Па той бок журналістыкі / У балоце -- з прыгодамі

Акрыленая сёлетнім поспехам у збіранні і перапрацоўцы чарніц, вырашыла ўсё ж завітаць і ў балота, дзе не была даволі даўно. То ніяк не трапляла па тэрмінах па буякі ці журавіны (спахоплівалася, калі ўсё ўжо адыходзіла), то балота гарэла і знаёмыя мясціны было не пазнаць. А вось сёлета ўсё склалася.
Праязджаючы па шашы ў чарніцы, штораз назірала, як пасля зацяжных дажджоў налівалася вадой балота. І нават было незразумела, можна туды трапіць ці не. Але аднойчы, вяртаючыся з чарніц, мы з татам на веласіпедах абагналі дзвюх знаёмых жанчын, якія ішлі пешшу акурат з буякоў. Тады і вырашылі паехаць туды ж у бліжэйшы час.
Памятаю, як яшчэ ў дзяцінстве разам з бацькамі на тое балота мы хадзілі ў журавіны таксама пешшу. І тады, хаця і не сезон ужо быў, яшчэ можна было назбіраць і буякоў. Зараз шлях па лузе паміж дзвюма палосамі лесу шчыльна зарос кустоўем. Там ужо і не пройдзеш. Як што, дык трэба праставаць па шашы.
... Паколькі ў абраны дзень абяцаюць гарачыню, уставаць вырашаем а пятай. Прыгожай жнівеньскай раніцай так прыемна ехаць на веласіпедзе па роўнай шашы і нетаропка разглядаць лес злева і справа. Вось практычна яшчэ ў рысе горада, на самай яго ўскраіне ў накірунку Мар’інай Горкі, лясныя мясціны пачынаюць змяняцца да непазнавальнасці. З-за нападаў караеда тут спілоўваюць дрэвы і спальваюць парэшткі. Некаторыя грыбныя мясціны таксама ўжо няма сэнсу наведваць. Пасля ліпеньскага ўрагану 2016 года тут – пустка. Рэдка дзе на пэўных участках засталіся цэлыя дрэвы. Парэшткі складзены ў валы, і зарастае ўсё гэта сунічнікам. Толькі ягады збіраць тут не выпадае: дужа блізка ад дарогі. Усе шкодныя рэчывы будуць у іх.
А вось і знаёмая сцежка, якая вядзе праз лес да балота. Тут ужо спешваемся і вядзём веласіпеды ў руках. Спадарожна разглядаем гэтыя ўзбочыны: раптам дзе грыб пракінецца? Зусім непадалёк у лепшыя гады мы збіралі баравікі прама пад коламі легкавікоў, якія там, ля балота, паркаваліся. А каб патрапіць у буякі, трэба было пераходзіць праз канаву па хісткай кладцы, чаго я асабіста заўсёды баялася.
Але гэтым разам услед за татам паварочваю на іншы шлях. Больш-менш шырокая сцежка праходзіць паабапал кустоў, па траве. Дзе-нідзе пад нагамі хлюпае вада. Ісці недалёка. Вось і пясчаная выспа. Штосьці я не памятаю гэтага месца... Па ёй зручна пераходзім канаву, у якой паблізу такая чысцюткая вада! Тата кажа, што можна лавіць рыбу! Ну, так... Каб яна там вадзілася.
Прышпільваем да бліжэйшай хвойкі веласіпеды і... Штосьці я не разумею, куды ісці. У балоце поўна вады, вакол адны зараснікі хвой, паваленыя дрэвы.
Услед за татам (ну, ён-то тут быў не так даўно, як я, значыць, ведае?!) --прадзіраюся. Ідзём хвілін пяць (прама хада з перашкодамі!) – і ўсё не трапляем на чыстае месца, якое засталося ў мяне ў памяці. Мо, гэта не тое балота?! Як можна збіраць ягады, калі вакол – зараснікі, а пад нагамі – вада?!
Ды і ягад чамусьці на кустах практычна не відаць. Ці то пазбіралі, ці то кусты маладзенькія...
Даводзіцца згінацца і шчыпаць ягадку за ягадкай, па адной. У хуткім часе трапляю на невялікую палясцінку, дзе ягад няблага, клічу тату. І там атрымліваецца назбіраць адразу крыху больш за палову пяцілітровага вядзерца! Прычым даволі хутка! Вядома ж, буякі – не чарніцы. Дзёргаць іх хутчэй і весялей. І хаця яны не такія буйныя, як на культурных садовых плантацыях, але таксама трапляюцца неблагія.
Рухаючыся далей у пошуку лепшага, паступова выходжу на больш-менш чыстае месца. Вось гэта падобна ўжо на балота ў маёй памяці! Аднастайныя хвоі з вершалінамі раскідзістымі і цалкам засохшымі растуць не адна пры адной, а даволі вольна. Кусты буякоў невысокія і разгалістыя. А паміж імі па моху працягнуліся нітачкі журавін. Вось толькі ягад, якія яшчэ павінны быць зялёнымі, на іх не бачу чамусьці.
Зрэшты, прыглядацца няма часу. Трэба назбіраць свой не дужа вялікі посуд і ісці назад. Бо калі сонца ўвойдзе ў сілу, у балоце ад выпарэнняў зробіцца зусім невыносна. А арыенцірам, у які бок вяртацца, служыць паласа лесу, з якога мы выйшлі, ды гул машын на шашы, па якім заўсёды арыентуюся як у лесе, так і ў балоце.
Забягаючы наперад, хачу зрабіць выснову, якая прыйшла на розум менавіта пасля наведвання балота. Калі аматары грыбоў і ягад не маюць вось такіх дакладных арыенціраў па зроку ці слыху, няма чаго ісці ў лес ці ў балота! І тое, што столькі людзей губляецца і блукае, а часам і не вяртаецца дахаты, зусім не дзіўна. Асабліва ў балотах. Там жа ўсё аднолькавае! Падчас паходу ў буякі я адчула гэта вельмі яскрава.
Калі ў пяці- ці шасцілітровым вядзерцы ягад ужо літры чатыры, яго цяжка насіць на поясе, вельмі адчувальна для спіны. Таму да поўных мы збіралі ягады ў літровыя вядзерцы, паставіўшы асноўную тару і сумкі з неабходным на бачным месцы. На ўсялякі выпадак запамінаю прыкмету: месца там чыстае, а хвоі раскідзістыя. І калі адыходжу ад сумак, прыкмячаю, у які бок.
Ну вось посуд і набраны. Застаюцца толькі літровыя вядзерцы. І тут я, прызнаюся, расслабілася. А калі яшчэ ўбачыла вялікія ягады, арыенцір... страціла. Не, паласу лесу бачыла па-ранейшаму і машыны на шашы чула.  Куды выходзіць, ведала дакладна. Але перакруціўшыся некалькі разоў і дазбіраўшы свой літр, зразумела, што сумак і вёдраў не бачу. Пагукала тату, ірванула да яго... Тады ў адзін бок, другі... Вось прастора, вось хвоі з вершалінамі... Але нічога нашага няма.
Так, не панікаваць! Уключаю галаву. Прыгадваючы, у які бок пайшоў ад сумак тата (бо я – у супрацьлеглы), зноў падыходжу да яго, бяру патрэбны накірунак... Дзесяць крокаў... Сумкі-і-і-і-і-і-і-і!!!! Ды вось жа яны – зусім побач!
Цяпер – на выхад! Кіруем на лес. Тата забірае ўправа. Але там, па-першае, не прайсці з-за паваленых дрэў, а па-другое, мне падаецца, што трэба браць лявей. Памятаючы, што ішлі доўга, рыхтуюся да такога ж вяртання. Але менш чым праз пяць хвілін пад нагамі захлюпала вада... Усё зрабілася падобным да краю балота... І... Пясчаная выспа! Веласіпеды!!!! Мой унутраны радар, быццам просячы прабачэння за папярэдні збой, вывеў да іх бездакорна! Радасныя і ўзрушаныя, ладкуем сабранае на веласіпеды і прастуем да лесу. А там – шаша, кіламетры з два-тры круцім педалі, зноўку разглядаючы лес злева і справа... І вось мы дома!
Пакінуўшы ягад на пачастунак брату і яго сям’і (а ён – так супала! – у гэты ж дзень частуе нас лісічкамі) і сабе на “паесці”, з астатняга робім “пяціхвілінку”. Памытыя ягады перакручваем праз мясарубку, дадаём цукру 500 грамаў на кілаграм, ставім у спецыяльным тазіку для варэння на газ і падаграваем да бурбалак. Затым наліваем-раскладваем у стэрылізаваныя слоікі і закручваем машынкай. Плюс слоікі, якія проста закручваюцца накрыўкай па разьбе.
Паколькі ягады не варацца, вітамінаў там застаецца яшчэ поўна! А затым гэтыя нарыхтоўкі можна есці проста з гарбатай, рабіць з іх карысныя напоі (кажуць, што менавіта буякі выводзяць з арганізму радыяцыю і рэшткі лекаў, іншых непатрэбных рэчываў), варыць кісялі...
Вось аб чым шкадую, дык гэта аб тым, што не ўзяла з сабой у лес-балота фотаапарат, хаця б маленькі. Але таму і не ўзяла, што там было б зусім не да яго. Таму – толькі традыцыйныя здымкі сабранага і атрыманага.
 Цяпер чакаем, калі падыдзе тэрмін на збор брусніцаў і журавін. Ёсць у мяне жаданне назбіраць і іх. А ягады гэта цікавыя, кожная – па-свойму!
Калі толькі зноў не зачыняць лясы для наведвання...


 
  • aksinia, 14.08.2018 19:46 #
    +1
    1
    Ягода моего детства. Дедушка всегда вот так вёдрами собирал. А в этом году купила, попробовала и как-то не очень прониклась. Малина показалась вкуснее, особенно, если без червяков)
    ответить на комментарий
    • sonejka-ja, 14.08.2018 20:42 #
      +1
      1
      Так, буякі (ці дурніцы) вёдрамі збіраць нашмат лягчэй і прасцей, чым чарніцы! Асабліва калі натрапіць на мясціны, дзе ніхто не быў. Ой, а нам наадварот сёлета буякі прыйшліся даспадобы. Мо, што даўно не елі... А маліна -- так, па-за канкурэнцыяй!
      ответить на комментарий
      • aksinia, 14.08.2018 20:44 #
        +1
        1
        Всё равно всё очень полезно.
        ответить на комментарий
        • sonejka-ja, 14.08.2018 20:44 #
          +1
          1
          Згодна! Жывыя вітаміны!
          ответить на комментарий
  • Zveroboy, 15.08.2018 18:05 #

    Зараз да каго ў госці не завітааеш - там у кожнага  кансервавы цэх. кіпіць  
    ответить на комментарий
Ответить автору поста
sonejka-ja
300 постов
Последние комментарии
Lea учора ў 19:37
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}