Па той бок журналістыкі / Праца ў лесе – даўгалецця крыніца

 
Пра тое, што ў гэтай хаце вёскі Чарнава Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці жыве ветэран вайны, красамоўна сведчаць шыльды. А суседзі прывыклі, што тут часта спыняюцца машыны з лагатыпам Чэрвеньскага лясгаса. Яно і не дзіўна: шаноўны Іван Антонавіч Мальковіч 35 гадоў адпрацаваў у лясной галіне. І супрацоўнікі Чэрвеньскага лясгаса шчыра клапоцяцца пра свайго адзінага цяпер ужо ветэрана. Заязджаюць, каб выканаць просьбы, а то і проста праведаць. А яшчэ – павіншаваць са святамі.
Вось і напярэдадні 3-га ліпеня намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец і вадзіцель Аляксандр Русецкі завіталі ў вясковую хату Івана Антонавіча і Васіліны Лявонцьеўны Мальковічаў.
... Міма іх жытла цяпер не праедзеш абыякава, бо яго аздабляе новы плот, пафарбаваны ў яркія колеры – зялёны і жоўты. Гэта, так бы мовіць, падарунак ад Чэрвеньскага лясгаса ветэрану і яго сям’і.
-- Калі ўвесну Іван Антонавіч папрасіў адрамантаваць агароджу, нашы спецыялісты адразу ж прыехалі на яго падворак, -- распавядае Жанна Чарнавец. – Але высветлілася, што рамантаваць ужо няма чаго, трэба ставіць новы плот. Што і зрабілі да сёлетняга 9 Мая.
Іван Антонавіч і Васіліна Лявонцьеўна засталіся задаволенымі. А стары плот таксама нашы работнікі папілавалі і склалі – на дровы. Дарэчы, і дровы для Мальковічаў мы нарыхтоўваем. Увогуле, ніколі не адмаўляем у дапамозе.
Шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці і Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Жанна Чарнавец перадае ветэрану ад імя дырэктара лясгаса Андрэя Галкоўскага, сябе асабіста і ўсяго калектыву. Уручае паштоўку, матэрыяльную дапамогу, кветкі, прадуктовы набор і мёд з лясгасаўскага пчальніка.
Як заўсёды, усцешана такой увагай да бацькоў дачка Ніна, якая рэгулярна прыязджае з Бабруйска, каб даглядаць іх. Бо Івану Антонавічу ўжо 91 год, Васіліне Лявонцьеўне – 89. Але сёе-тое яны стараюцца рабіць самі. Гаспадар -- пакосіць, гаспадыня – градкі праполе. Можа, таму і жывуць яны так доўга, разважае Ніна Іванаўна, што ўсё жыццё – у працы, у руху. І зараз яшчэ самі не пасядзяць, смяецца, і іншым не дадуць. А разам Мальковічы ўжо 68 гадоў! Маюць пяцёра дзяцей, сямёра ўнукаў і чатыры праўнучкі.
... Як і многія дзеці вайны, чый узрост у 1940-х гадах набліжаўся да 18-ці, Іван Мальковіч атрымаў позву ў войска пасля вызвалення Беларусі, у 1944-ым. Разам з іншымі юнакамі шмат прайшоў пехатою па раёну. Пасля доўгай вандроўкі на розных відах транспарту трапіў у вучэбную часць, якая базіравалася ў лясах пад расійскім горадам Казельскам. Там зведаў і голад, і холад, асабліва ўзімку. І так склалася, што не на Варшаву ды Берлін іх накіравалі, а на Манголію, Маньчжурыю, Кітай... Дзіўнае надвор’е і дзіўная прырода для простага беларускага хлопца! Пакутавалі ад спёкі, ад недахопу вады... Сведчаннем тых няпростых гадоў засталіся ордэн Айчыннай вайны ды медаль “За перамогу над Японіяй”.
Зараз удзел у ваенных дзеяннях Іван Антонавіч прыгадвае праз кароткія ўспышкі-выбухі ў памяці. Яскрава паўстаюць перад вачыма, так бы мовіць, бытавыя эпізоды. Як дзялілі булку хлеба на 12 чалавек, а есці маладым і здаровым хлопцам хацелася неверагодна. Як сцюдзёна было ў акопах узімку. Як выпадкова выбухнула граната ў рэчмяшку камандзіра аддзялення, калі людзі размясціліся ўжо на платформе эшалона. Многія пацярпелі ад асколкаў, а Іван Мальковіч аглух на правае вуха. Так з гэтым і жыве... Як у біклазе пасля выпітай вады заставалася соль... Як вучыўся ў школе шафёраў і школе малодшых сяржантаў...
Але самае галоўнае, што жывым ён вярнуўся ў родную вёску, праслужыўшы ў войску два гады і два месяцы. Тут знайшоў сабе спачатку сялянскую працу ў калгасе. Затым два гады гандляваў у ларку, які размяшчаўся проста ў хаце. Прадаваў, апрача іншага, і гарэлку, прыгадвае Іван Антонавіч. А вось сам стараўся не піць. І на ўсё жыццё захаваў такую звычку.
З прыгажуняй Васілінай пазнаёміўся ў сваёй жа Чарнаве, калі яна, жыхарка вёскі Вялікі Бор, прыйшла сюды на вяселле стрыечнай сястры. Два гады сустракаліся. Тады пачалі жыць разам, а распісаліся на пачатку 1951-га, калі сынок ужо нарадзіўся. Таму па дакументах іх шлюбу 67 гадоў, насамрэч – 68, а знаёмыя, атрымліваецца, ужо ўсе 70!
Па прапанове мясцовага ляснічага Іван Мальковіч прыйшоў працаваць у лясніцтва. Напачатку – пажарнікам, тады – аб’ездчыкам, тэхнікам, лесніком... Абход быў вялікі – да 25 кіламетраў! І ўсё практычна толькі пешшу. Калі лавіў парушальнікаў за самавольныя парубкі і складаў акты, трэба было як прадстаўніку лясгаса яшчэ і на судах у Смалявічах прысутнічаць. У той горад найчасцей таксама дабіраўся пешшу. Сваю ж уласную хату сям’я Мальковічаў будавала ажно 7 гадоў! І тое знайшліся зайздроснікі, якія напісалі скаргу. Маўляў, з дармавога лесу будуюцца. Добра, што зараней ляснічы папярэдзіў: маўляў, захоўвай, Іван, усе дакументы на выпісаны лес. Як у ваду глядзеў: спатрэбіліся!
Пасля штодзённых доўгіх працоўных вандровак па лесе трэба было ўдзяляць увагу сям’і, дзе нарадзіліся і гадаваліся пяцёра дзяцей, ды гаспадарцы вялікай, якую трымалі, каб выжыць. Тры каровы, два цяляці, куры ды іншая жыўнасць... Добра, што дома чакаў надзейны тыл: Васіліна Лявонцьеўна. Апрача працы ў сельскай гаспадарцы і па гаспадарцы ўласнай яна яшчэ і мужу старалася дапамагчы. Калі падраслі дзеці, таксама брала іх з сабою ў лес. Пасадзіць лясныя культуры, дагледзець іх, венікаў навязаць, лапак хваёвых насячы... Апошніх Іван Мальковіч здаваў па 20 тон!
І няхай сабе нідзе гэтая дапамога афіцыйна не была зафіксавана, але Васіліна Лявонцьеўна, атрымліваецца, таксама шчыравала ў лясной гаспадарцы. Такая дапамога мужу дорага каштуе!
... З любоўю пазірае на сваіх бацькоў іх дачка Ніна Базылева. Ганарыцца тым, якія яны працаўнікі, якія актыўныя. Кажа, што ў дзяцінстве яе і чатырох братоў не трэба было прымушаць да хатняй працы. Самі разумелі, што рабіць. Апрача іншага, шмат хадзілі па ягады-грыбы. Тая звычка засталася і зараз.
Пытаюся ў Ніны Іванаўны, у чым, па яе меркаванню, сакрэт такога доўгага сумеснага жыцця Івана Антонавіча і Васіліны Лявонцьеўны.
-- Вядома ж, не ўсё было ідэальным, -- задуменна разважае Ніна Базылева. – За 68 гадоў усяго хапіла. Але для сямейнага жыцця цярпенне трэба мець, я лічу. І саступаць адно аднаму ўмець. У нашай сям’і найчасцей мама тату саступала. І заўсёды вельмі яго паважала. Гэтаму і нас, дзяцей, навучыла...
... Мудрыя вочы Васіліны Лявонцьеўны Мальковіч і зараз пазіраюць весела і задорна. Яна з ахвотай ідзе на кантакт. А калі знаходзішся побач з ёю, здаецца, ад яе ідуць цалкам адчувальныя хвалі дабрыні.
-- Во, глядзіце, якія мы на партрэтах былі маладыя і прыгожыя! – паказвае. – Зараз нас і не пазнаць...
 
 
А я гляджу на гэтую сямейную пару – і бачу прыгажосць адпаведна ўзросту. І вельмі хочацца, каб часцей побач з Іванам Антонавічам і Васілінай Лявонцьеўнай былі родныя клапатлівыя людзі. Каб не так турбавалі хваробы, а іх сумеснае даўгалецце сапраўды было ў радасць.





 
  • batleya, 15.07.2018 12:14 #
    +2
    2
    Цікавыя і па сапраўднаму жывыя людзі! 
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 15.07.2018 18:01 #
      +1
      1
      Так! Вы, як заўсёды, маеце рацыю...
      ответить на комментарий
  • Zveroboy, 15.07.2018 20:59 #

    Героі паэмы "Новая зямля"  
    ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
260 постов
Последние комментарии
Lea
Lapka
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}