы  лясныя лужыны, што не высыхаюць нават ўлетку!) тады я зразумеў такі, што аніякія захопнікі па нашых лясах проста так не пройдуць))) А ўзнагародай за перацерпены шлях была біклага бярозавага соку, які мы з жоначкай управілі ў слоікі і цалюткі год ласаваліся шыкоўным напоем! А наконт "плавідла" - за ўсемі рукамі!!)))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.04.2018 22:37 #

          Ну вось, Вы разумееце ўсю асалоду ад такой вандроўкі! Я так кіроўцу плавідла і дзякавала: за незабыўную паездку! Толькі я пакуль без соку... Іншыя задачы былі... 
      ответить на комментарий
  • Lapka, 09.04.2018 19:07 #
    +2
    2
    Пробовала на ячмене и мёде, очень вкусно.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.04.2018 22:38 #

      Я, можа, і каштавала, ды ўжо не памятаю. Трэба абнавіць... 
      ответить на комментарий
  • oreol, 09.04.2018 20:29 #
    +3
    3
    Смак дзяцiнцтва))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.04.2018 22:38 #

       Дакладна!
      ответить на комментарий
  • batleya, 09.04.2018 21:14 #
    +1
    1
    У дзяцінстве падабалася калі ў сок апускалі ў ільняной сурвэце падвялены хлеб - праз некалькі дзён атрымліваўся квас. А яшчэ  можна квасным суслам разбаўляць.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.04.2018 22:39 #

      Дзякуй за падказку! Рабілі квас з хлебнымі скарынкамі. Як толькі займею бярозавіку, трэба будзе праэксперыментаваць з рознымі дабаўкамі... 
      ответить на комментарий
  • Zveroboy, 09.04.2018 21:53 #
    +1
    1
    Піў...сябры падагналі...яшчэ учора цэлы літр выхлябаў, а мо і болей. Сушыла аднак...селядцамі абажраўся..паляндвіцай  
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.04.2018 22:41 #
      +1
      1
      Здаецца, не толькі з-за "абажраўся" (фі, Алесь, што за слова??? Некамільфо!   ), але і з-за "абпіўся"?!   
      ответить на комментарий
      • Zveroboy, 09.04.2018 23:20 #
        +1
        1
        Здаецца, не злоўжываў...Усяго пару келіхаў чырвонага...ну мабыць тры...Бог любіць тройцу.... 
        ответить на комментарий
  • adelka, 09.04.2018 23:14 #
    +1
    1
    ой, смаката якая!))
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 10.04.2018 07:26 #

      Ага...  
      ответить на комментарий
  • Elem, 10.04.2018 06:42 #
    +1
    1
    Дзякуй за такое сакавітае апавяданне! А я пакуль без соку(
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 10.04.2018 07:26 #

      Дзякуй Вам! Дык і я ж -- без... У чаканні...
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
229 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}