Па той бок журналістыкі / Музычны геній зямлі ігуменскай, альбо З Днём нараджэння, пан Станіслаў!

 Амаль два стагоддзі таму радасць напаткала сям’ю Чэслава Манюшкі і Альжбеты з Маджарскіх з фальварка Убель Ігуменскага павета (сённяшні Чэрвеньскі раён): у сям’і нарадзіўся сын Стасік. І хто б мог тады падумаць, якой знакавай фігурай ён стане праз пэўны час!
Сёння, 5 мая, культурная грамадскасць нашай краіны адсвяткавала 199 год з дня нараджэння беларуска-польскага кампазітара, заснавальніка нацыянальнай опернай школы Станіслава Манюшкі. І не толькі нашай! Сваім, і небеспадстаўна, яго лічаць палякі. Бо ў Польшчы ён пэўны час жыў і пісаў свае адмысловыя творы, якія гучалі з тамтэйшых сцэн. Але ў гэты святочны, хаця і не юбілейны дзень мы не будзем яго дзяліць, а лепей аб’яднаемся ў агульным захапленні талентам Творцы і скажам яму “Дзякуй!”.
Вядома, не ўсе мы – музыказнаўцы, не ўсе -- шчырыя прыхільнікі класічнай музыкі. Для кагосьці Станіслаў Манюшка атаясамліваецца толькі з партрэтам, барэльефам, помнікам…  Зрэшты, ведаць гэтае імя ў нашым вірлівым хуткаплынным свеце – ужо нямала.
Я не буду пералічваць вядомыя факты з біяграфіі славутага земляка, яго творы, якіх вельмі шмат… Бо зараз з дапамогай сеціва можна знайсці абсалютна ўсё – было б жаданне. А нагода ёсць – дзень народзінаў Станіслава Манюшкі. Я проста прапаную вам, шаноўныя сябры, заплюшчыць вочы і перанесціся ў думках… на 199 год таму. І няхай паспрыяе сіле нашага ўяўлення сярод іншага малюнак сядзібы Манюшкаў, які выйшаў з-пад таленавітых рук Напалеона Орды. Сядзібы страчанай, але не забытай.
 
“Ля хаты ластаўкі кружылі нізка-нізка…”
Станіслава Манюшку часта называюць кампазітарам-рамантыкам 19 стагоддзя. А што можа быць рамантычней за прыгожую легенду?! Згодна яе, калі матуля тыдні праз два пасля нараджэння Стасіка вынесла малога ў калысцы на веранду, туды прыляцелі… ластаўкі і пачалі віць гняздо! Пазней у хлопчыка выявіліся музычныя здольнасці. І дзякуй яго маці – пані Альжбеце, адоранай піяністцы, якая вырашыла займацца з сынам. Бо ў іншым выпадку – хто ведае?! – ці прыгадвалі б мы яго з такім захапленнем амаль праз два стагоддзі пасля нараджэння… І фестываль-конкурс маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі, заснаваны ў 1999-ым годзе, невыпадкова назвалі так трапна і прыгожа – “Убельская ластаўка”.
І вось хочаце – верце, хочаце – не, але аднойчы на нашай дачнай сядзібе замітусіліся ластаўкі, рупліва будуючы пад страхой адразу два гняздзечкі – з абодвух бакоў. І раптоўна думка наведала: сёння ж пятага мая, дзень нараджэння Станіслава Манюшкі! Не ведаю, што гэта быў за знак, але з таго часу гэтая дата заўсёды ўсплывае ў памяці ў патрэбны момант. Так знакаміты зямляк асабіста для мяне стаў бліжэй. І, відаць, невыпадкова ў 2003-ім склаліся такія радкі, дзе імя на польскі манер напісалася – СтанІслаў, з націскам на “і”:
Вясною шчодрай, напачатку мая,
Мы ўрачыста-ўзнёсла вымаўляем
Імя таго, хто зразумелы ўсім і блізкі,
Імя знаёмцы добрага – “СтанІслаў”.

Яму Ігуменшчына наша роднай стала,
На свет з’явіцца тут было наканавана,
Дзе голас маці – светлы, звонкі, чысты –
Пяшчотна клікаў летуценніка: “СтанІслаў!”

Прырода вабіла Манюшку, чаравала,
Суладдзе гукаў усіх падаравала.
Ля хаты ластаўкі кружылі нізка-нізка,
А ў шчабятанні чулася: “СтанІслаў”.

І з гукаў тых, квітнелі што ў родным краі,
Пасля ён дзіўныя мелодыі складае.
І педагог, і дырыжор, і кампазітар –
Усё гэта ён, Манюшка наш СтанІслаў.

У чарговы раз мы сёння Творцу прыгадаем,
Яго ўшануем, песняй прывітаем.
Няхай гучыць і ўдалечы, і блізка
Імя Музыкі слаўнага – “СтанІслаў”!

Летась, завітаўшы на дачную сядзібу трэцяга мая, пачула характэрнае шчабятанне. Так, ластаўкі прыляцелі ў гняздзечка, якое засталося з мінулага года! І асацыяцыя спрацавала, як заўсёды, бездакорна: хутка дзень народзінаў нашага Манюшкі! А яшчэ ў памяці ўсплыло святкаванне яго 195-годдзя. Для Чэрвеня гэта сталася адмысловай культурнай падзеяй, якая і праз чатыры гады не забылася.
Спявалі класіку – заслухаешся!
Праўда, некаторы час конкурс “Убельская ластаўка” не праводзіўся. Але ў 2012-ым яго вырашылі адрадзіць -- на базе Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, а з гала-канцэртам прыязджаць на Чэрвеньшчыну. У 2014-ым юбілярам быў не толькі Станіслаў Манюшка, але і конкурс яго імя: прайшоў ён у дзясяты раз. Як заўсёды, асабліва прыемна было чуць і бачыць старшыню журы, заслужанага артыста Беларусі Віктара Скарабагатава.
 
Думаю, у той дзень мы бачылі шмат будучых зорак оперы, прычым не толькі з Беларусі, але і з краін блізкага і далёкага замежжа. Асабіста я часта чула затым прозвішчы яго ўдзельнікаў сярод пераможцаў і прызёраў разнастайных вядомых конкурсаў. Практычна кожны чымсьці здзівіў, крануў, запаў у душу нават тым, хто далёкі ад класічнай музыкі.
Памятаю, што сапраўдным адкрыццём конкурсу стаў Юань Чжан з Кітая, які атрымаў прыз за лепшае выкананне беларускай народнай песні.
Сапраўды -- здзівіў і захапіў! Атрымаць заслужаныя ўзнагароды на сцэну Чэрвеньскага цэнтра культуры і адпачынку выходзілі такія прыгожыя і ўсмешлівыя юнакі і дзяўчаты! І, безумоўна, вельмі таленавітыя. У гэтым змаглі ўпэўніцца ўсе прысутныя. У праграме гала-канцэрта гучалі розныя музычныя кампазіцыі на розных мовах. Ва ўзнагароду ж іх выканаўцам былі шчодрыя апладысменты і воклічы "Брава!".
Даў слова гонару – трымай!
А як пашанцавала чэрвеньцам падчас тых жа святкаванняў 195-годдзя кампазітара-земляка! Да нас прывезлі яго оперу “Слова гонару” ("Vеrbum Nоbіlе"), прэм’ера якой адбылася ў 1861 годзе ў Варшаве, дзе тады жыў Манюшка. А Мінск упершыню пачуў яе… праз паўтара стагоддзя! А ўслед за сталіцай і мы. Пастаноўку зрабіў  Камерны музычны тэатр "Галерэя" пры садзейнічанні Музычнага дома "Класіка" (прадзюсер оперы -- заснавальнік Музычнага дома "Класіка" Аляксандр Чахоўскі).
 
… Шчыра кажучы, уладкоўвалася ў глядзельнай зале і крыху пабойвалася, што будзе сумна, бо не з’яўляюся прыхільніцай оперы ўвогуле. Але пастаноўка захапіла сабой з першых тактаў! Да таго ж, польскае лібрэта Яна Хенцыньскага Дар’я Вашкевіч пераклала на беларускую мову! Во гэта сюрпрыз, во гэта падарунак! Варта ўзгадаць таксама дырыжора-пастаноўшчыка Івана Касцяхіна, які стварыў пераклад для камернага складу аркестра, рэжысёра Алену Медякову, хармайстра-пастаноўшчыка Жанну Філіповіч і, канешне ж, цудоўных артыстаў, дзякуючы якім так паядналася ў пастаноўцы старажытнасць і сучаснасць!
 
З сюжэту оперы мы даведаліся пра цікавы звычай шляхты. Даўней бацькі, так бы мовіць, не проста згаворваліся, што пажэняць сваіх дзяцей, калі тыя вырастуць, але і падпісвалі спецыяльнае пагадненне, якое падмацоўвалася “словам гонару двараніна”. А што ж рабіць тым фактычна заручаным юнакам і дзяўчатам, калі закахаліся не ў таго ды не ў тую?!
 
Але якіх толькі выкрутасаў ні робіць лёс! І ўсё можа проста супасці, скласціся найлепшым чынам. Вось як у оперы Станіслава Манюшкі…А чаму можна сапраўды павучыцца і нам, дык гэта таму, што слова павінна мець вагу. Даўшы слова – трымай!
 
* * *
У самім Чэрвені, апрача партрэтаў і барэльефа, Станіслаў Манюшка прадстаўлены яшчэ двойчы. У дрэве яго ўвасобіў мясцовы скульптар-мастак Генадзь Матусевіч. Фігура “дзядзькі Станіслава” размешчана каля дзіцячай школы мастацтваў.  
 
А па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Чэрвеньскага райвыканкама непадалёк ад касцёла Узвышэння Святога Крыжа паставілі помнік-бюст.
 
Дарэчы, там, у касцёле, творчы калектыў – народная музычная капэла “Ігуменскія крыніцы” Чэрвеньскай школы мастацтваў штогод традыцыйна грае музыку Манюшкі. І не толькі ў касцёле – на імпрэзах у яго гонар таксама (яшчэ мінулы склад...).
 Вядома, ладзяцца на Чэрвеньшчыне і іншыя мерапрыемствы. Музычнага генія зямлі ігуменскай памятаюць, шануюць і славяць. А мне, як заўсёды, хочацца скарыстацца машынай часу, каб сягнуць праз стагоддзі ў фальварак Убель. Альбо, як у казцы, увайсці прама ў малюнак Напалеона Орды і пакрочыць да адмысловага будынка…







 
  • batleya, 05.05.2018 22:29 #
    +1
    1
    Сапраўдны музычны геній!!! Але як мала мы чуем нашу, беларускую класіку.! Хіба так  часта гучаць чаоўныя вальсы Напалеона Орды, а акрамя "Развітання з Радзімай" М.К.Агінскага мала хто слухае не менш кранальныя яго творы! Таму радасна, калі ладзяцца такія імпрэзы!!!
    ответить на комментарий
  • sonejka-ja, 05.05.2018 22:32 #

    Цалкам з Вамі згодна! Але гэта бывае даволі рэдка...
    ответить на комментарий
  • batleya, 05.05.2018 22:42 #
    +1
    1
    Чамусці ў нас, белаусаў, дзіўны стан  - мы неяк саромеемся сваёй культуры, баімся, каб не палічылі прымітывам! А вось нашыя суседзі проста ў захапленні ад беларусай культурнай спадчыны! Я прывожу на фестываль лялечных тэатраў "Нябёсы" адзін-дзва рэканструяваныя народныя  канты, але цікавяцца імі больш суседзі - украінцы, расіяне, палякі.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 05.05.2018 22:59 #
      +1
      1
      І Вы зноў маеце рацыю...  Дарэчы, неяк чытала пра "Нябёсы" на тут.баі...
      ответить на комментарий
      • batleya, 05.05.2018 23:06 #
        +1
        1
        Ладны фестываль, мастацкі кіраўнік - Аляксандр Ждановіч (Маляваныч з "Калыханкі) Апякуецца фестываль Свята-Елісавецінскім манастыром, дзе і праходзіць  на Святкі, звычайна да Вадохрышча. Уваход вольны ды і паглядзець ёсць на што! 
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 05.05.2018 23:08 #

          Дзякуй! Я чытала...  
          ответить на комментарий
          • batleya, 05.05.2018 23:08 #
            +1
            1
            Запрашаю Вас, мы там пастаянна ўдзельнічаем!
            ответить на комментарий
            • sonejka-ja, 05.05.2018 23:09 #

              Шчыра дзякую!!! 
              ответить на комментарий
              • batleya, 05.05.2018 23:10 #
                +1
                1
                Калі ласка!)
                ответить на комментарий
  • elina, 06.05.2018 00:32 #
    +1
    1
    Дзякуй Вам! З такiм захапленнем напiсалi, аж захацелася паслухаць яго творы.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 06.05.2018 12:23 #
      +1
      1
      Дзякуй! Я ўвогуле не аматар такой музыкі... Не дарасла яшчэ, мабыць... Але ў выкананні нашых "Ігуменскіх крыніц" слухаю з задавальненнем!
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
183 поста
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}