Па той бок журналістыкі / Куточак Чэрвеньшчыны. Задабрычча. Частка 3

Частка 1:  http://sonejka-ja.bloger.by/97410/
Частка 2:http://sonejka-ja.bloger.by/97423/
За працу Ніна ордэн зарабіла
Па парадзе сталых жыхароў заходжу і на падворак дачніцы, якая паўгода жыве ў Мінску, а паўгода – у вёсцы. Але яна – тутэйшая. І, як запэўнілі, шмат можа расказаць пра даўнейшае жыццё Задабрычча.
Ад Ніны Андрэеўны Свірыдовіч я ў поўным захапленні! Як выглядае, трымаецца і завіхаецца па гаспадарцы ў свае 80! Як цікава разважае! Колькі ўспамінаў мае! А які ў яе адметны погляд на рэчы і з’явы!
-- На мяне, бывае, кажуць: “Ты, мусіць, усё жыццё прагуляла”, -- смяецца мая суразмоўца. – Канешне, прагуляла! Ведаеце, як гаворыцца?! “За добрым мужыком і чыкірында жонка. А за дрэнным і княгіня загіне!” А я ўсё жыццё адпрацавала сумленна...
 
Фактычна Ніна Андрэеўна нарадзілася ў Мінску. Бацькі яе вярнуліся на радзіму маці, калі пачалася вайна. У сям’і было ні многа ні мала, а сямёра дзяцей. Але двое памерлі, засталося пяцёра. Калі вызвалілі Беларусь, тату Ніны прызвалі ў войска. У тым жа годзе радавы Няхай Андрэй Лявонцьевіч памёр ад ран у шпіталі. Пахаваны ў вёсцы Наваельня Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Дачка тройчы была на яго магіле.
Шмат памятаецца Ніне Андрэеўне з дзяцінства і юнацтва. Як малымі выбягалі з хаты паглядзець на немцаў, а тыя частавалі іх мармеладам, завернутым у фольгу. Як дарослыя расказвалі, што адну жанчыну шалёная куля забіла прама ў хаце, калі яна калыхала ўнука...
Да меліярацыі, сцвярджае Ніна Свірыдовіч, рэчка была значна лепшая: шырокая, чыстая, месцамі глыбокая. І вадзілася ў ёй процьма рыбы! Уласна кажучы, яна і выратоўвала вяскоўцаў пасля вайны. Лавілі кашамі і сплеценымі абрусамі. Паколькі ніякага тлушчу ці алею ў галодныя пасляваенныя гады не было, тушылі на патэльні, проста падліваючы ваду. Пра чысціню рэчкі сведчылі і ракі, якія тут вадзіліся і якіх дзятва, купаючыся, намацвала ў берагах.
Калі яшчэ не было з чаго пячы свой хлеб, дзеці хадзіла за 12 кіламетраў у Градзянку. Там была свая пякарня, але... дзейнічала забарона: калгаснікам хлеба не прадаваць! Па хлеб адпраўлялі дзяцей. І была адна такая добрая прадаўшчыца, прыгадвае Ніна Андрэеўна, якая заўсёды прадавала ім па адной, а то і па дзве буханкі. Хлеб тады адпускаўся на вагу. І калі дзеці вярталіся, каўталі галодную сліну ад хлебнага паху, але ніхто і ніколі не адшчыпнуў сабе нават скарынкі. Дахаты ж неслі!
Ніна Свірыдовіч пацвердзіла словы Аркадзя Нехая, што даўней вёска была вясёлая. Не было ў што прыбрацца, а басанож так танчылі на вечарынках! У вёсцы ж свае гарманісты. А які выбар кавалераў! На 9 дзяўчат яе ўзросту – 26 хлопцаў! І ўсё ж Ніна таксама паехала ў Мінск. Хаця і выйшла замуж за мясцовага.
-- Цяпер едуць шукаць лёгкага хлеба, -- тлумачыць яна, -- а мы тады – проста хлеба...
Асвоіўшы на практыцы прафесію муляра, а разам з ёй і іншыя будаўнічыя спецыяльнасці, Ніна Свірыдовіч усё жыццё адпрацавала на будоўлі. Стаж – 39 гадоў і плюс яшчэ 6 – на пенсіі.  А калі пацягнула на малую радзіму, купіла тут хату і сама абклала яе цэглай. Толькі, уздыхае, з мужам, колішнім фрэзероўшчыкам-універсалам, які працаваў у ваенным цэху трактарнага завода, шмат тут, на малой радзіме, не давялося пажыць. У хуткім часе ён памёр... Разам яны пражылі 44 гады.
Зрэшты, сваё Задабрычча жанчына не забывала ніколі. Жывучы ў Мінску, часта прыязджала сюды, спадарожна выконваючы заказы вяскоўцаў: набыць у Чэрвені смачнага марожанага, якое прадавалася на вагу. Везла яго цэлымі трохлітровымі слоікамі! Як перадавая працаўніца ў свой час шмат дзе пабыла: у Брэсце, Львове, Кіеве, Ленінградзе, Пецяргофе, Клайпедзе, Чэхаславакіі...
-- Памятаю, былі мы ў Чэхаславакіі ў такую пару, калі ішло жніво, -- прыгадвае Ніна Андрэеўна. – І стаяць у іх у выхадны дзень камбайны, не працуюць. А я і кажу: “Такое надвор’е спрыяльнае – і камбайны ў вас не жнуць?!” – “Заўтра будуць жаць”. – “А як заўтра дождж?!” – “Нічога! Хто намочыць, той і высушыць”. Во так! А для мяне ж гэта было незразумела... У нас жа рабілі без выхадных. Праца цяжкая, а спявалі. Некалі маткі нашы ідуць са жніва, натаміўшыся за дзень сярпамі жаць... І так пяюць!
Распавядаючы пра мінулае вёскі, параўноўваючы яго з цяперашнім жыццём, пра сябе Ніна Рыгораўна ўсё ж распавяла няшмат. І толькі напрыканцы размовы, якую ніяк не хацелася перапыняць, ды час падціскаў, высветлілася: за сумленную працу мае яна шмат узнагарод. У тым ліку і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга!
* * *
Вяртаючыся з аднаго канца вёскі ў другі, згледжваем старасту Фёдара Свірыдовіча, які гоніць дахаты карову.
 
З “тунэлю” выходзіць Таццяна Максімаўна Няхай (а Іосіфаўна ідзе са мною побач). Праводзіць нас Аркадзь Няхай... А пасля яны садзяцца побач – пагаманіць... І гэты малюнак так і стаіць у мяне перад вачыма:
 
-- Ну вось фактычна і палова нашага насельніцтва сабралася, -- сказаў, звяртаючыся да мяне, Фёдар Іванавіч.
Але ёсць у вёсцы яшчэ дачнікі, сярод якіх і пчаляр, і ўладальнік дыхтоўнага дома... І мясцовы жыхар, толькі маладзейшы за пералічаных, Павел Няхай...
Ціха і спакойна жыве вёска за ракой Дабрыца.
 
Здароўя, шчасця, дабра і дабрабыту яе насельнікам!
  • batleya, 03.07.2018 22:14 #
    +1
    1
    Сапраўды, няхай шчасціць гэтым добрым людзям! Кажуць, на Афоне ёсць старцы-манахі, якіх ніхто не бачыў, бо яны  безупынна моляцца за ўвесь свет.  А мы, пэўне, яшчэ жывыя няхітрай малітвай - жыццём простых вясковых працаўнікоў! Дай Божа ім дабра! І Вам за такі цудоўны аповяд акрамя майго нізкага паклону,  няхай Гасподзь пашле здароўя і дабрабыту на доўгія гады!
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 03.07.2018 22:18 #
      +1
      1
      Шчыра дзякую Вам за такі прыязны водгук і пажаданні! Вельмі кранальна! Якія цудоўныя словы пра вяскоўцаў! А ведаеце, пра манахаў я гэтае ж чула... Мабыць, праўда... Як і тое, што на такіх вось простых вясковых працаўніках і трымаецца наш свет...
      ответить на комментарий
      • batleya, 03.07.2018 22:24 #
        +1
        1
        Я сам вырас у вёсцы і сёння не прамяняў бы тое мейсца, дзе нарадзіўся, бо столькі жыццёвай мудрасці я яшчэ нідзе не сустракаў!
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 03.07.2018 22:25 #

          Цалкам з Вамі згодна!!!
          ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
229 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}