Па той бок журналістыкі / Памяць. Слёзы. Успаміны. ЛІСТ У НІКУДЫ...

Не ведаю, што сталася таму прычынай. Мо, хуткаплынны бег часу, а мо – узрост. Але зараз усё часцей сумуеш па тым, што беззваротна страчана, ці па тым, чаго... ніколі не было.
Кажуць, што людзі, якія не зведалі вайны, не могуць адчуваць усяго болю, жаху і роспачы, што зведалі абаронцы Айчыны. Так, не могуць. Але і ў нас, паверце, хапае нагод для жалю і смутку. Нават зараз – праз столькі год пасля прыходу Вялікай Перамогі.
"... Якім ты быў, мой дзед Іван? Ці, дакладней, Вы. Бо да яго ўдавы, маёй бабулі Ксеніі, я чамусьці ўвесь час звярталася на “Вы”. Вось ужо амаль 25 гадоў прайшло, як няма яе побач. Толькі позірк з партрэта ў граніце застаўся такім жа любячым... На Вас, Іван Цітавіч, вельмі падобная Ваша дачка – мая маці, якую Вы так і не ўбачылі.
На адзіным фотаздымку, які захоўваецца ў нашай сям’і... Бог ты мой! Майму дзеду – меней гадоў, чым мне зараз! І гэты малады мужчына – мой... дзядуля?!
Дзядуля... Я не мела магчымасці так называць яго. Бо нарадзілася пасля таго, як ён загінуў. Тата... Гэтае слова мая мама вымаўляла, толькі гледзячы на фотаздымак. Бабуля адна вырасціла траіх дзяцей. Яна расказвала, што яе муж, Кавалёў Іван Цітавіч, быў добрым чалавекам, сем’янінам, шаўцом... Што яго не ўзялі на вайну па стану здароўя. Але ў 1942 годзе ён добраахвотнікам пайшоў на фронт. Быў двойчы паранены, лячыўся ў шпіталях.
І пасля атрымання пахавальнай ніхто не верыў у яго смерць. Дома захоўваліся і чыталіся лісты з фронту. Адзінае, што запомніла мая мама з дзяцінства, гэта сказ: “Настолькі цяжкія баі пад Оршай, што ўвесь шынель – як гусямі пашчыпаны (столькі дзірак ад куль)...” Мой дзед Іван, ураджэнец Смаленшчыны, вызваляў Беларусь, якая пасля стала другой радзімай для яго дачкі і сыноў. Ён дайшоў да Літвы і там, паводле стандартных слоў пахавальнай, “пал смертью храбрых”.
Памяць... Чаму яна абудзілася так позна, калі ўсё беззваротна страчана?! Чаму так баліць і трымціць сэрца, калі я думаю пра даўнія падзеі? Мо, гэта прашчуры заклікаюць не забывацца пра свой род? Я не ведаю... Ды, здаецца, што не сама рука піша гэтыя радкі, а хтосьці яе накіроўвае...
Мой дзед... Звычайна мы прыгадваем Тваё імя сярод іншых дарагіх памерлых на Радаўніцу і Дзяды. А сёлета... Сёлета я думаю пра Цябе (усё ж такі пра Цябе, а не пра Вас – так мы бліжэй адно да аднаго) амаль штодня. І як жа крыўдна і балюча, што так і не сустрэліся. Але ж мы разам там, дзе жывая памяць нашага роду, праўда? Я ведаю, што Ты быў на Зямлі... І што ёсць зараз, толькі дзесьці ў іншым вымярэнні... І што будзеш – заўсёды. Але як жа шкада, што не побач..."


 
  • Zveroboy, 09.05.2018 16:35 #

    Лепш позна, пакуль ніколі.  Мне лепш ведаць пра абуджэнне, і чаму баляць раны. Яны ніколі не загояцца ў тых, хто не хацеў ісці....не па сваёй волі. Польская дывызія Касцюшка дайшла да Варшавы і крыху далей, на гэтым і спынілася. Далей на штурм Берліна пайшлі толькі добраахвотнікі. Таму што яны ПАЛЯКІ і дайшлі да Польшчы. Зразумела? Цалкам верагодна, што ў твайго дзеда страляў літовец.  Іх батальёны да апошняга абаранялі Вільню, калі немцы ўжо збеглі.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 09.05.2018 16:39 #
      +1
      1
      Ой, я не ведаю, хто ў яго страляў... І ніколі не даведаюся... Але падчас вандроўкі ў Літву мяне ніхто не абразіў, а ўсе толькі дапамагалі, ды як!!!! І ніхто мне не сказаў, што не разумее, што кажы, маўляў, па-літоўску... А брацкія могілкі там даглядаюць, уяві сабе! І чысценька, і кветкі высаджаны. Яны знаходзяцца побач з гімназіяй... Так што за памяць я літоўцам вельмі ўдзячна!!!
      ответить на комментарий
      • Zveroboy, 09.05.2018 16:50 #

        У Літве жыве нямала беларусаў. Аўтахтоны яшчэ. 
        ответить на комментарий
  • Zveroboy, 09.05.2018 17:09 #

    Тут ведаць няма чаго. Была чарговая вайна розных народаў з рознымі інтарэсамі,  а тут у калгасе дагэтуль падаюць яе так, як быццам на планеце Зямля 70 гадоў таму існавалі толькі рускія і немцы. Астатнія жылі ў гушчары Амазонкі.  Свет клінам сыйшоўся, зусім ачмурэлі ад прапаганды "пралетарскага інтэрнацыяналізму".  
    ответить на комментарий
  • batleya, 09.05.2018 23:51 #
    +1
    1
    Повязь роду не знікае і з часам становіцца больш адчувальнай! І калі баліць, то так абуджаецца ў душы маленькі куточак для дзядулі і памяці аб ім! Дарэчы, у Літве, як і ўсюды , жывуць проста людзі! І гонар, і павага ім за шанаванне памяці! Галоўнае самім не страціць яе! І пакуль баліць душа - такое немагчыма! Вечны супакой Вашаму дзядулі і ўсім, хто не вярнуўся з вайны!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 10.05.2018 16:55 #

      Дзякуй Вам! Пра Літву і літоўцаў перад вандроўкай памяці ў 2010-м хвалявалася, бо да гэтага шмат чула і чытала, як абыходзяцца з мемарыяламі, пахаваннямі загінуўшых у некаторых суседніх з ёю краінах. Таму была вельмі ўсцешана ўсім пабачаным і захоплена літоўцамі -- знаёмымі і незнаёмымі... Бо аб праблемах з мовай стасункаў таксама чула не аднойчы... Дзякуй Богу, усё атрымалася выдатна...
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
120 постов
Последние комментарии
Marleniken
batleya
Marleniken
Leonid
Marleniken
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}