Па той бок журналістыкі / Памяць. Слёзы. Успаміны. Частка 2

Гісторыя другая: “Гэта табе, тата! Прабач, што так позна да цябе прыйшоў…”
Падчас вайны, падчас жорсткіх баёў часцяком не да дакладнасцяў было тым, хто пазначаў месцы пахаванняў забітых і памерлых ад ран. Таму многія і многія тысячы людзей не змаглі адшукаць магілы сваякоў, каб пакланіцца месцу іх апошняга супакаення. Але і пашчасціла многім ужо праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля заканчэння вайны… Калі дакументы тых часоў пачалі ў лічбавым варыянце выкладаць на сайце згаданай мной аб'яднанай базы дадзеных “Мемарыял”, калі знайшліся неабыякавыя людзі, якія і зараз вывучаюць іх і дапамагаюць у пошуках.
Аднойчы атрымалася гэта і ў мяне. І тыя падзеі дагэтуль моцна трымаюцца ў памяці.
Яшчэ ў 2009-ым годзе актыўны няштатны аўтар чэрвеньскай “раёнкі” Пётр Сакаў (вечная яму памяць!) распавёў аб прыездзе на Чэрвеньшчыну Пятра Сямкоўскага з Браншчыны. Яго тата, Сямкоўскі Іван Сямёнавіч, лічыўся зніклым без вестак. Але калі Пятру Іванавічу трапілася ў рукі тамтэйшая кніга “Памяць”, ён знайшоў узгадкі, што яго тата загінуў 2 ліпеня 1944 года і пахаваны ў вёсцы Хутар… Магілёўскай вобласці. І быццам хтосьці сказаў, што Хутар Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці на той час уваходзіў у склад Магілёўскай.
Канешне ж, апошняе меркаванне было памылковым, а аднайменных вёсак на Беларусі – не адна. Пётр Сакаў, які апекаваўся над школьным музеем і займаўся пошукавай работай, па дапамогу звярнуўся ў Чэрвеньскі райваенкамат. Але і там былі вядомыя прозвішчы толькі васьмі загінуўшых, занатаваных на помніку.
…Пазнаёміўшыся ўжо тады з АБД “Мемарыял” падчас уласных пошукаў, набіраю запыт: “Сямкоўскі Іван Сямёнавіч”. І з арыгінальных дакументаў часоў вайны бачу, што пахаваны ён у Мінскай, а не Магілёўскай вобласці. У бранскай кнізе “Памяць” – памылка!
“Сямкоўскі Іван Сямёнавіч, 1910 г.н., прызваны 07.10.1943 г. Старадубскім РВК (Арлоўская (Бранская) вобл.), чырвонаармеец 916 стралковага палка 250 стралковай дывізіі, кулямётчык, беспартыйны, забіты 02.07.1944 г. Жонка – Гулевіч Надзея Канстанцінаўна, Арлоўская (Бранская) вобл., Старадубскі раён, с.Чубковічы”.
У спісе загінуўшых бачу тыя восем вядомых прозвішчаў, знаходжу не толькі Сямкоўскага, але і яшчэ загінуўшых і пахаваных на Чэрвеньшчыне… Іх больш! Іх значна больш, чым восем! А ў “Іменных спісах беззваротных стратаў асабовага саставу 250-й Бабруйскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава другой ступені стралковай дывізіі” – чарговая памылка! Наш Чэрвеньскі раён названы “Червоновским”! (пазней я даслала туды сваю публікацыю ў перакладзе на рускую мову, тлумачэнні -- і памылку выправілі, а рэпартаж размясцілі тамсама). Гэта ж колькі людзей не знайшлі сваіх родных! Плюс блытаніна, дзе ж канкрэтна пахаваны загінуўшыя: у вёсцы Хутар ці ў вёсцы Ведрыца (якую, бывае, памылкова называюць Хутарам таксама). Бо на абодвух помніках – аднолькавыя 8 прозвішчаў! Але ўсе разам, з дапамогай эксперта з Форума, які мае доступ да ваенных картаў, вырашаем, што ў Хутары…
Пішу пра гэта сыну загінуўшага воіна-вызваліцеля Пятру Сямкоўскаму ў расійскі горад Старадуб. Пэўны час лістуемся, а 7 мая 2010 года сустракаемся на чэрвеньскай зямлі. Пётр Іванавіч прыязджае з сябрам.
…Па яркай смарагдавай пяшчотнай траве мы ідзём да мяркуемага месца пахавання. І нават калі не тут яно, а праз некалькі сотняў метраў у іншы бок, усё роўна менавіта на гэтую хутарскую зямлю 2 ліпеня 1944 года ўпаў, сцякаючы крывёй, Сямкоўскі Іван Сямёнавіч. І ў ёй жа застаўся навечна.
Да брацкай магілы воінаў 250-й стралковай дывізіі Пётр Сямкоўскі з хваляваннем ідзе адзін. Апускае вянок са стужкай і дрыготкім голасам прамаўляе: “Гэта табе, тата! Прабач, што так позна да цябе прыйшоў…”

А мы, сведкі кранальнай падзеі, змахваем слёзы з вачэй.
...Яшчэ паспяваем сустрэцца са старшынёй сельвыканкама Людмілай Пасудзеўскай, а я -- сфатаграфаваць гасцей з ёй і настаўнікам Пятром Сакавым.
З магілы маці Пётр Сямкоўскі па традыцыі прывёз жменьку зямлі. Ёй жа павязе хутарскую. І тут сямейная пара злучаецца навечна...
Здымкі на памяць, публікацыя ў чэрвеньскай раённай газеце… Усё гэта дасылаю праз некаторы час Пятру Сямкоўскаму ў Старадуб. Пару лістоў адтуль – і цішыня... І з халадком у сэрцы я здагадваюся, што гэта значыць...
... І ўсё ж ён -- паспеў...

 
  • aksinia, 09.05.2018 18:34 #
    +1
    1
    Хорошо, что успел.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 19:30 #
      +1
      1
      Так... І дзеці яго цяпер ведаюць, дзе дзядуля пахаваны...
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
183 поста
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}