Па той бок журналістыкі / Памяць. Слёзы. Успаміны. Частка 1

Чым больш дарослымі мы становімся, тым гучней заяўляе пра сябе памяць роду. Часцей у снах прыходзяць продкі, наведваюць думкі пра іх. І даволі адцягненае і далёкае, хаця надта памятнае і ўрачыстае ў дзяцінстве свята – Дзень Перамогі – у больш сталым узросце становіцца раптам вельмі асабістым і блізкім, душэўным, кранальным і памятным.
Асабліва, калі ў сям’і ёсць непасрэдныя яго ўдзельнікі альбо сведкі. Што ўжо казаць пра тое, калі ў выніку доўгіх пошукаў атрымліваецца раптам знайсці магілу дарагога чалавека, дагэтуль невядомую сям’і, альбо, будучы журналістам, дапамагчы зрабіць гэта іншым, паўдзельнічаць падчас першай сустрэчы людзей з памяццю роду…
Гісторыя першая: “Прывітанне, дзед! Ну вось мы і сустрэліся…”
Мая бабуля, Кавалёва Ксенія Ігнатаўна, пераехала да нас на Чэрвеньшчыну са Смаленшчыны, калі мне было тры гады, а брату – сем. Пра тое, што яна падчас вайны засталася ўдавой, мы даведаліся ўжо ў школьным узросце.
Вельмі шкадую, што ў свой час не распыталіся як след пра нашага дзеда Івана. Сама ж бабуля ўслых практычна не прыгадвала яго. Але гэта не значыць, што яна забылася. Проста ўсё трымала ў сабе.
З дакументальных сведчанняў захавалася толькі невялікая фотакартка з фронту, якую дзед Іван даслаў сям’і са шпіталя, ды пахавальная, якая пасля неяк згубілася.
 
Мая мама, малодшая з траіх дзяцей, якія выжылі, ніколі не бачыла свайго тату. Яна нарадзілася пасля яго адыходу на фронт. І ў яе на ўсё жыццё захаваўся ў сэрцы пакутлівы боль страты...
А бабуля… Так больш і не выйшла замуж, хаця да яе і сваталіся. Яна чакала мужа. Усё жыццё. Бо неяк варажбітка сказала, што ён жывы і калі-небудзь абавязкова аб’явіцца. Першае не спраўдзілася, а другое… Перабіраючы ў памяці ўсе свае намаганні па пошуках магілы дзеда, разумею: можна і так сказаць. У пэўным сэнсе -- аб’явіўся.
Цяпер я ведаю: нічога ў гэтым свеце не адбываецца выпадкова. У 2000-х усё часцей пачала задумвацца пра тое, як жа адшукаць месца апошняга заспакаення дзеда Івана. Мы памяталі толькі, што гэта дзесьці ў Літве.
Першы крок дапамагло зрабіць хуткае распаўсюджванне сеціва. У рэспубліканскай газеце “Звязда” ўбачыла згадку пра Абагульнены банк даных “Мемарыял”, праект Мінабароны Расійскай Федэрацыі, дзе можна знайсці звесткі пра загінуўшых удзельнікаў вайны з усяго былога Савецкага Саюза.
…З невыказным хваляваннем набіраю ў пошукавым акенцы “Кавалёў Іван Цітавіч”, углядаюся ў радкі – і бачу інфармацыю пра свайго дзеда!!!
 
Бачу пажаўцелыя старонкі першакрыніцы – данясенне аб беззваротных стратах і дакументы медсанбата: “Кавалёў Іван Цітавіч, старшы сяржант 647 с/п, камандзір аддзялення, беспартыйны, 1909 г.н., ураджэнец в.Яўкіна Смаленскай вобласці, прызываўся Шумяцкім РВК. Дата смерці – 29.10.1944 г. Пахаваны на могілках мястэчка Скілус Елакскай воласці Мажайкяйскага павета Літоўскай ССР. Жонка Ксенія Ігнатаўна, в.Яўкіна, Шумяцкі раён, Смаленская вобласць”. У кнізе ўліку памерлых 356 МСБ насупраць Кавалёва І.Ц. – запіс: “Памёр ад ран, пахаваны на могілках м.Скілус, магіла 5/2”.
 
Здаецца, пошукі завяршыліся паспяхова. Засталося толькі знайсці тое мястэчка Скілус, але… Ніякіх спасылак у Сеціве! І блізка няма нічога падобнага! Абсалютна выпадкова натрапіла на сайт “Забыты полк”, зрабіла запыт – і атрымала параду зайсці на Форум пошукавых рухаў сайта работнікаў праваахоўных органаў, стварыць там уласную тэму і звярнуцца персанальна да Аляксандра Навічэнкі з Літвы і чалавека з нікам VS, якія добра дапамагаюць у пошуках.
Гэта зараз я магу літаральна ў некалькіх сказах распавесці, як ішлі пошукі. А занялі яны амаль 8 месяцаў! Адгукнуліся згаданыя эксперты па Літве, падключыліся іншыя неабыякавыя людзі. Пра Скілус не чуў ніхто! А шукалі не толькі ў сеціве. Ездзілі самі і прасілі знаёмых, каб на літоўскіх мемарыялах звяралі прозвішчы, распытвалі старажылаў. Дзе-нідзе траплялася прозвішча “Кавалёў”, але альбо з іншымі ініцыяламі, альбо не ў такім званні. У рэшце рэшт, выказалася здагадка, што мой дзед мог быць перапахаваны ў Латвіі.
І калі ўжо ў мяне апусціліся рукі, калі я гатова была прызнаць, што мы ніколі не даведаемся, дзе пахаваны наш дарагі чалавек, не ўкленчым на яго магіле, здарыўся самы сапраўдны ЦУД! 17 сакавіка 2010 года на электронную пошту прыйшло паведамленне з Форума, што ў маёй тэме з’явіўся новы адказ.
Напісаў Улад Мардвінаў з Вільнюса: “Сутыкнуўся з той жа праблемай – Скілус. Пры ўважлівым позірку атрымліваецца Скляустэ (Skliauste) Скуадаскага раёна. Пошук даў цікавы вынік – усе перапахаваны ў Седу. І па данясенню, што я шукаў, і што Вы. З Вашага спісу на плітах ёсць старшы сяржант Кавалёў І.Ц., Ромак С.К., Брускоў Л.П. і Палкоўнікаў Я.І. Жадаю ўдачы”.
Пры стасунках па электронцы высветлілася і яшчэ больш неверагоднае! Аказваецца, сам Улад падчас рэстаўрацыі надмагільных помнікаў у той далёкай невядомай Седзе наносіў сярод іншых і прозвішча майго дзеда! Было гэта ў 2005-м годзе. І вось мы ўсёй сям’ёй разглядаем здымкі з воінскага пахавання. На іх – вясна. Ля помнікаў цвітуць кветкі. Усё дагледжанае. Мой дзед не забыты… Цяпер справай усяго жыцця робіцца намер пабываць на яго магіле.
І ў мяне атрымалася – першай з усяго роду сустрэцца з дзедам Іванам праз 65 год пасля яго смерці. Адбылося гэта ў верасні 2010-га, але да гэтага часу ў памяці так яскрава, быццам было ўчора.
…Параіўшыся са сваімі добраахвотнымі памочнікамі з Форума, вырашаю зладзіць сабе літоўскія канікулы: адпачыць у Паланзе і адтуль з’ездзіць у Седу Мажэйкяйскага раёна. На аўтобусе вандроўка непасрэдна да воінскага пахавання зойме 2-2,5 гадзіны.
Набыць білет з Вільнюса да Палангі і зрабіць яшчэ шмат спраў мне дапамог Улад Мардвінаў, даехаць да Седы з Мажэйкяя – браты жонкі Аляксандра Навічэнкі, Альгірдас і Рымантас Калакаўскасы, якія нарадзіліся якраз-такі ў Седзе. Цудоўныя людзі, якім я вельмі-вельмі ўдзячна!
...Дзень 15 верасня 2010-га года выдаўся халодным і дажджлівым. А як калацілася сэрца, калі мы даехалі да брацкіх могілак!
 
Разыходзімся ў розныя бакі, чытаем надпісы на плітах… І вось мяне ўжо клічуць. Кавалёў Іван Цітавіч пахаваны тут.
 
-- Прывітанне, дзед! Ну вось мы і сустрэліся…
Гэта ўсё, што паспяваю сказаць. Затым перахоплівае горла, а з вачэй ліюцца патокі слёз. Супакоіцца не магу доўга. Пасля з дапамогай Рымантаса і Альгірдаса запальваю свечкі, уладкоўваю букет белых жывых хрызантэм, набытых у Мажэйкяі, штучныя кветкі, прывезеныя з сабой з Чэрвеня.
Высыпаю жменьку зямлі з магілы бабулі і набіраю крыху з літоўскай магілы, каб завезці ёй. Яны зноў разам, мае бабуля Ксенія і дзед Іван… Цяпер -- назаўсёды…

 
  • aksinia, 09.05.2018 14:43 #
    +2
    2
    Какая Вы молодец! До слёз.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 15:17 #
      +1
      1
      Дзякуй вялікі! У самой і зараз -- да слёз...
      ответить на комментарий
  • batleya, 09.05.2018 15:04 #
    +1
    1
    Вялікі паклон Вам за Памяць!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 15:17 #

      Шчыра дзякую!
      ответить на комментарий
  • Elena-Leopold, 09.05.2018 15:23 #
    +1
    1
    До слёз. Спасибо, Сонейка! С праздником! 
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 15:24 #
      +1
      1
      Дзякуй!!! Са святам, Алена!!!!
      ответить на комментарий
  • Zveroboy, 09.05.2018 15:39 #
    +1
    1
    Вечная памяць.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 15:39 #

      Так. Дзякуй!
      ответить на комментарий
      • Zveroboy, 09.05.2018 15:48 #
        +1
        1
        Ведаеш, чаму так атрымалася з пошукамі і наогул..много прапаўшых без вестак? Таму што нашы продкі не змаглі стварыць свае нацыльянальныя вайсковыя аддзелы ў саставе расейскай Чырвонай Арміі. Палякі, дарэчы на тэрыторыі СССР стварылі дывізію Касцюшка, латвійцы - 130 стралковы корпус, ты я ж літоўцы свае палкі. свая форма, афіцэры, свая мова, нават грошы. І тыран Сталін дазволіў. А нас раскідалі і перамяшалі па ўсяму свету, як бязродныя плямёны. Вось мая крыўда. І злосць.   Спадзяюся, зразумееш. 
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 09.05.2018 15:49 #
          +1
          1
          Маеш рацыю...
          ответить на комментарий
  • pandolya, 09.05.2018 16:01 #
    +1
    1
    Якая кранальная i нават трошкi неверагодная гiсторыя! Вельмi рада за цябе, што пошукi скончылiся паспяхова.  Са святам!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 16:01 #

      Сардэчна дзякую!!!! І цябе са святам!
      ответить на комментарий
  • Gina, 09.05.2018 16:20 #
    +1
    1
    Калi дачытала да канца.. крыху не стрымала слёз. Дзякуй за аповед, Сонейка, са святам!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 16:22 #

      І Вам дзякуй! Са святам -- шчыра, ад душы!!!
      ответить на комментарий
      • Gina, 09.05.2018 16:37 #
        +1
        1
        Смайлiк "сэрца" :)
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 09.05.2018 16:39 #

             
          ответить на комментарий
  • Morgenstern, 10.05.2018 06:53 #
    +1
    1
    Какая трогательная история! Спасибо.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 10.05.2018 16:56 #

      Дзякуй Вам!
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
183 поста
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}