Па той бок журналістыкі / Куточак Чэрвеньшчыны. Задабрычча. Частка 1

Быў у мяне некалі такі праект -- фотааповеды пра маленькія і не вельмі вёскі і вёсачкі -- куточкі Чэрвеньшчыны (старажытнай нашай Ігуменшчыны). Вандроўкі, знаёмствы з новымі людзьмі... Вельмі падабалася! А гэта ўжо ў якасці фрылансу... Прапанавалі... Атрымалася шмат, таму па частках.
 
Як сцвярджае кніга “Памяць. Чэрвеньскі раён”, гэтая вёска досыць старажытная. Па пісьмовых крыніцах вядомая ажно з 15 стагоддзя, калі ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 17-18 стагоддзі Задабрычча было ў складзе маёнтка Ганута, які належаў Завішам, а потым Хаецкім. У дакументах зафіксавана, што ў 1763-ім яна налічвала ўсяго 14 двароў. Тут была свая карчма, а ў 1800 годзе – завод па вытворчасці жалеза, які належаў К.Завішу. У 1897-ым вёска ўжо ў складзе Якшыцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні, налічвала 26 двароў і 162 жыхары. На пачатку 20 стагоддзя іх колькасць павялічылася да 42 і 190 адпаведна. Зараз жа, па звестках Лядзенскага сельвыканкама, тут прапісана ўсяго 6 чалавек, астатнія – дачнікі.
...У гарачы чэрвеньскі дзянёк пуста на вясковай вуліцы з красамоўнай назвай Сонечная.
 
Але самае цікавае, што пуста і ў хатах, дзе жывуць старажылы ды дачнікі, сярод якіх і ўраджэнцы тутэйшых мясцінаў. На які падворак ні зайдзі, сустракаюць брэхам сабакі ды зачыненыя дзверы.
Дзе ж вяскоўцы?! Вы не паверыце! У гарачыню частка мужчын ды жанчын, нават ва ўзросце “80+”... на ўласных агародах ды сотках! А яшчэ калі не ведаеш, дзе ўчасткі размяшчаюцца, не знойдзеш нізавошта! Бо то за ваколіцу трэба выходзіць, то праз прыродны тунэль з дрэў ды кустоў прадзірацца...
Па парадзе старшыні Лядзенскага сельвыканкама Алены Гамеза, з якой стэлефаноўваліся напярэдадні, накіроўваемся адразу да старасты вёскі Задабрычча – Фёдара Іванавіча Свірыдовіча.
На парозе брыльянтавага вяселля
Патузаўшы зачыненыя на ключ дзверы, з надзеяй азіраю падворак. Белы сабачка спраўна брэша, але на яго голас ніхто не выходзіць. Скіроўваюся па сцежцы за гаспадарчую прыбудову і... бачу гаспадара, які аглядае дрэвы! Пашанцавала! Бо яго жонка Тамара Іосіфаўна і дачка Іна якраз-такі за ваколіцай – на сотках.
Субяседнік Фёдар Іванавіч выдатны! І, як высвятляецца, спраўны гаспадар, майстар на ўсе рукі! Скончыўшы школу электрамантажнікаў у Мінску і займеўшы адпаведную спецыяльнасць, стаяў ля вытокаў масавай электрыфікацыі населеных пунктаў Беларусі, у тым ліку і роднага Задабрычча. І служыць трапіў у інжынерна-тэхнічныя войскі. Сібір, Урал, будаўніцтва казармаў, чыгунак ды іншага... Адслужыўшы тры гады і месяц, вярнуўся Фёдар Свірыдовіч на радзіму. І ў хуткім часе займеў уласную сям’ю, якой сёлета ў снежні павінна споўніцца 60 гадоў! А яго агульны стаж электраманцёра складае больш за 42 гады!
-- Мне яшчэ і 18 не было, -- прыгадвае, -- а я працаваў ужо...
Якраз напярэдадні Фёдару Іванавічу споўнілася 83. Яго жонцы – 80 гадоў. А яны яшчэ (з дапамогай дачкі, якая жыве тут па паўгода) трымаюць адзіную ў вёсцы карову, парсюка, курэй... Маюць, апрача агарода, гектар зямлі, на якім гаспадар шчыруе на трактары, а жанчыны спраўляюцца ўручную. А яшчэ Фёдар Свірыдовіч мае матацыкл, ведае цяслярскую працу. Шмат чаго ў хаце і на падворку зроблена яго рукамі. І гарманіст ён адмысловы! Сын яд яго майстэрства валодання гармонікам пераняў.
Калі ў сям’і тэлевізар быў яшчэ з чорна-белым адлюстраваннем, Фёдар Іванавіч ніколі яго ў рамонт не вазіў! Не ўсё, але што-кольвечы мог адрамантаваць сам. А яшчэ прыгадаў мой суразмоўца, што падчас яго працы электраманцёрам у Задабрычча, лічы, ніколі электрыкі не прыязджалі.
-- Абарвала ўвод, -- прыгадвае, -- тэлефануем у Чэрвень. А нам адказваюць: “Ну, адключыце падстанцыю ды самі зрабіце...” Так і рабілі. І ўвогуле, на працягу свайго жыцця я самую разнастайную працу выконваў!
У суправаджэнні гаспадара накіроўваюся на соткі, каб пазнаёміцца з яго жонкай і дачкой. Тамара Іосіфаўна спачатку катэгарычна адмаўляецца і размаўляць, і фатаграфавацца, і дахаты ісці. Маўляў, гарачая ва ўсіх адносінах пара. Бульба зарастае! І ўсё ж праз пэўны час згаджаецца. А пасля, захопленая ўспамінамі, столькі прыгадвае!

 
Яе тата прыйшоў з фронту з адной нагой, хадзіў на мыліцах. У сям’і было трое дзяўчат. Самая малодшая памерла ў вайну, калі шкарлятына і тыф забралі жыцці 16 вясковых дзяцей. Бацька сямейства даглядаў калгасных кароў, а Тамара яму дапамагала і карміць іх, і зграбаць пакошанае, і дровы ў лесе рэзаць... І ўсё гэта – у сямігадовым узросце! Спецыяльнасць абрала будаўнічую.
-- А тады ж усе ехалі ў Мінск, -- зазначае. – Ну, і мне хочацца. А моладзь жа тады з калгаса не адпускалі, даведкі і пашпарты не выдавалі, каб затрымаць на вёсцы, у сельскай гаспадарцы... Пайшоў мой тата да старшыні калгаса – прасіць, каб мне далі даведку... А той яго за каршэнь – і выгнаў. Не даў! І так тата разоў колькі да яго хадзіў. А тады ўсё ж надакучыла тому такая настойлівасць, выдаў даведку. А я ў Цэнтры – ну, у Лучы – будавала і вежу, і лазню, і кацельню, і інтэрнат, дзе цяпер кантора... А цэглу ж тады падвозілі на тачках... Ведаеце, якая вага ды як нязручна?! Я паадціскала тады ўсе пальцы на нагах, цяпер гарую...
З вялікай цяжкасцю вырваўшыся з брыгадаю ў Мінск, Тамара Іосіфаўна будавала там заводы.
-- Тады ж такія маразы былі вялікія ўзімку! – распавядае. – Укінулі нас у катлаван, там мы і працавалі. А што ж мы прыехалі, дзяўчаты?! Ні штаноў, нічога... Паадмарозілі калені. Дык ўкручвалі іх хустамі і так рабілі.
Чатыры гады Тамара Іосіфаўна пражыла ў складаных умовах у бараку. Толькі напрыканцы іх перасялілі ў інтэрнат. Узорны. Вось там ужо аджылі. А тады дзяўчына выйшла замуж і вярнулася ў Задабрычча.
Падчас меліярацыі Тамара Свірыдовіч даглядала спачатку тры з паловай кіламетры рэчкі Дабрыца, а тады і ўсе пяць. Абкошвала, прачышчала, і ўсё – рукамі. Рэчка тады была чыстая і не зарослая, не тое што зараз.
 
Дарэчы, з кім бы з вяскоўцаў мы ні размаўлялі, абавязкова абмяркоўвалі, што ім вядома пра паходжанне вёскі, сведчанні яе старажытнасці і якія ўспаміны з ваеннага дзяцінства захавала памяць.
Напрыклад, Фёдар Іванавіч і зараз памятае, як ледзь не забілі яго, малога. Падчас перастрэлкі вырашыў гільзы пазбіраць. Цацак-то ніякіх не было... А кулі над галавой – свісь, свісь! Але абышлося. Прыгадвае, як у 1944-ым ішлі салдаты з-пад Новага Будкава і спявалі: “Белоруссия родная, Украина золотая...”
У хуткім часе мабілізавалі мужчын. Шмат іх не вярнулася дахаты. У тым ліку і яго, Фёдара, брат, 1925 года нараджэння. А тату іх як заможнага селяніна рэпрэсавалі і расстралялі ў Мінску ў 1938-ым. Рэабілітавалі ж у 1989-ым.
У сям’і Свірыдовічаў памятаюць, што даўней у Задабрыччы было 35 хат, па 35-40 кароў. У сем’ях гадавалася па пяць і болей дзяцей. Былі тут клуб з бібліятэкай, пачатковая школа, крама... Будынак апошняй і зараз стаіць пры ўездзе ў вёску, а вяскоўцаў абслугоўвае аўтакрама Чэрвеньскага райспажыўтаварыства ды мінскія прадпрымальнікі заязджаюць.
 
Пра старажытнасць вёскі сведчаць камяні на могілках, на якіх дзе-нідзе, кажа Фёдар Іванавіч, можна было разгледзець дату: 1700-ыя гады.
Дачка Свірыдовічаў Іна з вялікай цеплынёй узгадала, якая была вёска ў яе маленстве і юнацтве. Задабрычча тады далекавата цягнулася. На другім баку жыла бабуля, да якой малыя бегалі ў госці. Рэчка Дабрыца была звілістай, пэўныя яе ўчасткі мелі назвы: Іванчыкава, Нанаўрэчча, Чорны вір...
-- Чаму Іванчыкава? – задуменна перапытваецца Іна Фёдараўна. -- Не ведаю. Мо, таму, што Іванка кароў пасвіў тут?!
Васьмідзесяцігадовая Тамара Іосіфаўна і зараз, як зробіцца сумна, ідзе на другі канец вёскі, дзе было іх адонне.
Пуста там цяпер. А побач, кажа дачка Іна, увосень яны грыбы збіраюць...
Непадалёк расце аграмадная таполя, пасаджаная сястрой-бібліятэкарам Тамары Свірыдовіч, якой не стала летась. Утраіх тое дрэва – не абхапіць!
 (Працяг будзе)
 
  • elina, 02.07.2018 13:47 #
    +1
    1
    Интересно. У меня тоже про пару деревень есть где-то посты.
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.07.2018 13:47 #

      Дзякуй! У мяне напісана пра некалькі дзясяткаў вёсак... Толькі не пасты, а матэрыялы. Я ж на Блогеры толькі другі год...
      ответить на комментарий
      • elina, 02.07.2018 13:48 #
        +1
        1
        Книгу можно издавать уже!
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 02.07.2018 13:49 #

          І не кажыце... Была такая задумка... І... сплыла. Увы і ах!
          ответить на комментарий
  • aksinia, 02.07.2018 17:46 #
    +1
    1
    Интересный рассказ. Но вот почитают некоторые товарищи, что наши люди 80 лет и старше работают пусть и на своих огородах и подумают: "Правильно мы им пенсию подняли. Силушки им не занимать". Эх!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.07.2018 17:49 #
      +1
      1
      Дзякуй! Гэта сапраўды ўнікальнае пакаленне -- 80+ і 90+! Зрэшты, 70+ -- туды ж... 60+ -- ужо выбарачна (гэта мае ўласныя назіранні, не прэтэндую на абсалютную ісціну!). А далей -- ужо не тое, ой, не тое... Так што... 
      ответить на комментарий
      • aksinia, 02.07.2018 18:02 #
        +1
        1
        Згодна.
        ответить на комментарий
  • batleya, 02.07.2018 20:45 #
    +1
    1
    Дзякуй за такі светлы аповяд пра вяскоўцаў! Быццам у дзяцінстве пабываў! 
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.07.2018 20:45 #
      +1
      1
      Дзякуй Вам за такі прыязны водгук! Прыемна! 
      ответить на комментарий
  • Zveroboy, 03.07.2018 19:45 #

    Вельмі хуткі тэмп..Людзі не паспяваюць чытаць , тым болей пераварыць. І куды ўжо  так ляціш?  
    ответить на комментарий
  • Udachnik, 03.07.2018 22:33 #
    +1
    1
    Вельмі цікавы расповед! Вуліца Сонечная! Даволі распаўсюджаная назва, дарэчы я таксама жыву на вуліцы Сонечнай 
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 03.07.2018 22:36 #
      +1
      1
      Дзякуй вялікі! Прыемна!  Оо-о-о-о, на якой прыгожай вуліцы Вы жывяце!!!   А ў нас у садовым таварыстве, уявіце сабе, вуліца... Садовая!!!    Хаця, па шчырасці, ёй больш падыходзіць назва "Балотная"... 
      ответить на комментарий
      • Udachnik, 03.07.2018 22:38 #

        Дзякую!
        ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
308 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}