Па той бок журналістыкі / Куточак Чэрвеньшчыны. Задабрычча. Частка 2

Пачатак тут http://sonejka-ja.bloger.by/97410/
Таццяна Няхай і... Таццяна Няхай
Даўней шмат было ў вёсцы насельнікаў па прозвішчы Няхай. Ёсць яны і зараз. Нават цёзкі. Як Таццяна Іосіфаўна (на здымку злева) і Таццяна Максімаўна. У лёсах іх – шмат падабенства.
 
Абедзве нарадзіліся ў год вызвалення Беларусі, а больш за паўстагоддзя таму замуж сюды выйшлі – за Нехаёў. Толькі Таццяна Іосіфаўна мела дзявочае прозвішча Даноўская і жыла на Бярэзіншчыне, а Таццяна Максімаўна – Забаронак, родам з суседняга Новага Будкава. Зрэшты, даўней  тут яшчэ жылі Таццяна Паўлаўна Няхай, Таццяна Ануфрыеўна Няхай... І як іх толькі ўсіх не блыталі?!
Шчыравалі дзве Таццяны ў паляводстве, дапамагалі леснікам лес садзіць, куды пасля з задавальненнем ішлі па ягады-грыбы. Абедзве страцілі мужоў. Зараз са шкадаваннем прыгадваюць, як паступова з’язджалі маладыя, паміралі старыя, як пусцела вёска... Цяпер толькі і пабачышся з суседзямі ля аўтакрамы. Пасядзяць на лавачцы жанчыны, пагамоняць – і зноў па сваіх хатах ды агародах.
Таццяна Максімаўна, па яе словах, ужо 21 год адна гаруе са шматлікімі хваробамі. І ўсё ж хочацца на грады, якія размяшчаюцца зусім не там, дзе яе падворак, што таксама стрэў мяне замком. Гэта пасля ўжо Таццяна Іосіфаўна, чый агарод размяшчаецца ля хаты, пагадзілася быць маёй праважатай. Яна і завяла мяне да таго ўчастка, дзе шчыравала яе цёзка, -- па прыроднаму тунэлю з дрэў і кустоў.
 
Дарэчы, тут яшчэ раз пачула пра такую дзіўнасць, як, так бы мовіць, “прызначэнне” дня народзінаў. Калі метрыкі былі страчаны (да вайны, у вайну), маглі вызначаць узрост па вонкаваму выгляду. А дату запісвалі так. Калі чалавек прыкладна ведае (па аповедах маці, іншых сваякоў), што нарадзіўся ў першым паўгоддзі, дзень народзінаў запісваюць – 01.01. Калі ў другім – 01.07. Памятаю, раней дужа дзівілася, колькі ў сталых людзей супадзенняў у датах нараджэння. Ажно пакуль ні патлумачылі гэтую сістэму.
Дык вось у Таццяны Іосіфаўны ў пашпарце запісана якраз так: 01.01.1944. Хаця маці яе калісьці казала, быццам нарадзіла дачку 30 мая. А ў метрыках увогуле другая палова...
Свой дакладны дзень народзінаў не ведае і Таццяна Максімаўна. У пашпарце – 13.02.1944. І ў гэты ж дзень, толькі ў 1965 годзе, яна замуж пайшла...
Тыповая хата стагоддзя мінулага
Разам з Таццянай Іосіфаўнай па другому кругу накіроўваюся да хаты Аркадзя Рыгоравіча Нехая – стрыечнага брата Фёдара Іванавіча, дзе таксама вісеў раней замок. Зараз гаспадар ужо дома.
Гэтая хата – адна з самых старых пабудоў Задабрычча.
 
Праўда, не 500 ёй гадоў, але пад 100 падбіраецца. І такое ўсё тыповае для даўнейшых вясковых хатаў... Маці Аркадзя Рыгоравіча ўвайшла калісьці ў яе, навюткую, маладой гаспадыняй. Ды не лёс быў пражыць з мужам у згодзе і шчасці шмат дзесяцігоддзяў, гадуючы дзяцей. Рыгор Мацвеевіч Няхай загінуў у Чэхаславакіі, зусім крыху не дажыўшы да 9 Мая 1945 года... І зараз іх сын прыгадвае бацькоў, гледзячы на партрэты розных гадоў.
 
Хата, складзеная з непафарбаваных бярвёнаў, са старой печкай з чыгункамі, драўлянай лаваю ды іншымі прадметамі сялянскага побыту мінулых часоў здаецца зараз нейкім музеем. І тым больш дзіўна згледжваць тут групавы фотаздымак навучэнцаў Жыровіцкага тэхнікума механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі 1961-1965 гадоў вучобы. Аказваецца, гаспадар хаты заканчваў гэтую ўстанову! Толькі паўтара года, не лічачы вучобы, і пабыў ён за межамі роднага Задабрычча. А так... Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Працаваў на МТС (машынна-трактарнай станцыі),  у калгасе ды саўгасе токарам, тэхнікам-механікам. А яшчэ захапляўся фатаграфаваннем. Эх, прыгадвае, які здымкі “Зенітам” рабіў!
На пытанне, якой запомнілася вёска, упэўнена адказвае: вясёлай! Маўляў, есці хацелі, а пелі. Зараз школьнікаў і на аўтобусе возяць, і кормяць. А даўней як дасць маці якую неабабраную бульбіну з сабой у школу, дык па дарозе яна і з’ядалася...
Яшчэ Аркадзь Рыгоравіч прызнаўся, што матэматыкам ён быў – ого-го!
(Працяг будзе)

 
  • batleya, 02.07.2018 23:09 #
    +1
    1
    Гэтыя людзі нават у сённяшнім  безчасоўі захоўваюць свае каштоўнасці  і  таму вышэй за ўсіх  "радетелей  народа"  і яго "зашчытнікаў"! 
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 02.07.2018 23:11 #
      +1
      1
      Цалкам згодна! Гляджу на іх і думаю: "Вось яно, сапраўднае..."
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
229 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}